Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Варварызм

   Варварызм (ад лац. barbarus — чужаземны) — слова ці словазлучэнне, якое запазычана з чужой мовы і пакуль што ўспрымаецца як іншамоўнае. Да варварызмаў адносяцца таксама моўныя звароты, створаныя на ўзор адпаведных зваротаў пэўнай мовы.
   У залежнасці ад таго, з якой мовы словы і словазлучэнні запазычаны, адрозніваюць русізмы, украінізмы, паланізмы, англіцызмы, галіцызмы (з французскай), германізмы (з нямецкай), гебраізмы (з яўрэйскай) і г. д.
   Варварызмы перадаюць некаторыя незвычайныя паняцці і ствараюць так званы мясцовы каларыт, што характарызуе быт розных краін, народаў. Таксама варварызмы могуць выступаць як сродак сатырычнага высмейвання чалавека.
   Вось некалькі прыкладаў ужывання славянізмаў (з стараславянскай), русізмаў, літуанізмаў (з літоўскай мовы), галіцызмаў, англіцызмаў, паланізмаў:

Ад жаху сцяўся край мой родны,
Крывёю рэчка паплыла.
Мы пагібоша, акі обры,
Ля вежы, замка і сяла.

(З. Дудзюк. «Балада апошняй сведкі»)


А ты, о рускі мой «язык»!
Мой «обшчарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табе сам самадзержац цар

Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці Русь есі жандар
Усёй Еўропы!.

(Янка Купала. «Акоў паломаных жандар»)


За вашу дружбу, за цяпло,
Хоць ехаць нам пара,
Валё, валё, валё, валё,
Ура, ура, ура!

(Алег Лойка. «Не заімжыць глухі быльнёг...»)


Няўжо і цяпер сэ ля ві?
Ну, добра, адзью, Парыж!
Лондан, олрайт!
Нешта, Лондан, над зімою тваёй туман,
Над зімою тваёй чорны дым. Олрайт!

(М. Купрэеў)


Эх, панове, «ніц не бэндзе»:
Сапсуе нам справу «вшэндзе»:
Бо занадта пан «гаронцы»!
І не ў панскіх інтарэсах
Здзек такі чыніць «на крэсах»,
Нечуваны здзек пад сонцам!

(Якуб Колас. «Панам»)


   Мова, перанасычаная варварызмамі, называецца макаранічнай мовай, або трасянкай. З дапамогай такой мовы ствараецца камічны эфект у макаранічных вершах.