Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Аркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях

   Аркадзю Куляшову шчасціла на добрыя сяброўскія стасункі з паэтамі. У маладыя гады гэта была сардэчная дружба з землякамі-маладнякоўцамі, а ў сталым узросце вялікі ўплыў аказала на яго постаць рускага паэта Аляксандра Твардоўскага, які высока ацаніў паэму "Сцяг брыгады" і "Новую кнігу" Аркадзя Куляшова. У 1972 годзе смерць А. Твардоўскага стала цяжкім ударам для Аркадзя Куляшова. Ён выказаў сваё гора ў паэме "Варшаўскі шлях", прысвечанай памяці сябра.
   Шлях, які злучае Маскву і Варшаву, славутая Варшаўская шаша, праходзіць праз Смаленшчыну — родныя мясціны А. Твардоўскага і праз малую радзіму Аркадзя Куляшова на Магілёўшчыне. Вобраз шляху робіцца ўвасабленнем складаных перыпетый гісторыі рускага і беларускага народаў. Гэтай дарогай падчас вайны савецкая армія гнала нямецкія войскі на захад, пра гэты шлях марылі салдаты ў цяжкія франтавыя хвіліны.
   Аркадзь Куляшоў у паэме "Варшаўскі шлях" узнаўляе біяграфію А. Твардоўскага, расказвае пра гады вайны, калі ён "на подзвіг зваў сваёй прарочай, чарнарабочай кнігай пра байца, не ўсімі дачытанай да канца", пра першыя дні перамогі, калі паэт успамінаў і развітваўся з тымі, хто загінуў на вайне. Асаблівасцю паэмы "Варшаўскі шлях" стала тое, што яна разлічана на дасведчанага чытача, які ведае творы рускага паэта, паколькі увесь час у тэксце ёсць згадкі радкоў з паэзіі А. Твардоўскага, тэматычнае перагукванне, своеасаблівы пераказ яго тэкстаў:

 

Ён за яе салютам пераможным,
Як за апошнім валам агнявым,
Ішоў з байцом жывым і нежывым,
I плакаў на вялікім свеце тым
За кожнага
І з кожным, з кожным, з кожным...


   Для Аркадзя Куляшова і сам А. Твардоўскі, які памёр ад цяжкай хваробы, тым не менш застаецца ў адным радзе з тымі, хто загінуў на вайне. І таму "Варшаўскі шлях" — гэта сімвал памяці і вечнасці. Паводле жанру твор з'яўляецца лірыка-спавядальным маналогам, у якім лірычны герой разважае над сэнсам жыцця і часу, над сутнасцю і прызначэннем мастацтва. "На ўсіх скрыжаваннях" паэзіі, часу, лёсу паказваецца прыналежнасць сапраўднага паэта да спраў людскіх. Такім паэтам быў А. Твардоўскі, жыццё якога Аркадзь Куляшоў лічыў творчым і грамадзянскім подзвігам.
   Паэма-споведзь — гэта адзін з жанраў ліра-эпічнай паэмы, вялікі па сваім памеры вершаваны твор, дзе анталагічныя, філасофскія праблемы рэчаіснасці раскрываюцца праз спавядальны маналог лірычнага героя. Апавяданне ў творы вядзецца ад імя першай асобы. Паэма-споведзь звычайна аздоблена шматлікімі аўтарскімі лірычнымі адступленнямі. Да твораў гэтага жанру адносяцца паэмы "Голас сэрца" Петруся Броўкі, "Варшаўскі шлях" Аркадзя Куляшова, "Мая віна" (з паэмы "Даруйце") Анатоля Вярцінскага і інш.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!