Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Гарэцкі - Камароўская хроніка

   «Камароўскую хроніку» Максіма Гарэцкага з поўным правам можна расцэньваць як унікальную з'яву ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэта – галоўная кніга мастака, справа ўсяго творчага жыцця. Тут знайшлі сваё ўвасабленне працяглыя маральна-філасофскія пошукі М. Гарэцкага, яго роздум над кардынальнымі праблемамі чалавечага існавання. Разам з тым «Камароўская хроніка» – гэта шмат у якіх адносінах твор будучых часоў, літаратуры XXI ст. Невыпадкова Максім Гарэцкі з такой апантанасцю працаваў над аповесцю і так палка марыў убачыць яе завершанай. «Ну, нічога. Усё нічога. Усё добра будзе. Каб толькі мне напісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае». Відавочна, што ва ўмовах высылкі Максім Гарэцкі быў пазбаўлены магчымасці не толькі дапоўніць ранейшыя запісы, але і апрацаваць іх належным чынам дзеля паўнейшага ўвасаблення маштабнай мастацкай задумы – даць шырокую панараму жыцця беларускага народа на вялікім гістарычным адрэзку – ад эпохі прыгоннага права і да канца 30-х гадоў XX ст. I хоць твор застаўся незавершаным, недапрацаваным, М. Гарэцкі здолеў дакументальна-мастацкімі сродкамі намаляваць у ім яскравы эпічны вобраз эпохі, выявіць праз лёсы герояў змястоўную філасофскую канцэпцыю жыцця.
   Паводле аўтарскіх поглядаў, жыццё – гэта няспынны працэс выпрацоўкі, назапашвання і перадача ад пакалення да пакалення сацыяльнага, маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Гэты працэс не адбываецца без барацьбы. Сацыяльныя супярэчнасці, сутыкненне старога і новага, канфлікт бацькоў і дзяцей – непазбежныя спадарожнікі жыцця. Але з гуманістычнага пункту гледжання, сцвярджае Максім Гарэцкі, непрымальна, калі вырашэнне сацыяльных супярэчнасцей суправаджаецца чалавечымі ахвярамі, разбурэннямі і стратамі. У такім выпадку нельга гаварыць пра гістарычны прагрэс, рух наперад. Менавіта ў такую форму вылівалася пісьменніцкая ацэнка сацыялістычнай рэвалюцыі.
   Паўнейшаму ўвасабленню аўтарскай задумы падпарадкавана ўся структура «Хронікі», яе вобразна-выяўленчыя, моўна-стылявыя сродкі, форма падачы матэрыялу. Так, вызначальным момантам кампазіцыі стала пэўная гістарычная падзея. Разнастайны жыццёвы матэрыял у пяці «сшытках» размешчаны ў наступнай храналагічнай паслядоўнасці: 1863-1905, 1905-1917, 1917-1921, 1922-1923, 1924-1937 гг. Як бачым, камароўскае «пяцікніжжа» Гарэцкага мае выразна акрэсленую перыядызацыю, аснова якой – этапныя грамадска-палітычныя падзеі: паўстанне 1863 г., буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1905 г., рэвалюцыя 1917 г., заканчэнне грамадзянскай вайны і трагічны 1937 г. – трагічны для краіны і асабіста для пісьменніка. Унутры «сшыткаў» перыядызацыя болей дэталізаваная, і звязана яна з фактамі прыватнага жыцця герояў. Напрыклад, «1889: Жаніўся Паўлюк Ваявода; Памёрла Мар'ічка (2-я); Радзіўся Раман».
   Спалучэнне грамадска-палітычных падзей і сацыяльна-бытавога, сямейнага жыцця герояў якраз і ўтварыла сюжэтна-мастацкую цэласнасць «Хронікі». Што датычыць формы падачы матэрыялу, дык у першым «сшытку» пераважае хранікальна-летапісная форма, а ў другой і наступных частках пісьменнік часцей выкарыстоўвае дзённікавыя занатоўкі і перапіску.
   Адпаведна гэтаму ў пачатковых раздзелах на першым плане аказаліся сацыяльна-эканамічныя аспекты сялянскага жыцця, а ў наступных больш увагі нададзена канкрэтнаму чалавеку, яго асабістаму лёсу. У цэлым жа «Камароўская хроніка» ўспрымаецца як шырокае эпічнае палатно, на якім змясціліся самыя разнастайныя праявы жыцця не толькі гаротнай, абяздоленай беларускай вёскі, але і іншых сацыяльных пластоў грамадства другой паловы XIX – першай трэці XX ст.
   «Камароўская хроніка» не ўяўляла б значнай мастацкай каштоўнасці, калі б яе аўтар абмежаваўся рэалістычна праўдзівай абмалёўкай толькі сацыяльнага аспекту жыцця вёскі. Аказалася, што пісьменніка надзвычай цікавіць і духоўная сфера. Гэтая цікавасць тлумачыцца ў першую чаргу імкненнем М. Гарэцкага раскрыць вытокі здзіўляючай жыццястойкасці селяніна. Адкуль скрыўджаны лёсам, прыдушаны беднасцю хлебароб чэрпае ўнутраныя сілы, каб супрацьстаяць бесчалавечным абставінам? Прыглядваючыся да сваіх герояў, звычайных, простых, аўтар прыходзіць да высновы, што моц працоўнага селяніна ў яго духоўнасці, у тым, як ён выконвае маральныя запаветы бацькоў, як прадаўжае лепшыя традыцыі продкаў, як захоўвае памяць пра іх. А выяўляўся духоўны пачатак найбольш яскрава ў пераломныя моманты жыцця чалавека, калі трэба было прымаць адказнае рашэнне, рабіць выбар. Напэўна, таму так часта прыгадваюцца ў «Хроніцы» такія падзеі, як вяселлі, народзіны дзіцяці, хрэсьбіны, заўчасная смерць ад хваробы ці ў выніку трагічнага здарэння. Падобнага роду падзеі выконваюць ролю змястоўна-сэнсавых цэнтраў твора, вызначаюць яго танальнасць – ад аптымістычна-бадзёрай, калі гаворка ішла пра радасныя, шчаслівыя моманты ў жыцці герояў, да смутна-жалобнай, трагічнай. Менавіта ў апошнім выпадку героі Гарэцкага задумваюцца над сэнсам чалавечага існавання, над верагоднасцю замагільнага жыцця, над уласным абавязкам перад нашчадкамі.
   У аповесці створана цэлая галерэя дзейных асоб, вартых таго, каб быць носьбітамі лепшых рыс характару працоўнага беларуса. Гэта – Стахван Ваявода, яго сыны Янка і Максім, пляменнік Максіма Міхалка Ваявода, Пелагея Мацвееўна Мароз – маці Ганны, Вусцінка – дачка Саўкі-Тужыка, і Адарка Бондарыха – родная сястра Саўкі, і інш. Гэтыя людзі ў паўсядзённым жыцці, у бытавых учынках праяўлялі чалавечыя якасці, засвоеныя ад бацькоў, – дабрыню, душэўную шчырасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. «Ах, якая дзяўчына была! – гаворыць пісьменнік пра Вусцінку. – Ні з кім яна ніколі не пасварылася, нікому няласкавага слова не сказала, а як з дзядзінаю сваёю Ганнаю дружыла. Дзве яны ў сям'і былі – залатога характару і залатыя рукі. Вечны спакой абедзвюм...».
   Носьбітам чалавечай дабрыні ў «Хроніцы» выступае і Адарка Бондарыха. Яе заўчасную смерць блізкія ўспрынялі як асабістае гора: «Палута плакала не перастаючы, рукі сабе з гора ламала... Алёна, Ганна вылі па ёй, і пляменніцы, і нявестка Арына Стратоніха дужа плакала...».
   Дабрыня і высакародства аказаліся вызначальнымі і для Янкі Ваяводы, які перад смерцю па-хрысціянску распарадзіўся ўласнымі матэрыяльнымі зберажэннямі: частку «адказаў на харошаўскую царкву, каб паміналі тры разы ў год – яго, бацьку і матку», а частку раздаў родным і блізкім. Як бачым, Стахванаў сын не супрацьпастаўляў духоўнае і матэрыяльнае: клопат пра выратаванне ўласнай душы ідзе ў яго побач з турботамі пра тых, хто застаецца жыць.
   Шмат хто з прадстаўнікоў роду Задумаў (Батураў) і Ваяводаў годны ўспрымаць трагічную непазбежнасць смерці, нават калі бачна, што яна – заўчасная. «Ты па мне дужа не плач, у цябе дзеці цяпер», – гаворыць Ганніна маці Пелагея напярэдадні смерці. I гэтыя паводзіны пісьменнік успрымае як узор чалавечага высакародства і праяву сапраўднай духоўнасці: матчын клопат засяроджаны на той, хто будзе працягваць род Задумаў-Ваяводаў.
   Максім Гарэцкі з непрыхаванай радасцю адзначаў выпадкі, калі дзеці аказваліся годнымі прадаўжальнікамі сямейных традыцый. Але так было не заўсёды. У Адаркі Бондарыхі памерла сямёра дзяцей, апроч сына Стратона, які вырас – у супрацьлегласць бацькам – душэўна чэрствым, абыякавым да людзей. Стратон не адчуваў духоўнай блізкасці да родных. У раз'яднанасці, адчужанасці дзяцей ад бацькоў М. Гарэцкі бачыў вялікую грамадскую небяспеку, бо згуртаванасць членаў сям'і ўспрымалася пісьменнікам як аснова, на якой фарміравалася нацыя. Фактычна гісторыя сям'і Задумаў-Ваяводаў у «Камароўскай хроніцы» – і ёсць гісторыя беларускага народа ў мініяцюры. У гэтай сувязі становіцца зразумелым, чаму Адарка Бондарыха да апошняй хвіліны спадзяецца на маральнае адраджэнне сына, верыць, што зерне дабрыні, кінутае ёю у хлапечую душу, не загіне, прарасце добрым учынкам. I не памылілася ў сваіх надзеях: смерць маці моцна паўплывала на няўдзячнага сына, пакінула глыбокі след у душы. «Прыехаў разжалены, спалоханы, замкнуты ў сабе. Казаў, што сніў сон у дарозе, калі начавалі ў Леплі. Матка вады ў яго прасіла, казала: «Паліць мяне». I падумаў ён, што пэўна памерла. Гнаў каня».
   Пачынаючы з сярэдзіны другой часткі, у хранікальна-апавядальную плынь твора пачаў улівацца іншы жанрава-стылявы струмень – дзённікавыя занатоўкі, нататкі і перапіска герояў, што было абумоўлена зменай грамадскага статуса апошніх. Многія з іх выйшлі або імкнуліся выйсці за межы звыклага вясковага асяроддзя. А гэта значыць, інакшым стаў пункт назірання, з якога яны маглі ацэньваць жыццёвыя падзеі.
   У цэнтры апавядання аказаліся члены сям'і Задумаў як прадстаўнікі вясковай інтэлігенцыі, якая шукае шлях у новае жыццё. Дзённікавая ж форма дала магчымасць яскравей адцяніць унутранае аблічча тых, хто шукае, яна ўнесла асабісты пачатак у апавядальную плынь. Так, Кузьма Задума выказваў погляды найбольш свядомай часткі беларускай інтэлігенцыі. Вобразы Марыны-гімназісткі і Лаўрыка-навучэнца ўвасаблялі пакутлівыя спробы маладых вяскоўцаў асвоіць новую для іх сферу гарадскога жыцця, гарадской культуры. Сюжэтная лінія Пракопа знаменавала не адцягнена-рамантычны кірунак пошукаў, як у Марыны, а жыццёва-практычны.
   Форма дзённіка дазволіла М. Гарэцкаму істотна паглыбіць псіхалагічную распрацоўку вобраза Кузьмы, які фактычна становіцца зараз галоўным сюжэтна-кампазіцыйным цэнтрам аповесці. Пісьменнік не прыспешвае грамадска-светапогляднае станаўленне героя, а дае чытачу магчымасць прасачыць за гэтым працэсам, паказваючы, як паступова мяняюцца яго адносіны да рэчаіснасці, як узнікае схільнасць да рэфлексіі, да глыбіннага асэнсавання жыцця. У лістах да Лаўрыка, Марынкі мы знаходзім парады вывучаць чужаземныя мовы, выхоўваць у сабе дух таварыскасці, дружбы, не захапляцца таннай белетрыстыкай, што ўзводзіць у культ «ідыёцкае, уздыхальнае» пачуццё, а чытаць кнігі па «прыродазнаўству, сельскай гаспадарцы, гісторыі, геаграфіі».
   Па сутнасці, тут пісьменнікам накрэслена праграма маральнага ўдасканальвання асобы: «чужаземныя мовы» – гэта сінонім агульначалавечай культуры; дружба, узаемадапамога – гэта заклік да згуртаванасці маладога пакалення; а крытычны закід наконт «уздыхальнага пачуцця» ўспрымаецца як пратэст супраць упадніцкай літаратуры, якая буйна пайшла ў рост пад час вялікіх сацыяльных катаклізмаў і згубна ўплывала на моладзь, выхоўваючы ў яе песімізм, скепсіс, нявер'е ў чалавека.
   Звяртае на сябе ўвагу, што ў праграме Кузьмы нават намёку няма на неабходнасць актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы, адсутнічае заклік да рашучага класавага змагання. I гэта прынцыповы момант пры вызначэнні сацыяльна-філасофскай канцэпцыі, якая ляжыць у аснове «Хронікі»: пад час знаходжання ў Вятцы ў М. Гарэцкага не заставалася аніякіх ілюзій і наіўных уяўленняў смаленскага перыяду адносна Кастрычніка, сацыялістычных ідэалаў. I таму цэнтр цяжару пераносіўся на асобу чалавека, на яго выхаванне.
   Пісьменніцкае ўспрыманне рэвалюцыі праз акт вандалізму, учыненага мясцовымі сялянамі, дапоўнена лаканічным паведамленнем на наступнай старонцы: «Прыйшла «Вольная Беларусь». Бальшавікі разагналі Беларускую раду». Тое, што М. Гарэцкі абмежаваўся нейтральнай канстатацыяй факта, не патрабуе разгорнутага тлумачэння: у тагачасных грамадска-палітычных абставінах пісьменнік не мог напісаць інакш пра адну з найболей трагічных падзей у гісторыі беларускага народа.
   Увогуле трэба адзначыць, што трагічная танальнасць, якой прасякнута аўтарскае апавяданне пра паслякастрычніцкую рэчаіснасць, у апошніх раздзелах асабліва ўзмацнілася, а частотнасць драматычных здарэнняў павялічылася. У канчатковым выніку гэта і было апасродкаваным праяўленнем сутнасных адносін пісьменніка да сацыялістычнай рэвалюцыі і той палітычнай сістэмы, якую рэвалюцыя сцвердзіла. I сапраўды, калі мець на ўвазе, што сям'я Задумаў успрымаецца ў «Хроніцы» як паэтычны аналаг, як канкрэтна-вобразнае ўвасабленне беларускай сялянскай нацыі на новым этапе гістарычнага развіцця, то лёс сям'і аказаўся трагічным.
   Адзіная дачка Задумаў Марына ў росквіце сіл нечакана гіне пад коламі трамвая ў вялікім горадзе, якому дадзена выразна ацэначная назва – Кучка. Прататыпам Кучкі з'яўляецца Масква. Горад як сімвал новага ладу, сімвал будучыні не прыняў прадстаўніка вясковай інтэлігенцыі. Малодшы сын Задумаў Лаўрык быў абвінавачаны «ў контррэвалюцыі, пяцігадовай супрацьсавецкай дзейнасці». I хоць юнаку дазволілі закончыць вучобу, але пазней давялося і яму пабываць у месцах будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Лёс малодшага брата падзяліў і Кузьма Задума. Першы арышт – польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Воўчай Гары (Вільня), другі – органамі НКУС у горадзе, назва якога зноў жа гаворыць сама за сябе: Камунацэнтр (варыянт – Балота). Трэці – у 1937 г. – арышт, які назаўжды абарваў жыццё рэальнага прататыпа Кузьмы, аўтар «Хронікі», натуральна, не мог ужо зафіксаваць.
   Як бачым, усе маладыя Задумы, хто прадстаўляў найбольш свядомую беларускую інтэлігенцыю, новай уладай непасрэдна ці ўскосна былі вынішчаны або пазбаўлены магчымасці працаваць на карысць нацыянальнага Адраджэння. У жывых засталіся толькі браты Раман і Пракоп, сацыяльны статус якіх як вясковых жыхароў не ўяўляў асаблівай пагрозы новаму ладу.
   Усё гэта ў вобразнай сістэме «Хронікі» набывае сімвалічнае значэнне і натуральна праецыруецца на лёс нацыянальнай інтэлігенцыі, на лёс беларускага народа.
   Старонкі «Хронікі», прысвечаныя жыццю Гурыка і Кузьмы Задумаў у высылцы, уражваюць сваёй суровасцю і драматызмам. Фактычна гэта бадай па часе першая ў беларускай літаратуры спроба мастацкага асэнсавання тэмы ГУЛАГа, тэмы палітычнай бяспраўнасці, неабароненасці чалавека ў савецкім грамадстве. Для Лаўрыка сімвалам жыцця ў беламорскай высылцы з'яўляліся бела-шэрыя марскія чайкі, якія ўвесь час «крычаць, як бы плачуць, страждаюць». У адным з дзённікавых запісаў Кузьма зрабіў своеасаблівы падрахунак пражытаму: «I вось што мы маем... Ён (Лаўрык) – там. Я – тут. Бацькі адны. Жонка без працы». I заключны рэфрэн: «Ах, як сумна, як цяжка!».
   Неспрыяльныя абставіны жыцця ў Вятцы, а затым і гвалтоўная смерць перашкодзілі М. Гарэцкаму завяршыць не толькі «Камароўскую хроніку», але і шэраг іншых твораў, у прыватнасці «Лявоніус Задумекус», «Скарбы жыцця» і «Кіпарысы». Пісаліся яны ў розны час: «Задумекус» у другой палове 1931 – пачатку 1932 г., «Скарбы» – у 1932–1935, а магчыма і ў 1937 г. «Кіпарысы» – гэта апрацаваныя на высылцы дзённікавыя занатоўкі 1928 г. (Полымя. 1993. № 2. С. 116-121.). Творы гэтыя ўпершыню пабачылі свет больш чым праз паўстагоддзе пасля забойства пісьменніка. Першыя два з іх у новым святле раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака і разам з адпаведнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» кладуць пачатак эстэтычнаму асваенню беларускай літаратурай тэмы сацыялістычнага ГУЛАГа.


Мушынскі М. I
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 583 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!