Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вяртанне з выраю

Кнопка отправить на печать

   Вясною жоравы ляцелі з выраю зноў над тымі ж мясцінамі. Яны ляцелі імкліва і хутка, бо вярталіся з далёкага падарожжа дамоў, на паўночныя балоты, для аднаўлення сямейнага жыцця, для таго, каб будаваць гнёзды на купінах, выводзіць і гадаваць птушанят.
   Урачыстыя гукі іх баявых фанфар у веснавым паветры выклікаюць заўсёды лагодны, радасны настрой.
   У далейшым я даведаўся падрабязна пра жыццё і звычкі жораваў, пра іх дбайную падрыхтоўку да пералёту на зіму ў Афрыку, пра дакладны баявы распарадак у жураўліных трыкутніках.
   Усё ў калектыўным палёце жораваў рацыянальна і мэтазгодна, усё, калі можна так сказаць, прадумана, прадугледжана і размеркавана да дробязей, нібы ў сапраўдным баявым страі.
   Кожны трыкутнік узначальвае вопытны павадыр. Ён ляціць першым, месца яго – на самай вяршыні, на самай вастрыні кліна. Адразу за ім ляцяць з абодвух бакоў два самыя дужыя пасля яго і самыя трывалыя птахі. У канцы кожнага ключа – маладыя, нявопытныя і слабыя.
   Часта ўяўлялася мне, як прагучаў над балотамі сігнал павадыра і як дружна падхапілі яго дзясяткі іншых баявых фанфар. I вось ужо першы трыкутнік адарваўся ад зямлі. З разбегу, падскочыўшы два-тры разы, узнімаюцца птахі ў паветра і, не парушаючы строю, па чарзе ўзлятаюць над купінамі балоцістай лугавіны. Спачатку ляцяць яны нізка над лазняком і бярэзнікам, паступова набіраючы вышыню. I вось першы трыкутнік узняўся ў восеньскае неба над высокімі ялінамі, а за ім і другі, і трэці, і ўсе яны ляцяць у адным напрамку – на поўдзень. Ляцяць спакойна і роўна, не мітусяцца, не спяшаюцца. Рытмічна ўзмахваюць вялікімі моцнымі крыламі. Цела ў кожнага жорава выцягнута ў адну лінію з тонкай шыяй, з прамой і вострай дзюбай, з адкінутымі назад доўгімі нагамі. Увесь ён як страла, што нястрымна імкнецца наперад.
   Кожны жораў стараецца не парушыць строю, не збіцца з курсу, з нябачнай сцежкі ў паветры, якую пракладвае той, што ляціць перад ім. Калі пярэднія стамляюцца, то па чарзе, адзін за адным, пакідаюць сваё месца ў пачатку трыкутніка і прыстройваюцца ззаду: там ляцець лягчэй. Адпачыўшы, зноў займаюць сваё ранейшае месца наперадзе. Так яны чаргуюцца на працягу ўсяго доўгага і цяжкага падарожжа.
   У час пералёту жоравы ляцяць удзень і ўначы. Прыпынкі робяць вельмі рэдкія і кароткія ў месцах, загадзя вызначаных для кармёжкі і адпачынку. Перад тым як прызямліцца, пасылаюць наперад разведчыкаў.
   Вельмі хацелася мне ўбачыць жораваў не толькі высока ў небе, але і на зямлі, на балоце, на гняздоўі. Першая такая спроба адбылася больш за шэсцьдзясят гадоў назад. Нават і не верыцца, што так даўно гэта было!
   Белай чэрвеньскай ноччу блукаў я да самай раніцы па балоце ля возера на Карэльскім перашыйку. Спадзяваўся знайсці гняздоўе жораваў, паглядзець на іх зблізку.
   Усё было добра відаць, нібы ўдзень, але першая спроба не ўдалася. Праблукаў я ўсю ноч, а жораваў так і не знайшоў, так і не ўбачыў.
   Да непасрэднага знаёмства з пільнымі і асцярожнымі птахамі быў я тады яшчэ недастаткова падрыхтаваны. Аднаго жадання, нястрымнага імкнення было мала, патрэбны былі яшчэ вопыт і належныя веды. I гэта я тады добра зразумеў. У той час мне не было і шаснаццаці гадоў. Усё было яшчэ наперадзе. Але неўзабаве з’явіліся іншыя клопаты.
   Жоравы, як і ўсё іншае, звязанае з вывучэннем прыроды, з непасрэднай блізкасцю да яе, адышлі на задні план, але не зніклі зусім. Яны вабілі мяне па-ранейшаму, але ўжо не так моцна, як калісьці. Мары пра іх ператварыліся ў нейкі душэўны адпачынак.
(538 слоў)

Паводле В. Вольскага.