Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Галубок - Навальніца

Увага!!! Поўны змест

   Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохшым садам збіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзлі па шэрым, як арыштанцкі армяк, небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй к сонцу, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.
   Спужаўся і задрыжэў сад, бо прадчуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць без міласці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў смела і адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.
   Што значыць яму навальніца?
   Ці раз бывала, што віхуры парываліся схіліць яго к зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі смяяўся над непагодай.
   Ды і, так сказаць, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў свае карэнні, даючы ім вольна расці і ўшыр і ўдоўж, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.
   Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад не меў вока на яго за тое, што карэнні забіралі ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такой бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.
   Цярпліва пераносілі крыўду заглохшыя дрэўцы і час ад часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыццё цененькія лазінкі і алешынкі.
   I ніхто з іх не ведаў, якая доля чакае таго дуба-велікана...
   Тым часам пад зямлёй, дзе крэпка спляліся яго карэнні, жыло шмат маленькіх ворагаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу; хоць гэта і марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэннях. I настаў дзень, калі на падмогу працы спрытных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і не схіляў прад ёй сваёй галавы.
   Хмары, як непрытомныя, паўзлі ўсё бліжэй і бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў стоўб, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і ўдарыў пярун.
   Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся спаткаць націск, як калісь бывала; тым часам хмары ўжо напаўзлі на сонца, згасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей.
   Задрыжэлі цененькія дрэўцы, прыляглі к зямлі і чакалі смерці. Задрыжэў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.
   – Глядзі, суседка! – шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасне. – Глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка і яму прыйшлося...
   Але не дакончыў арэшнік, і не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся і зваліўся апалены дуб. I без ліку пахаваў пад сабой маленькіх дрэўцаў.
   Навальніца, як цёмны аграмадны птах, уцякала далей. Дождж сціхаў, і дзе-нідзе з-за хмар паказвалася яснае неба.
   Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане: з прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер не гінуў ад вечнай засені, і ўсім стала прасторна.
   Пачарнеўшы пень старога дуба дзіка глядзеў увысь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.

Похожие статьи:

Іван МележПалеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая

Пераказы, дыктантыНавальніцы

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Красавіцкая навальніца

Пераказы, дыктантыНавальніца на возеры

Пераказы, дыктантыЧэрвеньская навальніца