Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Увага! Поўны змест

   Быў цёплы асенні дзень. Нівы ціха адпачывалі пасля летняй працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі на вырай. Гэтага дня, маркотны і згорблены пад цяжкаю хмараю невясёлых дум, ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле.
   — Галава баліць, рук не зняць, — бурчэў ён, падцягваючыся. — Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і не за кім.
   Так ён сам сабе жаліўся.
   Праўда, у Мацея было трох сыноў: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкаю і двума малодшымі дзяўчатамі астаўся ў хаце на сваёй гаспадарцы.
   Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо не тыя, — а рабі і рабі, працуй без канца... Мардасовічу — за лён, Бізуноўскаму — за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка, але і то лында, і то няхват часу ў пару засеяць. Вось і цяпер — суседзі ўжо даўно пасеялі і пабаразнілі, а Мацей толькі першы дзень выйшаў на сваё і то быў хворы.
   Аднак, перамагаючы сябе, насыпаў жыта ў фартух, напляваў у жменю, чарпануў зярнят і са словамі "радзі, Божа" сыпануў зерне на чорную глебу.
   Зярняты замільгацелі на раллі. А Мацей стаяў з пасалавеўшымі вачыма і шаптаў: "Не магу... Надта ж галава баліць і сон морыць".
   I, не ўкладаючыся і не пасцілаючыся, ён, як стаяў, так і лёг, так і заснуў...
   Спаў, як пласт, упоперак загона з раскінутымі рукамі. Ліцо было бледна, губы чорны ад смагі, дыхаў ён часта і з якімсь хрыпам. Здалёк выглядаў на чалавека, каторага вот-вот раскрыжавалі і прыбілі да зямлі, і так ён паволі канае...
   Мацей спаў і сніў. Сніў ён, што сабралася моц народу на яго ніве: былі там і маладыя, і старыя, і мужчыны, і кабеты, і дзеці — у розных апратках, і ўсе крычалі:
   — Вузка! Цесна! Мала!
   А Мацею здавалася, што і ён сам стаіць пасярод гэтага народу, і што ўсе чакаюць, што і ён сам, Мацей, скажаць, і што вот-вот к яго сэрцу падыходз^ь нейкі жаль, і што ён таксама пачынае крычаць:
   — Вузка! Цесна! Мала!
   Аж, здаецца, выбягае сусед Астап, заціснуўшы кулакі, і крычыць яшчэ мацней ад Мацея:
   — А скуль узяць? Скуль дастаць? Кажы, скуль?.. Тады захістаўся народ і зароў:
   — Глядзіце, во прасторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта наша!.. А Астап:
   — Лжэце! Няпраўда! Не дадуць: то казённае, дворнае, — ні я, ні вы не маем права. Не дадуць, паб'юць!
   Вось далей здаецца Мацею, што з цьмы народу выходзяць яго тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі і становяцца на калені і прысягаюць громка, ясна, паволі:
   — Мы дамо! Мы — сіла! Мы — права!
   Мацей абліваецца потам, сэрца яго б'ецца... I здаецца яму, што ўсё гэта спавіў туман: толькі разоры стаяць поўны крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваны далоні... I раздаецца ціха ясны голас:
   — Мы — сіла! Мы — права!..

1906
 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!