Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Гарэцкі - Літоўскі хутарок. ГДЗ

   Суровая праўда аб імперыялістычнай вайне паказана Максімам Гарэцкім у творы «Літоўскі хутарок». Вайна зацягнула ў свой пякельны вір і літоўскіх хутаран. У творы гэта адчуваецца праз успрыманне персанажаў, асабліва Яна Шымкунаса, на вачах якога за кароткі час рушыцца ўсё ранейшае жыццё.
   Вынікам першага бою стала забойства трох тысяч рускіх на адной пазіцыі. На полі, дзе столькі гадоў руплівыя гаспадары сеялі збожжа і збіралі ўраджай, цяпер ляжаць, бы снапы жыта, салдаты.
   «Ян ездзіў з падводаю збіраць па пахаці забітых. Перад вечарам вярнуўся маўклівы і замораны... I кажучы аб другое, бачыў перад сабою ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору і кроў. I як ён, прывёзшы іх да брацкай магілы, па загаду санітараў хапаў за ногі, як дубцы, і кідаў з калёс у яму, нібы дровы».
   Пісьменнік апісвае вайну ва ўсёй праўдзе, без рамантызму і гераізму, без якога-небудзь узвышанага пафасу. Усё, што здарылася з хутаранамі, а асабліва з Янам і яго сям'ёй, гаворыць аб безабароннасці чалавека перад тварам вайны.
   Жудасныя падзеі адбыліся на хутары, калі туды прыйшлі немцы. Знішчэнне набыткаў, разбурэнні будынкаў, знявагі цярпелі хутаране. Фізічнае і духоўнае прыніжэнне прыйшлося вынесці і абедзвюм дочкам Яна. З крывавай сутнасцю і жорсткасцю вайны сустрэліся мясцовыя жыхары.

   З пачаткам ваенных дзеянняў узнікае трывога за лёс літоўскага хутара, бо спакойнае жыццё парушана. Спачатку думкамі пра вайну і мабілізацыю, пасля — непасрэдным удзелам у нечым недарэчным, страшным, што ніяк не адпавядае нормам жыцця.
   Вайна ніколі не шкадуе мірных жыхароў. Старыя людзі гэта ведаюць, таму перажываюць за моладзь, думаюць, як абараніцца... «А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо трохі і прывыклі, што вайна».

   Падзеі вайны падаюцца праз успрыманне цывільных асоб таму, што гэтыя людзі ведаюць цану мірнага жыцця, умеюць спачуваць, любіць жыццё і людзей. Яны па-іншаму глядзяць на вайну, якая для іх з'яўляецца страшнай недарэчнасцю. Уражанні гэтых людзей яскравыя і запамінальныя, эмацыянальныя і праўдзівыя.
   На першы план вылучаны гаспадар літоўскага хутара Ян Шымкунас. На яго вачах рушацца пабудовы, нішчыцца гаспадарка, адбываюцца здзекі з людзей. Затым на першы план выходзіць яго дачка Ядвіся, якая дзівілася таму, што адбывалася вакол хутара, якая не магла ўцяміць, чаму людзі забіваюць адзін аднаго.
   Твор будуецца як пастаяннае чаргаванне ваенных падзей і мірнага жыцця сям'і.

   Заключны эпізод падаецца праз успрыманне салдата рускай арміі Сініцы, Аўтар зрабіў гэта таму, што рускі салдат быў сведкам мірнага жыцця літоўскай сям'і, калі хутар быў заможным, а жыхары яго вясёлыя і здаровыя. Ён адным з першых апынуўся каля хутара разам са сваёй батарэяй у самым пачатку вайны, Ён бачыў, якім быў хутар да жудасных ваенных падзей і якім стаў пасля страшэннай бойні. Сініца не пазнаў хутарок і яго гаспадароў, там усё так змянілася: «Дзіра ў столі вялікая, адтуль свеціць. Хата сцюдзёна, як пуня». Ян даўно «не галіўся, не часаўся, змарнеў». Даміцэля «саўсім ужо сляпая», дзяўчаты не паспелі выехаць.

   У станаўленні беларускай ваеннай прозы Максім Гарэцкі адыграў вялікую ролю. У сваіх творах пісьменнік не толькі паказаў праз лёсы людзей антынародную сутнасць вайны, але і заклаў падмурак ліра-філасофскай і дакументальна-мастацкай прозы, узбагаціў яе глыбінёй псіхалагічнага аналізу нацыянальных характараў, ацэньваючы іх з вышыні агульначалавечых духоўных каштоўнасцей. У вельмі складаны для Беларусі час Максім Гарэцкі стаў мастацкім летапісцам лёсавызначальных для краіны гістарычных падзей. Дакументальная аповесць «На імперыялістычнай вайне», аповесць «Ціхая плынь» і іншыя творы пісьменніка без усякага красамоўства сведчаць, якое гэта пекла — вайна.
Сцісласць апісанняў, уменне намаляваць характар чалавека некалькімі штрыхамі, але выразна і запамінальна, глыбокі псіхалагізм у паказе перажыванняў герояў — характэрныя асаблівасці прозы Гарэцкага.

   Твор Гарэцкага аб імперыялістычнай вайне стаў такім самым праўдзівым сведкам пра той жудасны час, як раманы Эрнэста Хэмінгуэя «Бывай, зброя!», М. Шолахава «Ціхі Дон», А. Талстога «Блуканне па пакутах». Пра Першую сусветную вайну пісаў у сваіх вершах і беларускі пісьменнік і паэт Алесь Гарун, лірычны герой якіх не вітае вайну, але мусіць ісці на яе, «калі кліча агульны прыказ». Разважанні аўтара «Сорам і ганьба для свету вайна, / Як ні мяркуй, ні судзі; / З боскіх законаў смяецца яна...» прымае чытач, бо яны справядлівыя. Такі самы гуманістычны погляд выказвае і Максім Гарэцкі вобразамі сваіх герояў. Ноты песімізму гучалі і ў вершах пра вайну Змітрака Бядулі («Вайна», «Балада» і інш.).
   Апавяданне Гарэцкага адрозніваецца сцісласцю, найтанчэйшым псіхалагізмам, шматзначнасцю дэталей. У ім суровая праўда аб вайне паказана Максімам Гарэцкім праз успрыманне падзей простымі жыхарамі літоўскага хутара. Рэалістычная праўдзівасць адлюстравання народнага жыцця выяўляецца ў дакументальнасці, дэталізацыі і як бы знарочыстай аб'ектыўнасці, што выразна падкрэслівае ўвесь жах вайны.

   Усім зместам апавядання пісьменнік-гуманіст пратэстуе супраць здзеку з чалавека, сцвярджае агіднасць і абсурднасць вайны. Праз успрыманне падзей Янам аўтар перадае чытачу і свае адносіны да ўсяго, што здарылася з жыхарамі хутара і салдатамі. Эпізоды «Першы бой», «Збіранне забітых», «Лёс Монці і Ядвісі» не толькі моцна ўражваюць сваёй нечалавечай сутнасцю, але і вымушаюць задумацца ўсіх аб тым, каму ж патрэбна гэта вайна, навошта яна працавітым людзям. Вайне няма справы да чалавека, да прыроды. Яна нішчыць усё на шляху. Праз апісанні хутара да вайны, у час ваенных дзеянняў і пасля другога адступлення рускіх, праз партрэтныя замалёўкі (прыём антытэзы) падкрэсліваецца жах узаконенага забойства на чужой зямлі, немаведама за што і за чые інтарэсы. Нават пейзажныя замалёўкі нясуць своеасаблівы антываенны пафас.

Похожие статьи:

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Рускі

Максім ГарэцкіАпавяданні Максіма Гарэцкага ранняга перыяду ("Роднае карэнне", "Літоўскі хутарок")