Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Караткевіч - О вясна! Таполі! Свеце мілы!

Кнопка отправить на печать

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака!
Вечар зацяпліў бярозак свечы.
Я адзін. Ты не памёрла, не.
Мой забыты, мой апошні светач,
Ты ў чужым акне, а не ў труне.
Як магла застацца ты ў кайданах?
Як магла адмовіцца пайсці
Да палян, дзе месяц закаханы
Песні “сноў” блакітныя ўзрасціў?
Пэўна, я турму не здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.
Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых
Болей не кране мая рука...
Над сусветам залатыя крылы
Маладога звонкага шпака.
Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,
Кідаючы поўдзень салаўям,
І разліў шырокі, і натхненне,
Як любоў забытая мая.
І няма ў душы маёй праклёнаў,
І няма на веях цяжкіх слёз...
Заставайся ў клетцы залачонай –
Ты сама абрала гэты лёс.
Над кахання нашага магілай,
Што загубіцца ў былых вяках,
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.