Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэма Радзімы ў паэзіі беларускай эміграцыі

Адзінакроўныя браты.
Адзінамоўныя паэты,
Вяртаецеся з небыцця,
Вяртаецеся з нематы,
Як злом замглёныя планеты,
Што дажылі да адкрыцця.

Р. Барадулін


   Важнае месца ў беларускай літаратуры займае эмігранцкая паэзія. Яе творцы – людзі, якія воляй абставін у канцы мінулай вайны аказаліся ў ЗША, а таксама іншых краінах свету. Доўгі час імёны іх і творы забараняліся, не згадваліся ў друку, а самі яны абвінавачваліся ў здрадзе, лічыліся ворагамі народа. Большасць творцаў з гонарам вытрымала выпрабаванне лёсу, захавала вернасць Бацькаўшчыне, беларускаму слову і роднай песні. Анталогіяй паэзіі беларускай эміграцыі з’яўляецца кніга "Туга па Радзіме", у якой змешчаны творы Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Уладзіміра Клішэвіча, Рыгора Крушыны, Міхася Кавыля, Хведара Ілляшэвіча, Янкі Золака і іншых нашых суайчыннікаў.
   Адным з самых яркіх прадстаўнікой беларускага паэтычнага замежжа з’яўляецца Наталля Арсеннева. Апошняя з яе кніг называецца "Між берагамі". Вершы ў ёй, пазначаныя высокай мастацкасцю, філасофскай назіральнасцю, мінорнай спавядальнасцю, адлюстроўваюць жыццё чалавека, адарванага прасторам і часам ад Бацькаўшчыны. Тут і тужлівыя радкі пра родны край, нараканні на лёс, які абышоўся з ёй не лепшым чынам, успаміны пра Беларусь, прызнанне ў шчырай любові да яе. Паэтэса і на чужыне ўслаўляе "ціхую і ветлую" Беларусь, у будучае якой бязмерна верыць. Аптымізмам, верай у тое, што Бог дапаможа ўсталяваць справядлівасць, прынясе адраджэнне роднаму краю, напоўнены добра вядомы многім верш "Малітва":

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларуссю, ціхой і ветлай,
рассып праменне Свае хвалы...

   Думамі пра Бацькаўшчыну – куточак зямлі, дзе нарадзіўся чалавек, упершыню ўбачыў свет, пазнаў першыя радасці, – прасякнуты таксама многія вершы Масея Сяднёва (аўтара зборнікаў "Ачышчэнне агнём", "А часу больш, чым вечнасць"):

Я восеняй жыву ў трывозе;
забудуся, ды зноў кране:
падпаленыя восеняй бярозы
гараць пякучай ранай у мяне.

   Пякучай ранай гараць успаміны паэта пра родную вёску Мокрае, хату з ліпінай, адвечныя курганы, бацьку, маці з яе кроснамі, сястру Дар’ю, наогул, маленства. Радзіма, якая для паэта "залацісцей усіх брам", ніколі не можа сцерціся з памяці. "Калі я гэты бераг і абраў, не значыць, што забыў я іншы бераг...", – прызнаецца паэт у вершы "Айчына". Разважаючы над лёсам беларускіх эмігрантаў і іх жыццём на чужыне, М. Сяднёў задае пытанне: "Нашто ж, скажы, між Захадам і Усходам вачыма сінімі ты прарасла?" Гэта радкі з верша "Радзіма", чытаючы якія можна яскрава ўявіць чалавека, які даўно адарваўся ад бацькоўскай зямлі, але ўвесь час жыве думамі аб ёй.
   Большую частку свайго жыцця пражыў у Аўстраліі і Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк). Творчасць яго пранізана шчымлівым болем за Радзіму, якая ўмяшчала ў сябе роднае Крысава на Дзяржыншчыне, званы Святой Сафіі, знаёмыя з дзяцінства Стажары, назаўсёды страчанае каханне, і "лясы, і лугі, і блакітныя нівы, неба – вечная сінь, дол – зяленіва шоўк"... Любоў да далёкай, недасяжнай Радзімы для лірычнага героя верша "Ты" – гэта пакуты, расчараванні, сумленні і ў той жа час адзіная ўмова жыцця, яго надзея, спадзяванне:

За любоў да Цябе я пакутаваць мушу,
а ў разлуцы з Табой – існаваць, а не жыць...

   Вобраз Радзімы ў паэзіі У. Клішэвіча ("Сняцца сны мне залатыя"), Р. Крушыны ("Дарогі", "Сны і мары"), М. Кавыля ("Першая рана", "Міжагнёўе"), Я. Золака ("Мая Беларусь", "Маці мая – Беларусь") – гэта перш за ўсё бацькоўская зямля, якая ў кожным творы атрымлівае канкрэтнае ўвасабленне. Гэта васількі на родных палетках, восень з кастрыцай, вясновы бурлівы разліў, пахілы крыж над магілай дзеда, родная мова – "аксаміт жаўруковае песні", маці з лучынаю ў хаце, шчырая вера, Каліноўскі, Скарына, Багушэвіч, Купала... Усведамляючы сябе часткай Беларусі, Янка Золак прызнаецца:

Белая, светлая, чыстая,
Мой галасісты жаўрук!
Ты – мая доля вячыстая,
Маці мая – Беларусь.

   Тэма Радзімы, такім чынам, займае галоўнае месца ў творчасці паэтаў беларускага замежжа. Знаходзячыся далёка ад бацькоўскага дома, паэты-эмігранты не схілялі па-халопску галоў ні перад чужынцамі, ні перад заўзятымі адрачэнцамі. Яны былі сапраўднымі сынамі свайго народа, услаўлялі родную Беларусь, верылі ў яе адраджэнне, паводзілі сябе, як справядліва зазначае А. Каўка, мужна, па-рыцарску, "пакутуючы, гоячы, наколькі стае паэтычнага дару, раны маці-Радзімы, баронячы яе чалавечы, нацыянальны гонар".

 

Похожие статьи:

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы