Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...

Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна...

Мітусіцца лісцё па аселіцы,
як дзвіна матылькоў-мітульгі.
I узвее яна, і пасцеліцца,
распаветрыцца на берагі.

А яны, берагі беражыстыя,
не стрымаюць асенні напеў.
I ліецца, віецца сукрысты ён,
і разгортваецца каля дрэў.

Прытулі, прыхіні на апошняе
і згадай гэты дзень залаты,
што над пушчай, згалелымі пожнямі
рассыпаў залатыя лісты.

Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
на акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
яна можа і сэрца спаліць.

Не бядуй, не гаруй - пад цяжарамі
мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
з-за балота мігціць, за выгарамі
прамяніцца пярэстая гаць.

Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для усіх не бывае аднакавы,
як для тых засмучоных лістоў.

Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою - бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
кармазынам гарыць небакрай...

1922

 

 

   Узорам пейзажна-філасофскай лірыкі можа служыць верш «Залатая, асенняя раніца...» (1922). У вобразна-слоўнай плыні твора пераважаюць яркія, светла-залацістыя фарбы, тонкі лірызм, надзвычайная пачуццёвасць. Уразлівая натура лірычнага героя знаходзіцца ў палоне пачуццяў ад сузірання дзіўнай прыгажосці. Пярэсты восеньскі пейзаж залатой асенняй раніцы будзіць у душы героя спагаду і замілаванне да ўсяго светлага, патрэбу выказаць перажытае, запаветнае. Асенняя пара згасання, замірання прыроды навявае ў душу светлы сум, шчымлівую згадку, роздум пра бясконцасць жыцця. Вытанчанасць лірычнага пачуцця трымаецца не столькі на зрокавым уяўленні, колькі на псіхалагічных асацыяцыях. Створаная жывапісная карціна выяўляе чароўную прыгажосць, разлітую ў прыродзе. У вершы надзвычай тонка ўзнаўляюцца дэталі, ледзь заўважныя для вока драбнюткія адценні восеньскай раніцы. Пра тое, што перажыты стан прыроды вельмі дарагі і блізкі паэту, можна меркаваць па вобразах-карцінах, якія трымаюцца на паўторы слоў і сугуччах («матылькі-мітульгі», «берагі-беражыстыя»), на ўзмацненні кантэкстуальна сінанімічных дзеяслоўных груп («I узвее яна, і пасцелецца, / распаветрыцца на берагі»; «I ліецца, віецца сукрысты ён, / і разгортваецца каля дрэў»; «Прытулі, прыхіні на апошняе / і згадай гэты дзень залаты,»; «Не бядуй, не гаруй; я прыйду, я вярнуся»),
   Нягледзячы на тое, што ў вершы ўзноўлена «развітальная хвіля», у цэлым лірычнае перажыванне пазбаўлена адзнак роспачы, журботнасці. У ім пераважаюць светлыя, мажорныя тоны, жыццялюбны настрой. Драматызм прыглушаны, вынесены ў падтэкст. Апісанне асенняга пейзажу, зробленае з надзвычайным замілаваннем, унутраным трымценнем і цеплынёй, дапамагае абвастрыць момант развітання, як можна меркаваць, з каханай.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!