Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля

   Бядуля Змітрок (сапраўднае імя Плаўнік Самуіл Яфімавіч), нарадзіўся 23.4.1886, мястэчка Пасадзец Віленскі павет Віленскай губерні, цяпер вёска Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Памёр 3.11.1941, каля г. Уральска, пахаваны ў Уральску), празаік, паэт. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934.
   Нарадзіўся ў сям'і яўрэя-арандатара, які стаў потым дробным лесапрамыслоўцам. У сямігадовым узросце бацькі аддалі сына вучыцца ў пачатковую яўрэйскую школу хедар, пасля ён вучыўся тры гады ў яўрэйскай духоўнай семінарыі ешыбоце (школа рабінаў), але не скончыў яе з-за расчаравання ў змесце і метадах вучобы. Некаторы час працаваў хатнім настаўнікам, потым з 1902 у якасці пісьмавода-канторшчыка дапамагаў бацьку ў яго лесапрамысловых справах.
   Першыя літаратурныя спробы 3мітрака Бядулі адносяцца да перыяду вучобы ў ешыбоце, калі трынаццацігадовым падлеткам ён пачаў пісаць вершы на старажытнаяўрэйскай мове (пад уплывам схаластычнай паэзіі яўрэйскіх рэлігійных паэтаў XVI - XVII стст.). Першы мастацкі твор (на беларускай мове) — лірычны абразок "Пяюць начлежнікі..." — апублікаваны ў газеце "Наша ніва" 23 верасня 1910. Знаёмства з рускай паэзіяй XIX ст. з'явілася штуршком для напісання на рускай мове вершаў і кароткіх апавяданняў лірыка-сентыментальнага характару. Асобныя з іх друкаваліся на старонках рускіх часопісаў для пачынаючых пісьменнікаў "На берегах Невы" (Пецярбург) і "Молодые порывы" (Вільня) на працягу 1911-1912. У канцы 1912 малады пісьменнік пераехаў у Вільню, дзе пэўны час працаваў у выдавецкім таварыстве, потым — сакратаром газеты "Наша ніва", супрацоўнікам якой, а потым і яе рэдактарам у той перыяд быў Янка Купала. У 1913 у Пецярбургу, у выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца", выйшаў першы зборнік твораў "Абразкі". Зместам яго былі лірычныя імпрэсіі-мініяцюры, якія ў жанравых адносінах набліжаюцца да вершаў у прозе. Характэрная асаблівасць пераважнай большасці "абразкоў" — рамантычнае ўспрыманне лірычным героем навакольнай рэчаіснасці (роднага краю, беларускай вёскі, яе побыту). Некаторыя з іх вызначаюцца асуджэннем сацыяльнай несправядлівасці ("Ля вапеннай гары", "За тканінай", "Без споведзі", "Пастушка") — у такіх абразках, як правіла, даволі моцна праяўляецца эпічны элемент. Яны нагадваюць мастацкія апавяданні, якія хутка сталі асноўным жанрам дакастрычніцкай творчасці пісьменніка. У гэты перыяд ён піша серыю рэалістычных па зместу апавяданняў, асноўнай праблемай якіх была праблема народа, лёс працоўных мас Беларусі, галоўным чынам сялянства, у эксплуататарскім грамадстве ("Пяць лыжак заціркі", "Тулягі", "Умарыўся", "Сымон", "Малыя дрывасекі", "Летапісцы", "Злодзей", "Чараўнік" і інш.). Хвалявала ў той час пісьменніка і вельмі важная для дакастрычніцкай Беларусі праблема інтэлігенцыі і народа (апавяданне "На каляды к сыну"), тэма мастацтва, маладых талентаў з народа, якія не маглі свабодна развівацца ў тагачасных умовах сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, неспрыяльных бытавых абставінах (апавяданне "Велікодныя яйкі"). Выступаў і як публіцыст. Яго артыкулы на разнастайныя тэмы часта друкаваліся на старонках "Нашай нівы". Адначасова пісаў вершы, многія з якіх вызначаліся вастрынёй сацыяльнай тэматыкі ("Пан", "Заліў быдлячы лой валоў і твае грудзі...", "Пастушка" і інш.). У перыяд імперыялістычнай вайны пісьменнік стварыў цыкл вершаў антываеннага характару, у якіх асуджаў крывавую бойню народаў ("Ад крыві чырвонай", "Вайна", "Не мы...", "I сотнямі тысяч..." і інш.). Пасля спынення дзейнасці "Нашай нівы" па ўмовах ваеннага часу летам 1915 вярнуўся ў родны Пасадзец, адкуль неўзабаве пераехаў у Мінск, дзе прымаў актыўны ўдзел у нацыянальна-культурным жыцці, у рабоце Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Тут ён асабіста пазнаёміўся з Максіма Багдановічам, жыў з ім на адной кватэры. У Мінску сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якую спачатку не прыняў, што і выявілася ў яго літаратурнай, асабліва публіцыстычнай дзейнасці перыяду грамадзянскай вайны, нямецкай і белапольскай акупацыі.
   Пасля выгнання акупантаў з тэрыторыі Беларусі 3мітрок Бядуля трывала стаў на пазіцыі Савецкай улады і актыўна ўключыўся ў грамадскае і культурнае жыццё краіны. У жніўні 1920 ён быў прызначаны загадчыкам аддзела культуры і літаратуры рэспубліканскай газеты "Савецкая Беларусь", адначасова рэдагаваў першы беларускі савецкі часопіс для дзяцей "Зоркі", пазней — краязнаўчы часопіс "Наш край". У 1922 выйшаў з друку першы паслякастрычніцкі зборнік "Пад родным небам", які засведчыў ідэйна-творчы рост пісьменніка. Пашырылася тэматыка творчасці, выяўлялася імкненне да эпічнага адлюстравання новых з'яў рэчаіснасці (паэмы "У Ясных Крушнях", 1921; "Беларусь", 1923). На смерць У. I. Леніна адгукнуўся глыбока эмацыянальнай паэмай "Чырвона-чорная жалоба", у якой выказаў смутак працоўных па вялікім правадыру і настаўніку. Гэты твор стаіць ля вытокаў беларускай Ленініяны. У той час пісьменнік стаў членам літаратурнага аб'яднання "Маладняк", адкуль у 1926 перайшоў ва "Узвышша".
   У 20-я гады найбольш значных поспехаў 3мітрок Бядуля дасягнуў у жанрах апавядання, аповесці і рамана. У многіх творах распрацоўваў тэму тагачаснага жыцця, паказваў складанае ўздзеянне савецкай рэчаіснасці на грамадзянскую актыўнасць, духоўны рост працоўнага чалавека, які нядаўна вызваліўся з ланцугоў няволі (апавяданні "Дэлегатка", "Тры крыжыкі", "Рунь", "Дзве ночы" і інш., аповесці "Год за годам", "Таварыш Мінкін"). Некаторыя творы гэтага часу прысвечаны тэме мінулага (апавяданні "На зачарованых гонях", "Дванаццацігоднікі"), барацьбе беларускага народа з ворагамі Савецкай улады ў гады грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. У аповесці "Салавей", якая вызначаецца своеасаблівым рамантычным каларытам, у яркіх вобразах і карцінах паказаў эпоху прыгоннага права на Беларусі, барацьбу беларускіх сялян з прыгоннікамі, апаэтызаваў таленавітых і валявых народных самародкаў. Па гэтай аповесці М. Крошнерам была напісана музыка аднайменнага балета.
   У канцы 20 — пачатку 30-х гадоў 3мітрок Бядуля стварыў сацыяльна-псіхалагічны раман у дзвюх кнігах "Язэп Крушынскі". Гэты твор прысвечаны актуальным праблемам грамадскага жыцця Беларусі 20-х гадоў, галоўным чынам беларускай вёскі ў перыяд аднаўлення, індустрыялізацыі і калектывізацыі. Раман вызначаецца праўдзівасцю ў паказе паасобных з'яў тагачаснай рэчаіснасці, у стварэнні вобразаў-персанажаў (асабліва вясковага багацея Язэпа Крушынскага). У наступных буйных творах, аўтабіяграфічных аповесцях "Набліжэнне" і "У дрымучых лясах" 3мітрок Бядуля прасачыў жыццёвы шлях галоўнага героя ад маленства да сталасці, даволі ярка, каларытна падаў малюнкі жыцця і побыту жыхароў беларускага мястэчка канца XIX - пачатку XX ст., пярэдадня імперыялістычнай вайны, а таксама іх пакутлівы лёс у час вайны, падкрэсліў антыгуманную сутнасць распачатай імперыялістычнай бойні. У гэты час пісьменнік шмат увагі надаваў творам для дзяцей. Яго паэма-казка "Мурашка Палашка", вершаваная аповесць "Хлопчык з-пад Гродна" (1939), аповесць-казка "Сярэбраная табакерка" (1940, інсцэніравана ў 1964) сведчыць пра добрае веданне пісьменнікам дзіцячай псіхалогіі, уменне пісаць для юнага чытача займальна і даходліва. Апрача мастацкіх твораў пісаў нарысы, даследчыя працы, перакладаў на беларускую мову творы Тараса Шаўчэнкі, Ю. Будзяка, Шолама-Алейхема. Творы 3мітрака Бядулі перакладзены на многія мовы народаў СССР і на некаторыя замежныя мовы. На словы паэта напісаны шматлікія песні (П. Альхімовіч, У. Алоўнікаў, К. Галкоўскі, М. Мацісон, Р. Пукст, У. Тэраўскі). 3мітрок Бядуля ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго імем названы вуліцы ў Віцебску, Жабінцы, Маладзечне, Мінску, школа ў Пасадцы, піянерская дружына ў гэтай школе. На доме ў Мінску, дзе жыў пісьменнік, і на будынку Пасадскай школы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

   Семяновіч А.А. Бядуля Змітрок // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 1. Мн., 1992. С. 451-452.