Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рэтардацыя

   Рэтардацыя (лац. retardatio — запаволенне, затрымка) — стылістычны прыём запаволення якіх-небудзь падзей ці з’яў.
   У эпічных, ліра-эпічных і драматычных творах гэта дасягаецца ўвядзеннем устаўных сцэн, эпізодаў, апісанняў прыроды, лірычных адступленняў і гэтак далей. У лірычных вершаваных творах рэтардацыя часам узнікае ў разгорнутых сінтаксічных перыядах, дзе галоўны сказ разбіваецца на дзве часткі: першая знаходзіцца ў пачатку перыяду, а заключная — у канцы яго. Гэта дапамагае завастрыць увагу чытача (слухача) твора на думцы, выказанай перш за ўсё ў галоўным сказе.
   Вось прыклад рэтардацыі у паэме Васіля Зуёнка «Сяліба»:

 

Той край,

імшарны, з сумам верасоў,

Дзе цар —

ядловец, нізенькі пярэстар,

Дзе цецярук пад чорнае крысо
Хавае ў дождж па сем цяцер пярэстых,
Дзе валіць з ног цвярэзнікаў чабор,
Нібы пяршак найпершай самай пробы,
Дзе выжыла адно найменне —

бор —

Як выспа паміж лядаў, расцяробаў,
Дзе прагная сасна дае засеў
І б’юць крыніцы з вечнаю надзеяй,
Дзе з году ў год ляснік Якім лысеў
І ціха старадрэвіны радзелі, —
Той край —

мая радзіма...


   Часам сэнсавыяўленчая роля рэтардацыі раскрываецца толькі ў канцы твора, у яго пуанце:

 

Генерацыя адаптацыя
адукацыя культывацыя
дэманстрацыя дэкларацыя
рэвалюцыя узурпацыя
эміграцыя іміграцыя
фабрыкацыя рэпутацыя
дэтанацыя рэстаўрацыя
рэканструкцыя прафанацыя
апазіцыя канфрантацыя
рэкламацыя кампенсацыя
індэксацыя інтэграцыя
радыяцыя дэградацыя
і чаго ж толькі не зведала
наша нацыя!
(В. Жыбуль. «Генерацыя дэградацыі,

альбо Дэградацыя генерацыі»)


   Рэтардацыя можа ляжаць у аснове кампазіцыйнай будовы ўсяго верша («А яна...» Янкі Купалы, «Каб ведалі» Максіма Танка).