Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Экспрэсіянізм

   Экспрэсіянізм (ад лац. exspressio – выражэнне) – плынь у мастацтве, якая сфарміравалася ў еўрапейскай культуры ў 1910-я гг., спачатку ў Германіі, а затым у астатніх краінах кантынента. Росквіт экспрэсіянізму быў нядоўгім, аднак за даволі кароткі тэрмін свайго існавання ён паспеў заявіць аб сабе досыць моцна.
   Прычынай фарміравання экспрэсіянізму з’яўляўся найглыбейшы крызіс свядомасці, што меў месца ў другой палове XIX ст. (калі, кажучы словамі нямецкага філосафа Фрыдрыха Ніцшэ, «Бог памёр»), які не толькі знайшоў працяг у XX ст., але і яшчэ больш абвастрыўся. Таталітарызм у розных сваіх праявах, сусветныя войны, рэвалюцыі, путчы пазбаўлялі чалавека адчування стабільнасці, гармоніі, супакоенасці. Наадварот, на мяжы краху апынуліся ўсе былыя перакананні і погляды – сацыяльна-палітычныя, рэлігійныя, эстэтычныя. Чалавек згубіў вонкавае апірышча, апынуўся сам-насам са шматлікімі пытаннямі, спрабуючы цяпер знайсці адказы на іх у самім сабе, ва ўласнай свядомасці. Адсюль шырокае распаўсюджванне філасофскіх сістэм, якія судакраналіся адна з адной у наступным: чалавек звязаны са светам сваімі перажываннямі і ўяўленнямі. А значыць, менавіта яны, дакладней – мастакоўскія перажыванні і ўяўленні, і павінны стаць для мастака аб’ектам адлюстравання. Адна з такіх філасофска-эстэтычных сістэм, сфармаваная ў першай палове XX ст., і прапаноўвала мастаку ўключаць у эстэтычны аб’ект змест уласнай асобы, на з’явы і прадметы знешняга свету пераносіць свае настроі і адчуванні, надаваць гэтым з’явам і прадметам уласныя асаблівасці, інакш кажучы – праецыраваць сваю Душу на неадушаўлёныя рэчы. У працэсе такога ўспрымання свету мастакоўскае «я» становіцца больш актыўным, павышаецца эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, што і знаходзіць выйсце ў творчасці .
   Першапачаткова экспрэсіянізм атрымаў шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве (М. Пейхштэйн, О. Дыкс, Э. Кірхнер), а затым выявіў сябе і ў літаратуры (Э. Штадлер, Г. Гейм, Г. Тракль, Ф. Кафка). Яго ўплыў адчуваецца ў музыцы (Р. Штраус, А. Шэнберг, часткова А. Стравінскі, А. Скрабін), а таксама ў тэатры (Г. Кайзер, ранні Б. Брэхт), у кінематографе (Ф. Мурнау, Ф. Ланг), у скульптуры (Э. Барлах). Такая распаўсюджанасць і папулярнасць экспрэсіянізму давала падставы тэарэтыкам дадзенага метаду сцвярджаць, што экспрэсіянізм з’яўляецца не толькі плынню ў мастацтве, а і цэлай светапогляднай сістэмай і наогул новай эпохай у грамадскім і культурным жыцці чалавецтва,
   Непасрэдна ў літаратуру экспрэсіянізм увайшоў напярэдадні першай сусветнай вайны. Яго найбольш паказальныя рысы – перавага абстрактных, абагульненых вобразаў-сімвалаў, дэфармацыя прадметаў адлюстравання, павышаная эмацыянальнасць, схільнасць да гратэску. Для пісьменнікаў, якія спавядалі дадзены метад, было характэрным адлюстраванне адзінокай асобы, «маленькага чалавека», які, як тая пясчынка, згубіўся ў аграмадным горадзе-спруце. Асабліва моцна гэта выявілася ў творчасці Ф. Кафкі, пра што сведчаць такія яго творы, як «Працэс» (1915), «Пераўтварэнне» (1916) і інш.
   Экспрэсіянізм узнік у некаторай ступені як антытэза імпрэсіянізму. Апошні – светлы, лёгкі, празрысты; экспрэсіянізм жа – цяжкі, змрочны, цёмны. Імпрэсіяністы імкнуліся зафіксаваць адзінкавае імгненне, а экспрэсіяністы бачылі сваю задачу ў тым, каб паказаць рэчаіснасць як працэс – у руху, дынаміцы, зменах.
   У якасці самастойнай літаратурнай плыні экспрэсіянізм праіснаваў да пачатку 1930-х гг. Сышоўшы з літаратурнай арэны, ён, тым не меней, паспеў паўплываць на многіх пісьменнікаў Еўропы (творчасць Ф. Гарсіа Лоркі, Г. Граса, П. Вайса, Ф. Дзюрэнмата і інш.), а таксама ў некаторай ступені на літаратараў ЗША.
   Некаторыя стылёвыя прыёмы экспрэсіянізму выкарыстоўваліся ў беларускім мастацтве 1920-1930-х гг.