Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Гарэцкі - Лірныя спевы

Увага! Поўны змест

   Цёмна ў лесе глухім, як у магіле.
   Неспакойна трапечуцца лісточкі на бярозах, і трывожна гудзяць макаўкі сасновыя. Нярана ўжо, час а поўначы, а гэта ночка купальская...
   Бліснуў аганёк каля чорнага пня. Што тама? Ці грошы заклятыя на зямлю выходзяць, ці, можа, чарвячок купальскі свеціцца?
   — Ку-га! Ку-га! Ку-га-га...— страшна рантам заскігатала нешта за балотам у гушчарніку. Ой, што там? Ці русалка на веццю бярозавым гутаецца, ці сава лепавухая зайчыка гукае к сабе, заесці хоча?
   Вось цяжка залопала крыллем нейкая птушка ў суччы і ў пушчы знікла. Адкуль яна ўзялася аб такой пары?
   Ох, добра, — ветрык свежы падуў. Ківаецца ля дарогі над калюгаю лазовы куст, а там, за ім, нехта чорны выступае... Пень абгарэлы там, ці што яшчэ.
   Нярана ўжо, час а поўначы, а дарожка нявідная ўсё цягнецца без канца па цёмным лясу. Калі йшчэ тое поле Залясянскае, а страшна тут аднаму.
   Карэнне па дарозе парасло, няможна шпарка бегчы. А чорна ўсё, ані жывой душы.
   — Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй! — шэпча Янка, узіраючыся ў цемень лесавую; не хоча ён думаць аб нечысці паўночнай, паціху шчупае кійком дарогу перад сабою, ступае нячутна, але каб скарэй. А валасы на лбе мокры і сцюдзёны.
   — Дай, божачка, толькі акопы мінуць. Толькі акопы, акопы...

   А тыя акопы, знямеўшы, спяць у чорнай цьме.
   Каб не мова людская, дык ніхто б і не ведаў, што калісьці тут слаўнае Замчышча князёў Саламярэцкіх было, жыццё кіпела. Грымелі гарматы, курыўся дым ад пораху, і лілася чалавецкая кроў. А ў святы вялікія хмель-віно ў чарах пенілася, ігралі гуслі-самагуды, пяялі старэцкія ліры, стогн стаяў ад гоману людскога, і многа чаго дзеелася, што ўжо навекі пахавана для пазнейшых часоў.
   Высака дзяржалі князі Саламярэцкія знамя зямелькі свае, знамя бела-чорна-чырвонае, не згібалі галавы прад цяжкаю сілай Маскоўшчыны, не хіліліся і прад хітраю прычэпкаю — Польшчаю...
   А цяклі часы, упадалі на сілу магутныя, і нечакана ўзнасіліся ўгару непрыметныя, уміралі князі слаўныя, выраджаўся князёўскі род. Памёр маўчлівы сівавусы Мсціслаў, і асталася на ўвесь род адна наследніца — дачушка яго дрыжоная, ненадзейная княжна Ганначка.
   Прыгожая яна, як краска божая, а розум дзявоцкі і сэрца мела дзявоцкае...
   Моліць бога стары поп, мніх Грыгоры: «Удзяржы ўладу князёў маіх, прасвятлі вочы княжны маёй на карысць усіх радзімічаў...»
   I гаворыць мніх Грыгоры прыгожай Ганне-княжне: «Ох, ты мае княжна-дзіцянё, божая служэбніца, а падданых сваіх заступніца, слаўная ты наследніца слаўных князёў Саламярэцкіх, не дапускай ты к сабе паніча польскага, княжыча Уладыслава Ваябойскага, не слухай ты соладка-атрутных прамоў спранджыстых настаўнікаў яго, беражы пасад прадзядоўскі і веру сваю святую праваслаўную беражы...»
   Слухала папа, не гледзячы на яго, княжна маладая.
   I без адказу ішоў ён, стары, маліцца богу ў ціхай цэркві, пабудаванай шчэ старым князем Лугквенім.
   А княжна Ганна часцей ды часцей да сябе Уладыслава, княжыча Ваябойскага, дапускае, часцей ды часцей яму ў вочы маладыя пазірае...
   Не цвёрда стаіць пасад князёў Саламярэцкіх, у апасцы ад лаціны і вера праваслаўная. А ходзяць чуткі — маскоўскі ўладар сваю раць на Літву Рускую паслаў пад старыя муры старога Саламярэцка.
   — О божа наш! О княжна мая! — стогне поп, мніх Грыгоры. Няма ўжо яму на што спадзявацца.
   Дарма! Усё канец мае...
   Сыплецца цэгла, і пыл ідзе над сценамі замчышча, гудам гудзіць пад кулямі маскоўскімі Замкавая Гара, заслаў дым усё поле ваеннае, равуць валы вайсковыя, ірзуць коні літоўскія, гудзяць званы хаўтурныя, льецца кроў...
   Плачуць маткі па сынах сваіх, а дзяўчыны плачуць па любых сваіх, туга вялікая агарнула дзяцей Саламярэцка, льецца кроў...
   А ў падземным ходзе-лазе з-пад родных муроў-скляпоў у Цёмны Лес нясуць княжну Ганну вусатыя, у кунтушох і з пяром па шапцы, дружыннікі княжыча Уладыслава. Пакідае бацькаўскае гняздо астатняя галінка з вялікага радаводнага дрэва саламярэцкіх князёў.
   Незабавам... Вось ужо чутны плескачы і гоман ручая сцюдзёнага, вось і дуб векавы, а каля яго і ход-лаз падземны на зямлю выходзіць. Як самлела княжна Ганна ў Замчышчы, так і цяпер непрытомна йшчэ. Але патроху-паціху расплюшчыла вочы дзявоцкія, памаленьку, з нудою, усё ўцяміла. Абхапіла ручкаю белаю невялічкай касу доўгую, чорную, што ў дарозе сплуталася, прыціснула да грудак сваіх і слязамі, як каралі добрыя, буйнымі змачыла іх, шэпча сама: «Пасад мой... Уладзя, Уладзя, забарані мяне...»
   — Гэ-гэй! Стойце, стойце, патрывайце, ляхі!.. — чутка, — задыхаўшыся, бяжыць нехта ззаду. Аж гэта поп Грыгоры. Бяжыць угрунь, вочы гараць, белы сам, як смерць, у руцэ святы крыж дзяржыць...
   — Ці... ці не... ці не ўнучку славетнага Лугквеня, князя нашага, у стане ляхаўскім віджу я? Ці то праўда, ці то здаецца мне, што заране так княжна Ганна Саламярэцкая з роднага кута ў чужадальнюю старонку ляціць?..
   — Маўчы, манах! — прастагнала княжна.
   — Няможна маўчаці мне, што не маўчаў пад гром гармат і кульны свіст на маскоўскіх і польскіх палёх з князем Лугквенім і сынам яго Мсціславам, няможна мне маўчаць і прад іхным дзіцёнкам... Куды бяжыш, княжна? Яшчэ моцны муры саламярэцкія, не наломаны паркан замковы, яшчэ ёсць гарбузы і арэшкі на маскоўцаў у скляпох нашых, і не гнуцца шчэ нашы людзі, княжна! Многа скарбаў дзядоўскіх захована ў нас, немалы шмат золата і каменняў драгацэнных у святынях нашых, — адкупімся ад Маскоўшчыны, а не пабяжым шукаці помачы ў лацінікоў, куды дзяды нашы не бегалі і нам заказалі...
   — Манах! Маўчы! Уладыслаў мой любы абароніць наследдзе бацькоў маіх...
   — Абароніць... Княжна, княжна! Так абароніць, што парушацца косці князёў нашых у трунах і попел іх разляціцца. Ня хочыць Польшча Русь Літоўскую сястрой роўнай лічыць, дык ня будзіць ні Літвы, ні Польшчы, а будзе магутная бесканечная Маскоўшчына. Гора нам! Не бяжы, княжна! Адкупіся пакуль што ад маскоўскіх ваявод, а там што бог святы дасць. А пакінеш Саламярэцк цяпер,— не будзе ўжо, не будзе нашага незалежнага Саламярэцка...
   — Не... гэй, хлопчэ, гукні дружыну, вядзіце коні... Ступай, Грыгоры!
   Страшны стаўся поп сівы. Высака ўзняў святы крыж, падняў рукі і на калені зваліўся. Балюча паглядзеў услед княжне Ганне і на неба зірнуў.
   — Божа наш! — крыкнуў ён. — Судзі нас, судзі мяне... Канец нам. Наша княжна пакінула нас, сплутала з Польшчаю і Маскве аддала. Вун склычыліся ў бягні валасы яе, дык ніхай жа расклычыць іх. Ніхай расплутывае, аж пакуль і мы з Масквою ды Польшчаю расплутаімся...
   Задрыжэла зямля, полымя шуганула са ўсіх бакоў, пад грукат гармат і стогны байцоў шухнула ўсё аж на мілю кругом у зямлю наскрозьдоння...

   Прайшло многа вякоў, і толькі акопы, старыя акопы — сведкі старадаўшчыны, асталіся. А ў ночку таёмную купальскую чутны там званы грухія, жалобныя, і грукат гармат, і енкі скалечаных, і спевы манастырскія, і дзявоцкі плак няўцешны.
   Страшна тут, а йшчэ далёка Янку да поля таго Залясянскага, а вось-вось і акопы старынныя.
   — Гру-гу-гу...— усхапіўся вецер, і захістаўся лес, завыў, застагнаў. Падгібаюцца ногі ў Янкі, і відзіць ён воддаль дарогі каля глаўнейшага акопа чырвонае нешта: ці маладзік усходзіць там, ці агонь гарыць, можа, цяпло хто расклаў.
   — I васкросніць бог, і разбягуцца ўрагі яго... — чуць крататочы сухім языком, зашаптаў Янка, і цяпло стухла на міг. Але раптам асвяціўся лес; зірнуў Янка — скрынка вялікая стаіць, на ёй дзяўчына валасы чэша, ды ніяк расплутаць не можа, а па баках яе два чорныя сабакі на ланцугах рвуцца.
   Хацеў Янка пераксціцца, ды загледзеўся ён на дзяўчыну, шкода яму стала яе.
   Маладая, белая, прыгожая, толькі вочы хавае, а слёзы буйны я, як раса ранняя, па шчаках цякуць. Косы, як вужакі, абхапілі галаву і грудзі, і часам як агонь ад іх пыша.
   — Распляці-і мне, распляці-і мне... Усё, усё табе аддам, навекі шчасліў будзеш, а сабак, слуг маіх верных, не бойся. Ой, пашкадуй ты мяне, распляці ж, распляці мне косы мае, о-о-о!..
   Закалацілася сэрца ў Янкі, падышло пад горла ад жалю, і слёзы накруціліся.
   А сабакі так і гаркочуць, так і выскаляюцца, агонь з рота пыша, а зубы што кляцы жалезныя.
   Расперазаў Янка свой чырвоны паяс: «Ніхай крапчэй сабак прывяжыць»,— падумаў і кінуў княжне маладой.
   Загрымела скрыня, зазвякалі грошы ў ёй, як шалёная: «Ой! баліць!» — крыкнула княжна, быццам той паяс агнём пекануў яе.
   — Зачапіў ты мяне, а не вызваліў, буду я мучыцца яшчэ столькі, — заплакала яна жалобна і злосна, — будзь жа ты пракляты, як проклята я! — дабавіла і знікла пад зямлёю са скрыняю, з сабакамі і з паясам Янкі...
   Знямеў Янка.
   А ўжо чорна наўкруг, як і раней, лес шуміць, заблішчэў скора і просвіт поля Залясянскага.

   Чыя ліра плакучая, чыя чутна там каля цвінтару муровага над старой ліпінай дуплінястаю? Што гэта за старац сляпы з белымі, як воўна белая, валасамі і мутнымі невідушчымі вачамі іграе там? хто ён гэты, што пяе аб княжстве саламярэцкім?
   — То Янка Прокляты.
   Адкуль ён, хто ён — ніхто не ведае ў тутэйшых месцах.
   А калі запытаюцца ў Янкі людзі:
   — Гдзе ж твая, дзед, радзіна?
   — У бога, — сумна і паважна адкажа ён.
   — А ці меў жонку, дзед, а дзеткі ці ёсць?
   — Пахаваў жонку, пагарэлі на пажары дзеткі, пагарэла дабро, і хатка, і конікі, і кароўкі, і ўсё. А зямелька неўрадліва мая...
   — Якій ты жалобны, дзядуля, — скажуць яму, а ён паводзіць прад сабою невідушчымі вачамі, падтрахне хатыль на плечах, ліру абправіць, крэкне:
   — Дзякуй богу за ўсё, усё пад ім, а ён адзін бяссмертна над намі, — і пад ліру сваю старэцкую запяе сумную-сумную песню аб княжне Ганне Саламярэцкай, і аб часах Літоўскай Русі, і аб уладарстве князёў саламярэцкіх над радзімічамі.
   Плача ліра, і плачуць бабулькі ўбогія, і маладухі, і прыгожыя дзяўчынкі...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!