Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цётка - Міхаська

Увага! Поўны змест

Міхась вельмі неахвотна на гэты свет прыходзіў. Тры дні радзіўся. Людзі рукамі махнулі:
— Нічога не будзе ні з мацеры, ні з дзіцяці,— казалі.
Толькі на чацвёрты дзень:
— Угай, угай! — загаласіў на ўсю хату народжаны хлопчык.
Матка глянула:
— Божа, які ж брыдкі! Хаця б шчаслівы быў,— зашаптала бедная кабета, хацела пацалаваць дзіця, адкрыла вусны, але не стала сілы... заціхла... Заціхла так, як песня часам ціхне на найжаласнейшым сваім слове...
У хлопчыка насок з добрую бульбачку; барада — брылем закручана, праз усенек левы тварычак чырвоная пляма радзімая. Адно вочка глядзіць у правы бок, другое — у левы.
— У імя айца і сына! Ось дзе божая кара! — ледзь здолела прабалбатаць бабуля, купаючы першы раз дзіця.
Міхася-сірату запхнулі ў запечак; так ён там і рос, не мяркуючы, як тое дзікае зеллечка пад абваліўшымся тынкам.
Адзін раз зімой парасяты, гуляючы, адкінулі качаргу, памяло і розны іншы гаспадынін рыштунак. Запечатак разявіў чорны рот, а ў ім, як белы зуб, паказалася светла-русая галоўка Міхася. Сонейка на тую пару, праз акно ўлезшы, блудзіла па хаце і, убачыўшы Міхася, падумала: «Бедны хлопчык!» Улезла на прыпечак ды давай забаўляцца з Міхасём: лып, лып па галоўцы дзіцяці колькімі праменнямі. Хлопчык у кудлачках аж паскрабецца з дзіва. А сонейка лып, лып, дрэчыцца далей. Міхась пачаў лавіць сонейка за косы, а тое з прыпечка — гоц, ды за дзверы. Міхалюк у адной сарочцы ўдагонку на падворак: пазаплоткамі ляціць, цешыцца, смяецца. Ажно скуль ні вырвецца воспа; ідзе, брыдзе, пад нос бармоча; спаткаўшы Міхася, аж заіржала з радасці паганка.
— А мой ты сякі, а мой ты такі,— кінулася да Міхася цалаваць, абымаць...
— Адхініся, лупатая! — чуць не ўдарыў яе Міхась, ды лататы ў хату.
Калі распаліць пасля хлопца, мурашкі па скуры гіжаць і ў падошвы смаляць.
— Гвалт! —крычыць мачыха,— гэта ж у Міхася воспа, ён і мае дзеткі заразіць.
Што тут рабіць? Параілася, ды яшчэ глыбей Міхася ў запечак засунула.
Сколькі хварэў Міхась, хіба сам час знае ды тыя прусакі, што з хлопчыкам разам грэліся ў запечку. Толькі пасля воспы, як паказаўся Міхась на хаце, дык ажно куры закудахталі з перапуду. Певень хоць куды смялейшы, аднак стуліў і ён у трубку хвост. «Р-а-б-ы, р-а-б-ю-ю-т-а-н-ь-к-і!» —закукарэкаў і схаваўся ў падпечак, хітры. Выдзерыкуст адразу як мае быць пазнаўся на пекнасці хлапца, бо аб Міхася твар хоць хрэн дзяры. Столькі вываратняў на ім воспа накачала.
Пачаў Міхась у поле скаціну ганяць. Чураўся ўсіх, хадзіў насупіўшыся, не верыў нікому. Як хто на яго глянуў, зараз Міхасю здавалася, што той аб ім думае: «У-у, які рабы, страшны хлопец». На тую пару якраз пасыпаліся прозвішчы ад пастухоў: «Рабы, Галдабыр, Касня...» Куды — на валовай скуры тых прозвішчаў усіх не спішаш. Міхась маўчаў, зубы сцяўшы, а ўпатайне ўсіх ненавідзеў. Кожнаму мсціў колькі мог: дзе каторага пастуха птушку асочаную з гнязда выпара, то торбачку з хлебам у балота закіне і чужую скаціну ў шкоду нажане. Жывіна таксама не зазнала ад Міхася ласкі: бізуном рэзаў кожную скуру; Мацееваму бычку рог скруціў; падцёлцы Канцавога Лукаша збіў клуб. Нат сорамна расказваць,— такія ліхаты выкідваў.
— Пашто ты майму Рабчыку хвост адарваў, касавокі ты асмолак, гад! — сварыцца, на чым свет стаіць, старая Алена. А Міхась не-не ды новую закавыку прыдумае. А як ужо няма да чаго прычапіцца, то хоць мухі ловіць і скрыдлы абрывае.
«Вірутны чорт»,— думалі аб Міхасю людзі. Пастухі збрыдзілі, не падпускалі хлопца да сябе, як вужаку, і Міхась асобна пасвіў сваю скаціну. Праўду сказаць, і сыпалі хлопцу не раз да жывога, але Міхась неяксьці заціснуўся ў сабе, што ні піскне, што ні войкне, хоць ты яго засячы да смерці.
— Божухна, што гэта за дзіця! Проста апускаюцца рукі, ахвота прападае біць,— скардзяца тыя людзі, каму Міхась шкоду зробіць.
Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць, такая, пэўна, вырасла б з Міхася цацка, каб не адно здарэнне.
Была ўжо позняя восень; халодна, туман-на, і дробны дожджык сыпаў імглой, і пачарнелыя поле і луг ляжалі ў нейкім моташна-мёртвым сне...
Пастухі разлажылі агонь. Вялікае вогнішча рагатала, і пяклася бульба. Яська, па прозвішчу Даўгавязы, дуў з усёй сілы ў трубу: тру-тру-у-у-у... ішло рэхам па апусцелым полі, ды шчэ сумнейшай ставала восень. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў. Галоўка яму нешта балела, палалі шчокі. Стуліўся ў клубок, быццам тая шэрая купінка, наточаная кротам. Думкі яго былі невясёлыя, поўныя слёз, бы тыя асеннія хмаркі, нявыплаканыя дажджом. Часам нават скардзіўся:
— Праўда,— казаў,— нягодны я хлопец, усім прыдумваю ліха, але хто для мяне добры? Усе як на ліхога сабаку: «А-ту... а-та-та!»
Горкія словы каціліся з дзіцячых губак, як цяжкія каменні на мужыцкую ніву. Бычок чорны недалёка хадзіў. Міхась, натрапіўшы касымі вочкамі на бычка, яшчэ горай даўся ў жаль:
— Такі чорны гад, як гэты бычок, і той мяне не слухае! Нябось іншых пастухоў баіцца: толькі крыкнуць — зараз адверне рыла ад шкоды, а мяне... каб з цябе скура! — Не вытрываў хлопец, схапіўся і з усяго маху сцебануў па хрыбляціне чорнага бычка. Бычок падскочыў, адбег, аглянуўся. «Павесся!» — здавалася, закляў ён сваім бычачым розумам і пайшоў да стада.
— А-а-а! паскардзіся,— крыкнуў удагонку бычку Міхась і раптам заплакаў: — Агэ-гэ-гэ!..
Не вытрывала дзіцячае сэрца ў маркотны асенні дзень, каб не пажаліцца над сваёй сірочай доляй. Міхасю стала завідна, што нават бычок і той мае да сябе прыхільнае стада...
— Дзяржы! бяры!.. Янук! Ігнат!.. лаві, а-та-та! — загрукацелі цэлай грамадой хлопцы. Беглі, гналіся ўпапярок загонаў за падстрэленым жоравам. Птушка ляцела, падала, уздымалася, бегла, з левага скрылля капала кроў. Нага была перабіта. Хлопцы нямала што ўжо хваталі за пер'е акалечану птушку, але яна не давалася, уцякала, выбіваючыся з апошніх сіл. Угледзеўшы Міхася, мо падумала, што куст або што іншае... згадаеш птушку?! Але, толькі даляцеўшы да хлапца, ударылася ўсім целам у яго грудзі.
— Кр-р, кр-р! — жаласна запішчала.
Міхасю здалося, быццам птушка просіць:
— Ратуй!.. ратуй!..
Шасць — Міхась абхінуў жорава поламі рванай світкі і растапырыў рукі.
— Аддавай, рабы! — закрычалі хлопцы.
— Не дам!
— Аддавай!
— Не дам!
— Аддавай! — крычалі пастухі, абступіўшы цесным кругам, турзалі Міхасём, як высахшай галінай.
— Адыдзіце... ёй... не турзайце...— застагнаў Міхась,— пад сэрцам цісне... Пусціце! — Хлопец хапіўся за грудзі.— Ёй... ёй... што ж гэта...— не паспеў дагаварыць, збялеў, як палатно, і асунуўся ў разору.
Пастухі перапалохаліся.
— Вады! — скамандаваў найстаршы.
— Міхась, Міхаська, братка, мы табе жорава аддамо,— пачалі ўгаварваць, падымаць, качаць.
Хлопец ляжаў, бы надломаная саломінка. Задыханы, прыляцеў Янук з поўнай шапкай вады. Адчынілі козікам зубы, улілі колькі капляў вады.
— Міхась, братка, ці чуеш?
Цераз паўмінуты Міхась уздыхнуў, губы пачалі чырванець.
— Перанясём,— азваўся каторы з хлопцаў. Асцярожна ўзялі пастухі Міхася на рукі і перанеслі да вогнішча. Міхась, як адкрыў вочы, бачыць — вогнішча палае, пастухі каля яго кратаюцца, кажушок пад галаву падлажылі, галля ў агонь падкідаюць, каб цяплей было; жораву скрыдлы падвязваюць, хлеб крышаць.
— На,— кажуць птушцы,— еш, пасля Міхась цябе накорміць ячменем.
Міхася сірочае сэрца ўлёт дабрату хлопцаў зразумела. Хоча да іх загаварыць, падзякаваць, але галоўка цяжкая, векі ліпнуць, а нешта ўнутры шэпча: после, после.
Ледзь пастухі адвялі Міхася дахаты. Жорава забраў з сабой.
— А гэта што? — накінулася мачыха і хапіла жорава за скрыллі і выкінула ў сенцы.— Ты зноў хворы? Думаеш, буду з табой цацкацца, дармаедзе?!
Міхась прысланіўся ў качарэжніку, стаіць, бы асінавы пеньчык. «Спаць, спаць!» —ласяцца думкі.
— А гыля... а гыля! — вылецела мачыха гусей адагнаць ад карыта.
Міхась азірнуўся сонна, зачэрпнуў жменю гароху з апалушак, падняў жорава і палез у запечак.
Цёмная чэлюсць скрыла дзве бяссільныя крыўды...
Пастухі ўраіліся Міхасёву скаціну пасвіць. Часам каторы з хлопцаў забягаў на птушку падзівіцца.
Птушка хутчэй папраўлялася ад Міхася; але сядзелі разам у запечку, не раз страшэнна галодныя, бо мачыха абодвух ненавідзела. Як выходзіў жораў, то зараз гналася з пожахам за ім.
— Бедны клыбачка, галодны! — літуецца Міхась над жоравам.
— Кр-р! — як бы адказвае птушка.
— Нудна табе, сірата ты мой: радня вылецела далёка, пакінула цябе аднаго. Не плач! бо і я таксама адзін, як той калочак у плоце; матулька ў пясочку ляжыць, не прыйдзе сынка хворанькага адведаць... Як выздаравееш,— узнімемся на скрыллі і паляцім далёка, далёка... аж пад сонейка яснае... Праўда, клыбачка?
— Кр-р!
— Эх ты, жораўка, братка ты мой родненькі! — цалуе па пер’і хворы Міхась птушку.
Жораў Міхася слухае, аднак свой розум мае. Хутка прыгледзеўся і зжыўся з хатнім парадкам. Гаспадыні пад ногі не лезе. Парасяты, як лішне прыстаюць да малога дзіцяці, так іх зараз дзюбай карае. Над курамі стаў праўдзівым ваяводам: да парадку прыводзіць, і ні адна не адважыцца ўзляцець на лаву,
— Каб ты здохла, якая ты разумная птушка! — падчас удабрухаецца мачыха і падсуча жораву свінога цеста.
Ужо былі добрыя прымаразкі, як Міхась пачаў выходзіць на хату. Белы, як сняжыначка, нічога не баліць, толькі часам закашляе. Зрабіўся паслухмяны, спакойны, задуманы. Бульбу мачысе скрабе і дзіця гадуе, хату падмятае. А жораў — быццам хвост хлопцаў: ззаду ходзіць — не адстае.
Адной лыжкай ядуць, разам спяць. Міхась, здаецца, сваю сарочку ўзлажыў бы на жорава, каб гэта выпадала.
— Жораўка, пацалуй! — Міхась падстаўляе шчокі. Птушка грымзае дзюбай па твару, а сіраце здаецца, што яго і сапраўды цалуе. Цешыцца — не нацешыцца хлопец.— Пачакай, клыбачка, прыйдзе вясна, пажанём кароўку ў поле і скруцім дудку, будзем іграць! — жупяць — не нажупяцца сабе два хваравекі.
Час ім хутка ідзе, быццам вада плыве. Вечарам бывае, што прыйдуць вясковыя хлопцы паглядзець на жорава, казкі часам расказваюць...
Міхась пад вясну неякасць стае лянівейшым: усё яму хочацца больш паляжаць; з хлопцамі адпала ахвота кумпанства вадзіць. Работа, прызначаная мачыхай, часта ляжыць непачынанай, а за гэта мачыха часцей куксае хлопца. Міхась з жоравам вытварылі сабе нейкае асобнае жыццё, без слоў разумеюць адзін другога; з сабой не расстаюцца.
Хутка праляцела зіма; павеяў цяплейшы вецер; пачаў снег сходзіць, і мухі забарабанілі на вокнах. Але Міхась ужо не прывітаў вясны, не выбег на вуліцу. Ляжаў, як аплатачак сухенькі, таяў, як васковая свечачка. Усе ведалі, што Міхасёвы дні палічаны ўжо.
Мачысе сэрца падказвала:
— Хутчэй бы дайшоў...
Жораў не хадзіў, як калісь, па хаце, але стаяў у кутку, крыллі апусціўшы, і думаў нейкую, людзям незгаданую, птушыную думу. Не было каму птушку накарміць, не было каму з птушкай пажупіць.
У чацвер раніцай сонейка цэлай галавой укацілася да хаты.
Куры закудахталі з вялікай курынай радасці. Кот Мацей, скочыўшы з печы, пачаў мыцца. Гудзелі на шыбах мухі.
Парсючок рабенькі, разваліўшыся ля парога: рох-рох-рох,— славіў свінскім абычаем
прыйшоўшую вясну.
Мачыха набільніцамі — та-та-та-та — стукала, ажно рэха па вуліцы ёй адгуквала,— ткала шарак.
— Мама! — азваўся змененым голасам Міхась.
У мачыхі сціснулася горла ад страху. «Смерць!» — віхрам праляцела ў галаве кабеты, бо Міхась ніколі яе не зваў мамай: неяк без гэтага абыходзіўся ў гутарцы.
— Мама... мамачка! — клікаў прыспешным голасам.
— Зараз бягу, Міхаська, чаго хочаш?
— Дай мне жорава.
— Міхаська, а мо хочаш малачка?
— Не, нічога не хачу, дай мне толькі жорава.
Мачыха паднесла жорава, паставіла на пасцелі, а сама бягом на вёску склікаць баб.
Пакуль сышліся кабеты, Міхась ужо ляжаў мёртвы. Жораў лапатаў крыламі, тоўкся з кута Ў кут...
— Кр-р, кр-р! — жаласна пішчаў.
Куры кудахталі:
— Куд-куда! куд-куда!
— А-у-у-у!..— не вытрымаў пад сталом Лыска і жаласна завыў, і толькі падсвінак рабенькі ляжаў ля парога і радасна: рох-рох!..— хваліў свінскім абычаем вясну.
На хаўтуры сабраўся народ. Нават старая Алена, у каторай калісь Міхась Рабчыку хвост адкруціў, стаяла пры мачысе ды адчытвала аванэлю па нябожчыку Міхасю.
— Бедная ты, суседачка, ато ж табе смутак, гэтакі хлапец удалы быў. Гэта ж жарты? каб ён каму грушачку зглуміў або агурочак вырваў...
Жораў, забіўшыся ў качарэжнік, прымкнуў вочы. Хто яго знае, ці ён спаў, ці яму было брыдка слухаць Аленіных слоў... а мо хацеў сабе запамятаць ноту хаўтурнай песні.
— Вечны пакой яго душачцы! — загула ўся хата.
Прыкрылі станом дамавіну і пачалі выносіць на могілкі. Жораў зварухнуўся, азірнуўся па ўсіх кутах і выйшаў за дамавінай. Людзі дзівам задзівіліся і далі дарогу птушцы. Сумна, важна, як сплаканая маці, жораў першы пайшоў за Міхасём.
— А-у-у-у!..— завылі бабы ад птушынай мудрасці. Пастухі цеснай грамадкай дзяржаліся ўсю дарогу паблізкасці жорава.
Прыйшлі на могілкі і апусцілі дамавіну з Міхасём у выкапаны дол. Пачалі засыпаць.
— В-е-е-чны па-а-кой...— застагнала песня над свежай магілай; жораў задрыжэў, колькі разоў пахіснуўся на нагах і лоп-лоп... узмахнуў шэрымі крыллямі і ўзняўся да па-лёту.
Паволі, цяжка птушка падымалася ў воблакі, бо несла з сабою вялікі жаль зоркам ясным, хмаркам белым...— Кр-р, кр-р!..— скардзілася гарачаму сонейку,— кр-р, кр-р!..— расказвала напатканым брацейкам-жоравам...
Цяпер могілкі параслі ўжо дзёрнам, і там зялёна кругом. Як вокам сцяць — густы лес шуміць. На магілцы Міхася крынічка стаіць, і завецца яна «Жураўліныя слёзы».
Асенні вецер гудзе, казку сумна нясе.
Жоўты ліст сцелецца зямлёю і ціха, ціха на задушкі ў цёмную ночку шэпчацца з крынічкі вадою. Я падслухала гоман той пажоўклага лісця з крынічкі з чыстай вадой і цяпер вяду сказ, як калісьці жыў Міхась у запечку нашых хат — беларус малы, брат. 

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - З прыску ды ў агонь

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)