Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Салавей - Маці сына чакае з вайны

Маці сына чакае з вайны
у пакрыўленай хатцы-вязніцы.
Без сыночка ёй доўгія дні,
прыйдзе ночка — матулі не спіцца.

Ўецца думак дакучлівы рой,
без пары галава пасівела.
«Сынку родны, саколік ты мой,
што за доля цябе там сустрэла?

Быццам колас забыты, адна
век старэчы я ўжо дажываю.
Людзі сеюць (настала вясна).
Ну, а я — балазе, што жывая...

Хто мне вестку пра сына падасць?
Мо хіба толькі пушча ці зоры?
Я пыталася ў іх, ды ці раз,
толькі мне яны штось не гавораць...

Ты прыйдзі, дарагі мой сынок,
паглядзі, як мне цяжка жывецца.
Не надоўга — то хоць на дзянёк,
мо суцішыцца боль майго сэрца».

Безнадзейна, матуля, яго
клічаш ты на дзянёк хоць у госці:
ты не вернеш сыночка свайго,
як не вернеш свае маладосці.

На прасторах далёкіх, чужых,
пад зялёнай пахілай ракітай,
на траве нежывы ён ляжыць
там, палаткай паходнай накрыты.

А як смерці вянок над ім звіс,
і ў жыцці не было больш патрэбы —
раз астатні зірнуў ён увысь,
у бяздонне блакітнага неба.

Зіхацела чырвоным агнём
брыльянціста-ружовае сонца.
Гэтак некалі сонечным днём
зіхацела на роднай старонцы.

I прыпомніў, бядак, Беларусь,
дарагія палі, сенажаці,
травяністы луговы абрус...
I прыпомніў гаротную маці...

Дык не кліч жа, матуля, яго,
да цябе ён не прыйдзе у госці:
ты не вернеш сыночка свайго,
як не вернеш свае маладосці...

12.06.1942

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!