Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Страцім-лебедзь

Апавяданне пра М. Багдановіча

   Канец 1916 года. Мароз. Ноч.
   Маленькі садок на маім двары абтрушан снежным цветам. Я стаю на ганку і прагна куру. З таго часу, як Максім Багдановіч перабраўся ў маю кватэру, я не куру ў памяшканні.
   Учора гэтай парой Макам і мае сёстры стаялі тут жа са мной. Мы разам глядзелі на ўспыхваючыя зімовыя зоркі, і жартаўлівы Максім расказваў аб дзяўчынцы, якая збірала маліны ў небе і незнарок рассыпала іх. Потым ён гаварыў аб паэтычных здольнасцях маіх бацькоў, што зрыфмавалі імёны сваіх дачок − Рэня − Геня.
   Учора гэтай парой Максім доўга жартаваў на двары і смяшыў маіх сясцёр, як малых дзяцей. Сёння ён таксама хацеў выйсці са мной на ганак, але нечакана закашляўся.
   − Дарагі Змітрок, − сказаў ён, − Вы ўжо прабачце мне. Буду ў хаце сядзець.
   Я гляджу на шызы дымок маёй папяросы і думаю пра Максіма.
   ...Жывая энцыклапедыя разнастайных ведаў.
   ...Ён фарбуе вакольнае ў пяшчотныя казачныя колеры і напаўняе свет вобразамі народнай фантазіі. У Максімавых пушчах жывуць лесуны, у яго рэчках і азёрах купаюцца русалкі.
   I лезуць у памяць эпітэты з яго паэзіі: возера − люстэрка альбо чаша віна. Зоркі − пацеркі, нябесная рунь, сняжынкі, кветкі. Маланка − агністы меч. Крыніца грукае серабром.
   А вось і другі свет Багдановіча:
   ...Грозныя песні беларускага мужыка.
   ...Каменная сцяна між бедным і багатым.
   ...Разрытая магіла гаротніка.
   ...Межы драпежніцкіх уласнікаў.
   Нідзе паэт не дагаворвае да канца. Небяспечна. Ды і сама мова беларуская − крамола. Яна забаронена на ўвесь час вайны.
   ...Адзінае лякарства для хворых грудзей паэта − родная зямля.
   ...Адзіная ўцеха − паэзія, мары аб шчаслівай будучыні народа.
   Мае думкі перабівае працяглы кашаль Максіма. Чуваць і на дварэ. Я куру ў запас на ўсю ноч.
   Калі я ўваходжу ў пакой, Максім ужо не кашляе. Ён выцірае хустачкай кропелькі поту на лбе. Яго пышная цёмна-каштанавая шавялюра зрабілася вільготнай. Рыжаватыя вусы бездапаможна апусціліся ўніз. А карыя вочы сталі цёмныя, бліскучыя і празрыстыя.
   Перад ім па стале дзве шклянкі чаю. Адну Максім «забракаваў» − ён цукар не ўжывае.
   «Калі мільёны людзей гінуць на франтах, калі сотні тысяч бежанцаў − жанчын, старых, дзяцей − церпяпь голад і холад на дарогах, у чыстым полі, я не магу дазволіць сабе раскошы».
   Так ён мне аднойчы сказаў.
   Ён мяшае лыжачкай чай без цукру і п'е маленькімі глыткамі. Адна з маіх сясцёр прыносіць малінавага варэння. Максім аж палохаецца:
   − Не кіем, дык паленамі.
   − Максімка, не будзьце дзіцём, − прашу я. − I ад малака, і ад усяго адмаўляецеся.
   Але ён упарты. Нізашто не ўпросіш яго шанаваць сваё здароўе. Ён хоча пакутаваць разам з усім народам. Гэта ў яго арганічная патрэбнасць. У праціўным выпадку ён будзе сябе адчуваць яшчэ горш. У сталоўцы пры "Беларускай хатцы" кожны раз наступаем на яго. Ён прыдумаў для сябе вялікі пост. Ніякага ўплыву не маюць і дактары. Багдановіч іх не слухае.
   − Эх, мае рыфмаваныя цётачкі − не ўнімаецца ён. − Вечна аба мне клапоціцеся. Прабачце, што заву вас «цётачкі».
   − Ужывайце цукар альбо варэнне да чаю і завіце нас хоць бабулькамі, − кажа адна з маіх сясцёр. Максім усміхаецца.
   − Два гады назад у Яраслаўлі мяне называлі «дзед Максім». Я тады запусціў бараду і выглядаў вельмі салідным. Выгадаваў рыжыя бакенбарды і рэдкі хмызняк пад голым падбародкам. Я быў падобны да аднаго са сваіх лесуноў, мае русалачкі, Рэня і Геня.
Максім на хвіліну задумваецца.
   − Вы, Максімка, мабыць, зноў цэлы вечар маім сёстрам казкі расказвалі. Вось чаму так закашляўся.
   − А якія прыгожыя казкі − пахвалілі сёстры. Максім вінавата апраўдваецца.
   − Я ім ціха-ціха чытаў Афанасьева. А затое яны мне ўвесь батлеечны репертуар праспявалі ды паўшывалі гузікі ў маю тунжурку. Дасканалы голас у Рэні і добрая памяць у Гені. Цэлую гадзіну спявалі. Я прыйшоў пасля бібліятэкі пасля дзесяці, а цяпер дванаццаць.
   Я расказаў Багдановічу, што ў мінулым годзе беларускі бежанскі камітэт ставіў батлейку аж цэлы месяц па тры сеансы на вечар. Мае сёстры шылі вопратку для батлеечных лялек. Потым прадавалі білеты. Уся мінская інтэлігенцыя глядзела батлеечныя прадстаўленні.
   − Зусім новыя тэксты песень і сцэнак. Ні ў адным з фальклорных зборнікаў не сустрэў такіх, − дзівіўся Максім.
   I ён пачаў фантазіраваць аб тым, як мы − ён, я і мае сёстры − наладзім лялькавы тэатр і будзем вандраваць па Беларусі. Пры гэтым Максім маляваў такія камічныя карціны нашага жыцця і працы ў вандроўцы, што мы рагаталі да таго, што аж разбудзілі суседзяў за сцяною.
   Тады Максім схамянуўся і сказаў маім сёстрам:
   − Акыш, дзяўчаткі, спаць і Змітрок, напэўна, стаміўся. Ад васьмі гадзін раніцы да паўдванаццатай гадзіны ўвечары − задоўгі службовы дзянёк.
   Я коратка тлумачу Максіму, што ў Кашарах, дзе я працую, сёння была спешная работа. Трэба было здаваць ваеннай прыёмачнай камісіі кажушкі і ватоўкі для фронту.
   Сёстры адразу пайшлі спаць у бакавы пакойчык. Я і Максім засталіся ў сталовай, дзе мы з ім спім.
   Тут мой і Максімаў «кабінет». Тут мы прымаем гасцей. Гэты пакой − самы сонечны. Але ён прахадны з двух бакоў. Злева − мае сёстры, справа − бежанская сям'я: маці і дачка.
   Максім хацеў быў устанавіць чаргу на «кабінет»: каб адну ноч працаваў я, а другую − ён. Я ледзь угаварыў яго, што «кабінет» належыць яму, бо я прыходжу са службы кожны раз позна, вельмі спрацаваны і не маю ніякага настрою пісацъ. Тым больш гэта немагчыма, што пры творчай рабоце я мушу курыць.
   Часам уначы мне таксама хочацца што-небудзь пісаць. Але пры адным стале ці нават пры розных сталах у адным пакоі пісаць ні ён, ні я не мог бы. Падзяліць пакой фанерай альбо шырмай на дзве часткі не было ніякай магчымасці, як мы ні меркавалі.
   Такім чынам «кабінет» заставаўся ў поўным уладанні Максіма.
   Творчая праца пачыналася ў яго заўсёды пасля дванаццаці ночы, калі ўсе ў кватэры клаліся спаць.
   Дактары забаранілі Максіму шмат гаварыць, позна сядзець, але ён звычайна гаварыў больш за ўсіх нас і менш за ўсіх спаў. Калі я лёг спаць, ён прысеў да мяне і пачаў гаварыць шэптам:
   − Я сёння ўвесь дзень займаўся народнай творчасцю. У Пушкінскай бібліятэцы праглядаў Шэйна і Раманава. Тут я чытаў вашым сёстрам Афанасьева, слухаў, як яны спявалі мне народныя песні. Я задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэту тэму навеяла мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс. Так апрыкрала мне гэткае жыццё. Дзень у дзень у земстве. Справаздачы, калонкі лічбаў. Яны паўзуць з-пад майго пяра, як мурашкі. Я павінен напісаць нудную справаздачную брашуру на некалькі друкаваных аркушаў. Пан Скірмунт думае надрукаваць яе. Якая для мяне пакута, кара божая. Яна гняце больш за хваробу. Мне б цяпер у Крым, пакуль не позна, шкада будзе... Але прасіцъ аб гэтым пана Скірмунта не магу. Лепш загіну! Прабачце, Змітрок, вы стаміліся. Вам пара спаць.
   У мяне стаіць ком у горле, і я маўчу, каб Максім па голасу не адчуў майго хвалявання.
   Максім ціхенька ідзе к сталу.
   Я рашыў заўтра падняць трывогу ў камітэце: трэба зараз жа знайсці сродкі і паслаць Багдановіча ў Ялту. Я абуран, што ніхто яго не наведвае. Усе змірыліся з тым, што ён недаўгавечны, і як бы супакоіліся. А тут яшчэ кватэрная суседка Сівіцкая дзень у дзень нервіруе мяне:
   − У Багдановіча адкрыты працэс. I вы, і вашы сёстры, і я, і мая дачка − у вялікай небяспецы! Вы ж спіцё, пане Бядуля, нібы ў бальнічнай палаце, ды з чалавекам, у якога пошасная хвароба. Ваша самаахвярнасць, даруйце мне, неразумная. Вы маеце права ахвяраваць толькі сабою, а не вашымі сёстрамі, і не мною, і не маёй Людвіськай. Ад яго кашлю я спаць не магу! Як вы спіцё? А плявацельніца, выбачайце, адзін жах.
   − А што ж рабіць?
   − Можна знайсці выхад, − бальніца!
   Я тлумачу Сівіцкай, што бальніца загубіць Максіма. Ён жа працуе на службе, ён працуе дома. Без працы ён загіне ад нуды. Я прашу яе, каб хаця не палохала маіх сясцёр. Максім мае сваю пасуду, вельмі асцерагаецца. Ён яшчэ не такі хворы.
   Сівіцкая наступае на мяне часта.
   Аднойчы яна запэўнівала мяне, што Максім «прыкідваецца здаровым». Трэба знайсці выхад са становішча.
   − Ведаеце што,− кажу я, − ёсць выхад. Вы, пані Сівіцкая, з паннай Людвікай знайдзіце пакой дзе-небудзь у іншым месцы, тады Максім зойме ваш пакой.
   − Дзякую, пане Бядуля, за такую параду.
   Сівіцкая больш не мучыла мяне сваімі страхамі.
   Максім дастае са сваёй тумбачкі некалькі кніг, паперу, аловак, чарніла, кладзе на стол гадзіннік, тэрмометр.
   Так ён робіцъ кожную ноч.
   Пасля праверкі тэмпературы ён забываецца збіваць тэрмометр. Я не раз раніцою, калі Максім моцна спаў, глядзеў тэмпературу. Ён паказваў 38 з дзесятымі.
   Максім пільна ўглядаецца ў мяне. Прыкідваюся, што моцна сплю. Ён падсоўвае блізка да сябе керасінавую лямпу і абстаўляе яе з трох бакоў кнігамі. Святло лямпы засланяюць ад мяне: Генрых Гейнэ, Тарас Шаўчэнка, Афанасьеў, Шэйн і г.д. Цяпер лямпа асвятляе толькі белы квадрат паперы і невялікую частку сцяны. Бачу толькі непакорлівую шавялюру і палоску светлага лба Максіма.
   Павольна і старанна ён водзіць алоўкам па тонкай стопцы паперы. Праз некалькі хвілін шэптам чытае напісанае і тут жа энергічным узмахам алоўка ўсё перакрэслівае. Я здагадваюся пра гэта па ледзь улоўных гуках.
   У пакоі цёпла. Максім здымае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка, што вісіць на сцяне, над яго ложкам, папраўляе валасы і спацыруе па змрочным пакоі. Ён ступае нячутна, па вузкай тканіне дарожкі, што ляжыць на ўсю даўжыню пакоя. Ён падазрона ўзіраецца ў мяне: ці я хаця не прачнуўся. Але я налаўчыўся жмурыць вочы і «абманваць» Максіма. Ён упэўнен, што я сплю.
   Яго твар азараецца шчаслівай усмешкай. Няма ў яго вачах той строгасці і замкнёнасці, якімі ён часам маскіруецца пры старонніх людзях. Рысы твару становяцца мягчэйшымі, больш лагоднымі і сумнымі.
   Цяпер, без тужуркі і манішкі, вызначаюцца яго запалыя грудзі, тонкасць шыі, сутуласць. Ён, высокі і стройны, пры людзях заўсёды змагаецца з ледзь прыкметнай сутуласцю, якая з'явілася ў яго ў сувязі з хваробай. А колькі ж патрэбна яму сілы волі, каб заўсёды здавацца вясёлым, энергічным, бадзёрым, здаровым, каб не выклікаць да сябе пачуццё жалю і нікога не палохаць сваёй хваробай. Цяпер ён адпачывае, глытае нейкія таблеткі, мерае тэмпературу, мацае пульс і занят сабою.
   Ён зноў садзіцца за стол. У цішыні чуваць шорхат алоўка па паперы. Гэтыя ледзь чутныя гукі гіпнатызуюць мяне. Я тароплю вочы ў столь. Светлы круг ад лямпы на столі расплываецца ў жоўтыя ручайкі і раптам усё знікае. Я ныраю ўсё глыбей і глыбей у сон.
   Не. Я не сплю.
   Ужо некалькі дзён Максім не прыходзіць начаваць. Мы ўсе непакоімся. Не ведаем, дзе ён. Але вось ён з'яўляецца нечакана − вясёлы, ружовы.    Аказваецца, доктар лячыў яго новым спосабам − паэзіяй. Пасадзіў Максіма ў прасторны сонечны пакой і параіў спакойна сядзець і пісаць вершы. За некалькі дзён Максім напісаў зборнік вершаў. «Я цяпер зусім ачуняў», − хваліцца Максім. Ён расказвае вясёлыя жарты і смяецца, смяецца...
   Гэты сон навеяны несупыннымі гутаркамі Максіма пра сілу паэзіі.
   Я прачынаюся ад гучнага кашлю Максіма. Запальваю лямпу. Даю яму вады. Ён увесь успацелы. Дастае з-пад падушкі ручнік. Старанна выціраецца, папраўляе валасы. На яго тумбачцы ляжыць некалькі густа спісаных лісткоў. Я міжвольна чытаю назву: «Страцім-лебедзь».
   Добра ён засынае толькі над раніцу. Праз шпаруны акяніц у пакой пранікае вузкая палоска святла. Усе мы спім сёння: нядзеля.
   Я і сёстры ўстаём раней за Максіма. Ён ляжыць, выцягнуўшыся на ложку, нібы пасля вельмі цяжкай працы. Дыханне кароткае і хрыплае. На яго твары выраз вялікай стомленасці. Не адчыняючы акяніц ў сталовай, выходзім на кухню. Сёстры рыхтуюць снеданне. Гаворым шэптам, каб не разбудзіцъ хворага. Максім прачнуўся ў адзінаццаць гадзін ад шуму арыгінальнага «будзільніка» − ад выбуху бомбы, скінутай з варожага аэраплана.
   Я выскачыў на двор паглядзець.
   У аэраплан стралялі нашы зеніткі. Снарады разрываліся навакол аэраплана. У яркім небе расплываліся лёгкія дымуі. Бадай, кожны дзень над Мінскам кружыліся раніцай адзін ці два варожыя аэрапланы.
   Мы ўсе так да іх прывыклі, што не звярталі ўвагі.
   Калі ўстае Максім, мы заўсёды праветрываем пакой і асвяжаем яго сасновым экстрактам. Адзекалон у нас не ўжываецца: Максім яго не пераносіць. Ён мне аднойчы растлумачыў прычыну: калі ляжаў пры смерці яго старэйшы брат Вадзім, пакой асвяжалі адэкалонам. З таго часу пах адэкалону заўсёды выклікае ў яго памяці карціну смерці брата. Максім заўсёды голіцца дома. У цырульню не ходзіць. Усё з-за адэкалону.
   Праз некалькі дзён, калі «Страцім-лебедзъ» быў начыста напісаны дробным, бісерным почыркам, Максім чытаў мне гэты верш. Ён чытаў усхваляваным глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломаным тонам:

 

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных − Максімавых.
Ён запнуўся і тут жа паправіўся:
Ды няма адных − Страцімавых.


   Усхваляваны, я выйшаў на ганак пакурыць. Узварушыў маё сэрца сумны канец «Страціма-лебедзя». Я адчуў, што Максім Багдановіч інакш пісаць не мог. Ды без трагічнасці канцоўкі прапала б ігра колераў гэтага дасканалага твора, паблекла б рамантычная героіка вобраза, пададзенага ў класічным стылі.