Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Віктар Казько

   Віктар Апанасавіч Казько нарадзіўся нарадзіўся 23 красавіка 1940 года ў г. Калінкавічы Гомельскай вобласці. Празаік. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1973 г. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1977 г., за кнігу «Добры дзень і бывай»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982, за аповесць «Суд у слабадзе»). Піша на беларускай і рускай мовах.
   З сям'і рабочага. У гады Вялікай Айчыннай вайны ад выбуху бомбы загінула маці, замерзла маленькая сястрычка. Выхоўваўся Віктар Казько ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі. Пасля сканчэння ў 1956 г. васьмі класаў вучобу працягваў у Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме. Потым працаваў у шахце, у геолагаразведцы. З 1962 г. звязаў свой лёс з журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай* гарадской газеты «Красная Шория», літсупрацоўнікам абласной газеты «Комсомолец Кузбасса», карэспандэнтам абласнога радыё. У 1970 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. Праз год пераехаў у Мінск. З 1971 г. Віктар Казько літсупрацоўнік газет «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», у 1973-1976 гг. – часопіса «Нёман». З 1976 г. на творчай рабоце. У 1985-1988 гг. сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. З 1988 зноў на творчай рабоце. У 1986 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце ХL (40-й) сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Жыве ў Мінску.

   У 2009 г. за кнігу прозы «Бунт незапатрабаванага праху» Віктар Казько атрымаў прэмію «Гліняны Вялес». Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2009 г. і 2013 г.) і прэміі Ежы Гедройца 2015г. (за кнігу «Час збіраць косці»).
   Віктар Казько адзін з вядучых беларускіх празаікаў сярэдняга пакалення. Друкавацца пачаў у газеце «Красная Шория». У беларускім друку выступае з 1971 г. Творчасць Віктара Казько мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці («Суд у Слабадзе»). Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцей пісьменніка. Яны абумовілі розныя планы апавядання – ваеннае мінулае, жорсткія траўмы, якія былі нанесены дзіцячай душы, цяжкае станаўленне юнака, імкненне пераадолець. невыносны цяжар страшэнных успамінаў. Значную ўвагу Віктар Казько ўдзяляе экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў. Гібель прыроды, варварскія адносіны да яе знішчаюць нешта чалавечае ў самім чалавеку («Цвіце на Палессі груша», «Неруш»).
      Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў Віктара Казько 70–80-х стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), у якім спалучаны найбольш значныя дасягненні пісьменніка ў распрацоўцы тэмы вайны і ўзаемадзеяння з прыродай. Напісаў аповесці «Суд у Слабадзе» (1978), «No pasaran» (1990), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1993), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997).

 


Таштагол – раённы цэнтр Кемераўскай вобласці ў Расіі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!