Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алесь Салавей

   Алесь Салавей (сапраўднае імя Альфрэд Васільевіч Радзюк) нарадзіўся ў 1922 г. у пасёлку Крысава, каля Койданава. Гэта чалавек, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю нашай літаратуры, прысвяціўшы свае шчымліва кранальныя вершы Бацькаўшчыне-Беларусі.
   Алесь Салавей вымушаны быў пакінуць Радзіму. Пасталенне, узмужнеласць яго паэтычнага таленту прыйшліся на 30-40-я гг. — цяжкія гады сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. Усё спачатку пачыналася для юнака нядрэнна. Ён выхоўваўся ў добрай сям'і. Бацька выбіўся ў людзі, дзякуючы ўласнай настойлівасці, скончыў Сельскагаспадарчы інстытут і працаваў у гарадках вакол Мінска.
   Вершы Альфрэд пачаў складаць вельмі рана, і першымі добразычлівымі слухачамі былі бацькі. У Койданаве Альфрэд вучыўся ў сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам, друкаваў свае вершы ў раённай газеце, выступаў з імі на вечарах. Раннія вершы Альфрэда Радзюка — гэта захапленне родным краем, прыгажосцю беларускай прыроды, тымі крыніцамі, якія натхнялі яго талент. Вершы 15-гадовага паэта пачалі публікавацца ў рэспубліканскіх газетах і часопісах.
   Але ішоў 1937 год. Ноччу на вачах у дзяцей былі арыштаваны бацька і маці, якіх Альфрэд больш ніколі не пабачыў. Хлопец вымушаны быў шукаць нейкіх заробкаў, цяжка працаваў на разгрузцы вагонаў, на торфараспрацоўках і вывазцы лесу. Але не губляў надзеі вучыцца далей і ў 1938 г. паступіў у Мінскі педтэхнікум, дзе змог працягнуць толькі два гады. Па ўспамінах, Альфрэду Радзюку проста не было на што жыць, быў адным з самых бедных студэнтаў у тэхнікуме. І зноў ён вымушаны быў шукаць працы. Але, нягледзячы на цяжкія ўмовы, не пераставаў пісаць вершы, у іх ён спатольваў свае душэўныя перажыванні. Гэта было адзінае, што выратоўвала яго ад цяжкага, пакутлівага існавання. У перадваенны перыяд ён шмат чытаў з класічнай літаратуры, захапляўся творчасцю Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, пачаў асвойваць класічныя формы верша: санеты, актавы, трыялеты, рандо.
   Аднак бясконцыя матэрыяльныя нястачы, цяжкае сірочае існаванне аддалялі яго ад кола сяброў, ён адчуваў самоту, неўладкаванасць, бесперспектыўнасць жыцця, і толькі на прыродзе, на берагах Гайны адчуваў сябе раскаваным і вольным.
   З пачаткам вайны ён пераязджае ў Мінск, і пры дапамозе беларускага паэта Уладзіміра Дудзіцкага ўладкоўваецца ў рэдакцыю "Беларускай газэты", дзе працавала і Наталля Арсеннева, напярэдадні вайны вернутая з казахстанскай ссылкі разам з двума сынамі.
   На старонках "Беларускай газэты" пачалі друкавацца матэрыялы з беларускай гісторыі. Тут упершыню Альфрэд прачытаў "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" У. Ігнатоўскага, спасцігаў прыгажосць роднай мовы. У "Беларускай газэце", "Голасе вёскі" пачалі друкавацца новыя вершы Альфрэда Радзюка, і ў 1942 г. упершыню ён стаў падпісвацца псеўданімам "Алесь Салавей". Той жа цяжкі галодны і халодны лёс выганяе Алеся Салаўя з ваеннага Мінска спачатку ў мястэчка Ілля, а пазней у Рыгу, дзе выдаваўся беларускі часопіс "Новы шлях", рэдактарам якога быў Уладзімір Сядура, вядомы беларускі крытык і празаік. Алесь Салавей стаў намеснікам рэдактара, шмат пісаў. У Рызе выйшаў першы паэтычны зборнік Алеся Салаўя "Мае песьні", які меў падзагаловак "Зборнік лірыкі думкі". Тут напісана першая яго вялікая паэма "На хуткіх крыллях вольнага Пэгаса", напісаная санетнай страфою.
   У 1944 г. Алесь назаўсёды пакінуў свой край, пайшоў у выгнанне. Апынуўся спачатку ў Беластоку, дзе адбылося знаёмства з Ільяшэвічам, Сяднёвым, потым у Берліне, у Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш і некалькі гадоў жыў у лагеры перамешчаных асобаў у Зальцбургу (Аўстрыя). Цяжка перажываў расстанне з Радзімай, з роднымі людзьмі. Трэба было змірыцца з думкай, што непатрэбны ён свайму дому, і ў вершах застаецца толькі сцішаная канстатацыя.
   У Зальцбургу Салавей ажаніўся з Зінаідай Кадняк, з якой пазнаёміўся ў Берліне. Матэрыяльна жылося цяжка, але па-ранейшаму ён знаходзіў паратунак у вершах, задумаў напісаць раман "Пад нагамі гарыць зямля" — пра падзеі на Беларусі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі да Другой сусветнай вайны і ў вайну. Другая частка — жыццё на чужыне. Збіраў матэрыял, нягледзячы на тое, што даводзілася цяжка фізічна працаваць, каб утрымліваць сям'ю, думаць аб хлебе надзённым. У Зальцбургу, у лагерах дэпартаваных, жылі пераважна ўкраінцы. Алесь Салавей, засвоіўшы ўкраінскую мову, часта выступаў з вершамі, пасябраваў з украінскімі паэтамі Аляксандравым і Кучурыўскім, займаўся перакладамі.
Але найперш зальцбургскі перыяд незвычайна плённы ў паэтычных адносінах. Алесь Салавей працягваў пісаць вершы класічнай формы, а таксама вершы-мініяцюры, першыя з якіх — "Вянкі" — з'явіліся ў друку ў 1948 г., як і паэма "Домік у Менску", пачатая яшчэ ў 1944 г. У Зальцбургу была напісана і другая паэма Алеся Салаўя "Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі", прысвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма "Сын" (надрукаваныя ў 1949 г.). У Зальцбургу выйшаў другі зборнік паэзіі Алеся Салаўя "Сіла гневу" (1948), дзе сабраны вершы цэлага дзесяцігоддзя. Гэта быў апошні зборнік, выдадзены пры жыцці паэта. У ім шмат вершаў, прысвечаных Радзіме.
   У сваіх зборніках Алесь Салавей шмат вершаў прысвяціў беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыне, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясціны, дзе яму давялося жыць ці пабываць (Менск, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Койданава), апяваў красу беларускай прыроды і заўсёды выказваў гарачую любоў і вернасць Бацькаўшчыне, свайму народу.
   У Зальцбургу Алесь Салавей аддаваў шмат часу выданню часопісаў "З беларускага жыцьця", "Пагоня", вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне. Давялося ехаць у далёкую Аўстралію і там уладкоўваць побыт сям'і. Мала пісаў ён там вершаў: жыццё на чужыне было нялёгкім. Ішлі гады. Ён сачыў, чым і як жыла далёкая Бацькаўшчына, перапісваўся з Ларысай Геніюш, якая вярнулася з ГУЛАГа пасля смерці Сталіна. Жыла ў Зэльве, пасылала ў Аўстралію кнігі беларускіх пісьменнікаў. У лістах да паэткі Алесь Салавей выказваў захапленне творамі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, асабліва яго санетамі. Скардзіўся Ларысе Геніюш, што ўдалечы ад Радзімы згасае яго паэтычнае натхненне, не пішуцца вершы.
   У 1952 г., ужо жывучы ў Мельбурне, Алесь Салавей скончыў укладанне двух новых сваіх зборнікаў "Вянкі" і "Несьмяротнасьць". Яны павінны былі выйсці пад адзіным загалоўкам "Нятускная краса". Але выйшаў гэты збор твораў Алеся Салаўя ўжо пасля яго смерці клопатамі Антона Адамовіча і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Памёр Алесь Салавей у 1978 г., пахаваны на беларускіх могілках у Мельбурне (Аўстралія).