Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рэтардацыя

   Рэтардацыя (лац. retardatio – запаволенне, затрымка) – стылістычны прыём запаволення якіх-небудзь падзей ці з’яў.
   У эпічных, ліра-эпічных і драматычных творах гэта дасягаецца ўвядзеннем устаўных сцэн, эпізодаў, апісанняў прыроды, лірычных адступленняў і гэтак далей. У лірычных вершаваных творах рэтардацыя часам узнікае ў разгорнутых сінтаксічных перыядах, дзе галоўны сказ разбіваецца на дзве часткі: першая знаходзіцца ў пачатку перыяду, а заключная – у канцы яго. Гэта дапамагае завастрыць увагу чытача (слухача) твора на думцы, выказанай перш за ўсё ў галоўным сказе.
   Вось прыклад рэтардацыі у паэме Васіля Зуёнка «Сяліба»:

 

Той край,

імшарны, з сумам верасоў,

Дзе цар –

ядловец, нізенькі пярэстар,

Дзе цецярук пад чорнае крысо
Хавае ў дождж па сем цяцер пярэстых,
Дзе валіць з ног цвярэзнікаў чабор,
Нібы пяршак найпершай самай пробы,
Дзе выжыла адно найменне –

бор –

Як выспа паміж лядаў, расцяробаў,
Дзе прагная сасна дае засеў
І б’юць крыніцы з вечнаю надзеяй,
Дзе з году ў год ляснік Якім лысеў
І ціха старадрэвіны радзелі, –
Той край –

мая радзіма...


   Часам сэнсавыяўленчая роля рэтардацыі раскрываецца толькі ў канцы твора, у яго пуанце:

 

Генерацыя адаптацыя
адукацыя культывацыя
дэманстрацыя дэкларацыя
рэвалюцыя узурпацыя
эміграцыя іміграцыя
фабрыкацыя рэпутацыя
дэтанацыя рэстаўрацыя
рэканструкцыя прафанацыя
апазіцыя канфрантацыя
рэкламацыя кампенсацыя
індэксацыя інтэграцыя
радыяцыя дэградацыя
і чаго ж толькі не зведала
наша нацыя!
(В. Жыбуль. «Генерацыя дэградацыі,

альбо Дэградацыя генерацыі»)


   Рэтардацыя можа ляжаць у аснове кампазіцыйнай будовы ўсяго верша («А яна...» Янкі Купалы, «Каб ведалі» Максіма Танка).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.