Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзіслаў Галубок - Адвакат

Увага!!! Поўны змест

   Нацягаўся Рыгор па горадзе, пакуль распытаўся адваката, каб просьбу напісаў на Ігналя Сіамітку за зямлю.
   – Такі знайшоў! – уздыхнуў Рыгор і чуць не ракам папоўз па ступеньках. – Але ж і забраўся, каб ты выдах! – мармытаў Рыгор. – Пад самае неба. I чаму было кватэру не абабраць, ну, хоць бы каля шынка: там і грыўню лягчэй пераняў бы, і чарку калі-нікалі ўлавіў бы.
   Гэтак, гукаючы сам з сабой, падышоў да дзвярэй, нясмела адчыніў іх і пераступіў парог.
   – Ці ёсць пан адвакат? – спытаўся ў кабеціны.
   – Ёсць, а нашто?
   – Ды вось я з Ігналем ніяк не разбяруся, другі год пайшло, а ён не тое каб грошы, і ў вочы не плюне, а з зямелькі тым часам карыстаецца...
   – Крыху пачакайце.
   Рыгор перавёў дух, паставіў у куточку кій і толькі хацеў закурыць табакі, аж бач – выходзіць, мусіць-то, сам...
   – Што скажаш, чалавеча?
   – А вось, паночку, да пана, каб жалабу напісаць на Сіамітку: другі год ужо сядзіць у маёй сялібе, есць бульбачку дарэмную, а мне за гэта, не тут кажучы, хоць бы што...
   – Добра. А пяць злотых маеш?
   – Пяць не пяць, а што тры, то хоць зараз...
   – Кладзі грошы.
   Рыгор, як відзіш, шморг у капшук, адлічыў тры залатовачкі і паклаў на стале з самага беражка.
   – Сядзь! – буркнуў адвакат.
   – Сядзелі, – адказаў Рыгор. А сам і рад быў бы спачыць, але як глянуў на мэблю, то падумаў, што, можа, залатоўку, а то і дзве возьме за адпачынак, дык лепей не трэба.
   Адвакат расклаў паперу і заскрыгаў пяром. Рыгор быў няграматны, але як угледзеў, што адзін ліст папсаваў адвакат, другі, то падумаў, што дрэнная будзе справа: пэўне не напіша, а Сіамітка гэтым часам жуе там яго бульбачку і мадзее ў хаце.
   А тут яшчэ адвакат паклаў пяро, ушчаміў у руцэ нейкую дрывотнінку, пашморгаў, пашморгаў ёю па паперы, а тады пахукаў разы са два, па паперы смаргануў ды ўжо за трэці ліст бярэцца.
   Рыгора ажно ў жар кінула.
   – Што гэта, – думае сабе, – будзе? Два-тры словы пяром скрыгне, глядзь, ножыкам, а то нейкім ражном ужо і выдзер!.. Во, набрыдзь!
   I, азірнуўшыся на дзверы, Рыгор згроб са стала свае тры залатовачкі дый кажа:
   – Выбачайце, паночку, што запуталіся, але, мусі-то, я не сюды трапіў, бо пан не іначай сталяр ці габляр, а мне адвакат патрэбен.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!