Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Мяцежнік

Смерць...
Бура...
Трывога...
Не йдзі...
Ой, не йдзі ты,
Асілак-юнача!
Бо перад табою
Страшная дарога,
Пагінеш...
Пагінеш...
Няйначай...
Пад небам імчацца чырвоныя коні,
Пярун з навальніцай
Рагочуць на гонях.
I страх
I дрыготы
Абшар абвілі,
Віхорыцца ўсё на зямлі...
I кроў...
I руіны...
Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля! –
Смерць зрэжа касою,
Бы кветку-расліну,
Груган знясе косці па полі...
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .  
Пайду я!
Злавацца!
Хмялець!
Загарэцца!
Ўсім светам магу кіраваць я, здаецца!
Як пушчаны некім,
Імпэтпай стралой
Памчуся ўгару!
Над зямлёй!
Мне полымя!
Крыллі!
Я –
Сокалам вольным у тыя абшары,
Дзе громы ў высотах пуціну прарылі!
Сусветнасць
Я кіну ў пажары...
Хай граюць,
Буяюць
Віхровыя хвалі!
Хай плачуць,
Хай скачуць –
Ім вольніцу далі.
А мора мяцежнае –
Маткаю мне.
А бура –
Ў грудзях у мяне.
Я – гнеўны паўстанец!
Я – вольны мяцежнік!
Я – славай кірую!
Я – сонечны воін!
Я – гром-зоратканец!
Я – з цемрай вячыстай ваюю!
Я – волю з жалезных клыкоў вырываю!
Я – гнеў гарапашных!
Я – злосць агнявая!
Я – помста
За здзекі,
За кроў,
За шмат слёз!
Мне – крок
Ад зямлі да нябёс!
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .
Памчаўся
Далёка...
Прапаў...
I не вернецца смелы
Ніколі!..
Яго не ўбача ўжо матчына вока...
I грудзі парвуцца ад болю.
Яму за адвагу
Пахвалы не трэба.
Яму шлях бунтарскі –
Зарніца у небе.
Ён –
Шчасце,
Ён –
Мара
Адважных людзей.
Ён – песня
Старых і дзяцей.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!