Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

   У ранняй творчасці Максіма Гарэцкага былі вядучымі тэмы вернасці роднай зямлі, служэння інтэлігенцыі народу, тэмы адраджэння і свабоды са сцвярджэннем самакаштоўнасці асобы, з абаронаю яе правоў на чалавечыя ўмовы існавання.
   Максім Гарэцкі пісаў: «А народ мой — народ-паэт, народ-лірнік, народ, каторы ў гістарычным жыцці сваім заўсёды больш схіляўся к патрэбам душы...»
   Змест апавяданняў першага зборніка «Рунь» запрашае да новага жыцця, дзе чалавек, яго духоўны свет стануць самым каштоўным скарбам на зямлі.

   Студэнт Архіп Лінкевіч атрымаў ліст з дому ад сваіх бацькоў, якія просяць парады ў свайго адукаванага сына, пытаюцца, што за дзівосы адбываюцца ў іх новай хаце, ці не ўсяліліся туды нейкія нячысцікі, бо няма спакою і псалтыр не дапамагае. Архіп тлумачыць сабе такую чартаўшчыну цемнатой ды застоем сялянскага жыцця, але разумее і абмежаванасць навукі. Хлопцу захацелася самому разабрацца ва ўсім, і ён вырашае паехаць да бацькоў, каб як-небудзь спалучыць атрыманае з дзяцінства светаадчуванне, сваё роднае карэнне з адукаванасцю, сацыяльнай справядлівасцю, прагрэсам, да якога імкнецца ўсё чалавецтва. Архіп таксама ўспамінае прыгажосць роднага куточка, той час, калі ён жыў разам з бацькамі.
   «Студэнт памаўчаў, троху, шчаўкануў пальцамі і тут жа падскочыў ад раптоўнай думкі — паехаць самому дамоў на гэтую чартоўшчыну.
   — Яблык, гуркоў, суніц, чарніц, маліны, грыбоў цяпер там... На сенакосе з касою гуляну, як у старыну калісь, з дзяўчаткамі знаёмства старыннае ўспомню, — пацяшаўся студэнт, — старыя будуць рады-рады!»

   Архіп Лінкевіч — інтэлігент з абуджаным сумленнем,пачуццём абавязку перад людзьмі, які імкнецца пазнаць жыццё, знайсці «першапрычыны ўсякае істоты». Хлопец любіць сваіх бацькоў, перажывае за іх. Ён не цураецца вёскі, аднавяскоўцаў, яго хвалююць нявырашаныя праблемы сялянскага жыцця: «Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў ажыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна».
   Павага да родных і аднавяскоўцаў, абвостранае сумленне і дапытлівы розум — асноўныя рысы характару Архіпа. Ён увесь час хвалюецца аб тым, каб не падумалі простыя людзі, што ён, сялянскі хлопец, жыць па-панску захацеў» Таму ён нікога не крыўдзіць, усіх выслухоўвае, прымае выказанае аднавяскоўцамі да ўвагі,
   Архіп разважае, чаму не мяняецца народ. На яго думку, усё залежыць ад характару народа,- яго традыцый. Сваю будучыню хлопец бачыць праз служэнне народу»
   «— Што за народ наш, беларусы? — ўголас задаў ён сабе пытанне і размеркаваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа».

   Вяскоўцы лічаць, што, калі маладыя людзі едуць вучыцца ў горад, то яны адрываюцца ад свайго роднага куточка, родных каранёў,яны ўжо не будуць жыць турботамі аднавяскоўцаў, простых людзей.
   «— А нашы хлопцы, што ў свет, у людзі йдуць, яны ад вёскі адпаўзаюць... Прыедуць у госці з чыстаты, з хлеба белага на пушны; як пабачаць тут, як мадзеем мы па родных кутках, робіцца ім і холадна, і непрыхільна, і прыкра. Паедзець назад, закруціцца там у вадаверці гарадской, агалцеець, у вёску ўжо ані блізка, мужыка чураецца, хоць і мучаецца, пэўне, каторы. А дзеткі яго ўжо карэння нашага роднага не маюць у сабе, тыя і ў лічбу не йдуць».
   Трывогі вяскоўцаў можна зразумець, бо кожны ведае, як цяжка выгадаваць дзіця, даставіць яго на ногі, Аўтар апавядання таксама разважае аб гэтым:
   «А падумаць: колькі турбот, болек і працы бясконцай трэба вынесці бацькам, пакуль-ткі сынок ці дачушка на ногі стане! Ды другі ж на ногі стане — бацькоў успомніць: сам вучыцца ці служыць дзе і бацькоўскую старасць к сэрцу прынімае, клапаціцца памагае, як скажам, Архіп. А другі ж, бывае, і бацькоў адрачэцца! Вучы яго, такую дрэнь».

   Стары сват Яхім запамінаецца тым, што шмат знае і добра ўмее перадаць свае думкі іншым. Вуснамі дзеда пісьменнік вызначае розныя шляхі людзей, якія так прагна імкнуліся да ведаў. Ён дапамагае Архіпу зразумець сэнс жыцця, сутнасць паводзін чалавека ў грамадстве, дае тыя арыенціры, якімі павінна кіравацца маладое пакаленне. Гэты чалавек, па словах аўтара, «сівы, разумны дзед», заўсёды вызначаецца сялянскай мудрасцю. Архіп думаў, што «ездзіць з дзедам было дужа ладна: чаго ён ні раскажа, ні нагаворыць, і ўсё разумна, к толку, лішняга не пачуеш ад старога».
   У дзеда заўсёды былі адказы на пьітанні Архіпа, бо «...недарма ж назбіраў поўную багаўню богамаленных кніжак, недарма ж і базыльянцаў некалі вучыўся ў Мсціслаўлі».
   Прыродная мудрасць старога чалавека, багаты жыццёвы вопыт і сардэчная прыхільнасць да юнака дазваляюць Архіпу з глыбокім хваляваннем і верай успрыняць парады дзеда.

   На думку дзеда Яхіма, адукаваны чалавек павінен вызначыцца перш за ўсё не толькі веданнем розных вучоных кніжак, але і ў «разумных людзей» пытацца, каб спасцігнуць глыбінныя нормы жыцця.
   «Перш-наперша трэба, каб бацькі ўкладалі ў галаву гэтым хлапцам-вучням тое, што няхай яны не саромяцца нашых мужыцкіх меркаванняў пра Божы свет слухаць. Няхай сабе мы на пагляд шэры, а, браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая».
   Нам здаецца, што студэнт Архіп стане сапраўдным адукаваным чалавекам, бо ён з цікавасцю слухае меркаванні дзеда Яхіма, вучыцца ў яго, узрушана ўспрымае ўсё народнае, адчувае сваю адказнасць за ўсё, што адбываецца з яго блізкімі людзьмі, што адбываецца на яго радзіме. Пра такіх дзед Яхім гаварыў, што «як-ніяк, а роднае карэнне глыбока сядзіць у ім».

   Па дарозе на чыгуначную станцыю Архіпа моцна ўразіла дарожнае здарэнне з ваўкамі, іх суправаджэнне, а асабліва спакой дзеда Яхіма, што засведчыла аб спрактыкаванасці старога чалавека. Дзед патлумачыў хлопцу, чаму ваўкі так сябе паводзілі, і параіў: «Колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. I не думай, што яно такое простае... Што няма нічога...»

   Дзед Яхім вырашыў даць некалькі парад студэнту таму, што бачыў у ім свайго, чалавека, які адарваўся ад роднай глебы. Яхім перадае хлопцу сваё разуменне жыцця, акрэслівае арыенціры, на якія павінна кіравацца моладзь: «Першае, што скажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад — у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба.    І ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі часам пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі не забывайся ты запытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... помні, што, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць...»

   Галоўная першапачатковая інтрыга апавядання (пра тое, што, відаць, існуе нешта патаемнае, на чым трымаюцца народныя павер'і) пераходзіць у план сацыяльны, у тэму вернасці роднай зямлі, свядомага служэння свайму народу. Архіп усведамляе, што інтэлігенту нельга адрывацца ад народа, ад яго традыцый і звычак, хаця не ўсім з іх можна даваць веры, Твор мае назву «Роднае карэнне» таму, што гонар за родную зямлю, неадлучанасць ад роднага краю, веданне гісторыі і традыцый народа, вернасць духоўным запаветам бацькоў і складае трывалую сувязь чалавека з Радзімай, Бацькаўшчынай — «родным карэннем».
   Апавяданнем пісьменнік сцвярджае: думка пра тое, што нястомная праца пазнання, філасофскае асэнсаванне знешняга свету і чалавечай душы не дадуць свядомаму беларусу збіцца са шляху да справядлівасці.
   Праблемы выбару юнаком свайго жыццёвага шляху, вызначэння месца і ролі адукаванага чалавека ў грамадстве, адносін да родных каранёў і сёння застаюцца актуальнымі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!