Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Віктар Казько - Хлопчыкі і конь

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Пасля поўначы дзіцячы дом моцна спаў. Драмаў у кабінеце дырэктара дзяжурны выхавацель. Спалі ў палатах усе хлопчыкі і дзяўчынкі. У гаспадарчых будынках глыбока ўздыхалі і варочаліся валы і час ад часу ржаў конь, якога нашы салдаты пакінулі ў час наступлення: ён тады быў паранены і вельмі слабы. Ад будынка да будынка чорнымі ценямі праляталі кажаны.
   Спаў разам з усімі хлопчыкамі ў сваёй палаце і Васька-Капун. Спаў – і раптам, невядома чаму, прачнуўся. Хлопчык намагаўся зноў заснуць, угаворваў сябе, што ноччу не спяць толькі зладзеі, але гэта не памагло. I тады ён сеў на ложак і пачаў думаць: чым бы заняцца? На вуліцу ісці не хацелася – там, напэўна, выпала ўжо раса. А чаравікаў у яго не было. Каб хлопчыкі не паўцякалі з дзіцячага дома, чаравікі на лета ў іх пазабіралі. «Нічога, – думаў Васька, – прыйдзе восень, выдадуць новыя, і тады ўсё роўна ўцяку».
   Капун злез з ложка, падышоў да расчыненага акна. Яго абдало вільгаццю і густым водарам кветак. Васька чхнуў і вярнуўся на ложак.
   «Пагутарыць бы з кім?» Аднак гутарыць яму не было з кім. Ён не меў у дзіцячым доме ніводнага сябра. Ён быў адзін, зусім адзін на свеце. Нават не ведаў, ці былі ў яго калі бацькі.
   У акно зазірнуў месяц. Ён асвяціў палату, нікеляваныя ложкі, белыя просціны, шторы на дзвярах. Васька падцягнуў калені, паклаў на іх падбародак і прыціх. Ён глядзеў з-пад ілба на месяц і адчуваў, як па ягоным твары мільгацяць цені рухавых лісткоў і галінак дрэў. Яму было маркотна.
   А побач хроп Лёнька-Мыса. Хроп і нават прысвістваў. Васька саскочыў з ложка і сцягнуў з Лёнькі-Мысы коўдру. Лёнька прачнуўся і сеў.
   – Чаго табе? – спытаў ён у Ваські, жмурачыся ад месячнага святла.
   – Давай пагаворым...
   – Ты лунацік? Ноччу па даху ходзіш?
   – Не, не спрабаваў.
   – Тады спі, – пазяхнуў Мыса. – Спі.
   – Хочаш, я зараз з могілак крыж прыцягну? – перайшоў на шэпт Васька. I сам спужаўся: а раптам Лёнька скажа адчэпнае: «Ну, цягні». А на могілках было жудасна нават днём.
   На шчасце, Лёнька не захацеў.
   – Я спаць буду. Крыж – гэта нецікава, – сказаў ён.
   – Нецікава? Го! – асмялеў Васька. – Ты ідзеш, а мярцвяк за табой: «Аддай мой крыж!» – I Васька працягнуў растапыраныя пальцы да горла Мысы. Мыса злосна адпіхнуў Ваську:
   – Хочаш, каб я цябе зноў адлупцаваў. Забыўся?
   – Сёння ты мяне не адолееш. Сёння свеціць месяц. А пры месяцы я дужы. Мы з ім заадно, – сказаў Капун і зноў сцягнуў з Мысы коўдру. – Ведаеш, колькі ў мяне цяпер сілы... Дам табе шчалбана, і твой лоб – напалам, як грэцкі арэх.
   – Бі! – падставіў свой лоб Мыса. – Толькі глядзі, каб пасля не шкадаваў.
   – Ты мне не верыш. А я праўду кажу. Месяц мне памагае. Я ўвесь жалезны! Твой лоб ураз трэсне.
   I Васька верыў, што так будзе.
   – А ты не маніш?
   – Не... – Васька чамусьці здрыгануўся і змоўк.
   – Ну, чаго ты? – сказаў Мыса. – Давай гаварыць, а то страшна.
   Капун пачаў хутка хадзіць паміж ложкаў.
   – Ты вось не паверыў. А са мною было ўжо раз такое. Я тады ледзь зямлю не раскалоў. Немцы свіран з людзьмі падпалілі. Я бачыў як ён гарэў... Страшнае вогнішча... Месяц быў на небе, ён даў мне велізарную сілу. Я тупнуў нагою – і зямля трэснула. Я раскалоў бы яе, каб усе фашысты праваліліся. Але не мог другі раз падняць нагу. Упаў... А калі ачуняў, быў ужо дзень. Месяц знік – і сіла прапала.
   – У тым свірне была твая маці? – спагадліва спытаў Мыса.
   – Не ведаю...
   Яны ўжо сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго, на Васькавым ложку і глядзелі на месяц.
   – Я таксама зараз такі дужы, як і ты... Ну, можа, крыху слабейшы, – сказаў Лёнька. – А Мысай мяне клічуць таму, што калі мяне з братам прывялі ў дзіцячы дом, я не выгаворваў яго імя – Міша. Бегаў за ім і гікаў: «Мыса! Мыса!» Так і пайшло.
   – А я не ведаю, хто назваў мяне Каптуном, – уздыхнуў Вася. – Не помню. Як гарэў свіран, помню, а пра сябе – нічога... Зямлю я капаць люблю. Рабіў падкопы пад клеці, адкуль пахла смачным. Аднойчы добра зрабіў. Заставалася трошачкі падкапаць, і быў бы ў клеці. А мяне за ногі выцягнулі – і ў дзіцячы дом. Каб не гэта, я падсілкаваўся б і на фронт уцёк. Можа б, там з таткам сустрэўся...
   – А ў нас з Мішам ёсць бабуля. А цяпер і конь. Я яго першы ў лесе ўбачыў. «Кось, кось!» – пазваў. I ён пайшоў, кульгаючы, за мной. Слёзы ў яго вачах. Баліць рана, а ідзе. Ведае – без людзей загіне ў лесе. Бабуля прывяла ў дзіцячы дом нас з Мішам, а я – каня. Я люблю коней.
   – Давай будзем сябраваць, – сказаў Капун.
   – Давай. Назаўсёды, – сказаў Мыса. – Ты, я і конь.
   – А зараз пойдзем зробім што-небудзь такое, каб ніколі не сварыцца. Можа, падкоп? А?
   – Не трэба, – папрасіў Мыса. – Лепш сходзім у слівы.
   Хлопчыкі ціхенька шмыгнулі з палаты. Азіраючыся на дзверы, за якімі спаў дзяжурны выхавацель, пракраліся ў двор і пайшлі па вясковай вуліцы.
   На ўскраіне, далей ад дзіцячага дома, яны выбралі лепшы сад, узлезлі на дрэва і набілі пазухі слівамі.
   Вярталіся не спяшаючыся. Пасля роснай травы іхнія босыя ногі скалелі, і пясок на вуліцы здаваўся ім асабліва цёплым і мяккім.
   Кідалі ў рот слівы. Яны былі слізкія і халодныя, як рыбкі, выцягнутыя з вады. Мялі слівы языком, паднябеннем і асцярожна зубамі. Размяўшы, надкусвалі і цягнулі сок. Хутка набілі аскому, але не зважалі на гэта. Ім было добра.
   – Слухай, – схамянуўся раптам Капун, – слухай, Лёня, а пра каня мы забыліся. Самі лопаем, а конь?
   I яны пайшлі да каня. Слівы, аднак, каню не спадабаліся. Ён нават не ўзяў іх у рот. Паказытаў толькі мяккімі губамі хлапечыя далоні і чагосьці ўздыхнуў.
   – Мы цяпер удвух з Васем даглядаць цябе буднем, – сказаў каню Лёнька. – Ты прывыкай да нас, прывыкай. Вайна ўжо скончылася. Араць на табе будзем. У нас вунь колькі малых у дзіцячым доме, усіх накарміць трэба...
   Конь заржаў, як быццам усё зразумеў і пагадзіўся з Лёнькам.
   Хлопчыкі выйшлі са стайні, узялі з калёсаў па бярэмю накошанай травы і паклалі каню. Прынеслі яшчэ па бярэмю, растрэслі каля стойла і ляглі на яе. Хутка заснулі.
   Конь, падняўшы галаву, стаяў над імі, як вартавы. Месяц праз шчыліны высвечваў яго чуйныя вушы.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!