Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Золак

Фатаграфія Янкі Золака   Нарадзіўся Антон Міхайлавіч Даніловіч, будучы паэт Янка Золак, у вёсцы Лучнікі, цяпер прыгарад Слуцка, 1 лістапада 1912 года ў заможнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Лучнікоўскай сямігодцы, дзе і пачалі з’яўляцца ў рукапісным часопісе "Прамень" і школьнай сценгазеце першыя паэтычныя спробы Антона Даніловіча. Пасля сямігодкі два разы падаваў заявы ў Слуцкі педтэхнікум, але ў прыёме яму адмаўлялі як сыну серадняка. Удалося скончыць Рагачоўскія настаўніцкія курсы (1930), паступіць на завочнае аддзяленне Мінскага белпедтэхнікума. З 18 гадоў пачаў працоўную дзейнасць настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Міраціна Бабруйскага раёна. Не пакідаў намераў атрымаць вышэйшую адукацыю і пасля педтэхнікума паступіў на завочнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Аршанскага настаўніцкага інстытута. Пераехаў у Гарбацэвічы, стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе. Завочная вучоба спрыяла пастаяннай самастойнай працы над сабой. Антон Даніловіч асабліва захапіўся літаратурай, паэтычным словам беларускіх, рускіх класікаў, кнігамі беларускіх лінгвістаў. А «гісторыю Бацькаўшчыны, – як адзначаў сам паэт, – я вывучаў па кнігах Гарэцкага, Пічэта, Карскага, Ігнатоўскага, Тарашкевіча. У першай палове 20-х гадоў я ведаў і пра Першы Усебеларускі Кангрэс, і пра БНР, і пра Слуцкае паўстаньне...» Тады ж, з 1930 года, у перыядычным друку сталі з’яўляцца першыя вершы Антона Даніловіча, якія ён падпісваў як уласным прозвішчам, так і псеўданімам Антось Вірок. Міхась Лынькоў, які ў 30-х гадах жыў у Бабруйску і рэдагаваў газету «Камуніст», змяшчаў вершы маладога паэта ў літаратурным дадатку «Вясна», дзе ў той час друкаваўся і зямляк Янкі Золака Васіль Вітка. На гэты час прыпадаюць сустрэчы і знаёмствы Антона Данілевіча з Якубам Коласам, Васілём Віткам, П. Галавачом, Міхасём і Рыгорам Лыньковымі, П. Глебкам, Петрусём Броўкам, А. Жаўруком, што спрыяла ўваходжанню ў пісьменніцкае асяроддзе, стымулявала паэтычную творчасць. Але 30-я гады – цяжкі, супярэчлівы і складаны час: пачалася калектывізацыя, рушыліся асновы сялянскага ўкладу, надыходзілі сталінскія рэпрэсіі (бацька Антона быў пад пагрозай раскулачвання як «цвёрдазаданнік», а дзядзька ўжо высланы на катаржныя работы, на Беламорканал, дзе і загінуў). Таму і вершы пісаліся з аглядкай, адлюстроўвалі поспехі «савецкага будаўніцтва». Антон Даніловіч не быў выключэннем.
   Вайна заспела ў Гарбацэвічах, і Антон Даніловіч накіраваўся на зборны пункт мабілізацыі ў Бабруйск, дзе паведамілі, што ваенкамат выехаў у Рагачоў, куды ўжо нельга было трапіць. І ён вяртаецца ў Лучнікі і распачынае разам з Лявонам Случаніным наладжваць работу Лучнікоўскай сямігодкі, бо Случчына апынулася ўжо ў глыбокім тыле ворага. Але ж, нягледзячы на вайну дзяцей трэба было вучыць (да канца акупацыі заставалася доўгіх чатыры гады). Пачалі выдаваць рукапісны часопіс «Васілёк», дзе А. Даніловіч змяшчаў свае вершы пад псеўданімам Антось Пясьняр. У Слуцку на той час жылі паэты У. Клішэвіч, Рыгор Крушына, А. Крот, П. Манькоў – яны прычыніліся да выдання «Газэты Случчыны», правобразам якой стаў часопіс «Васілёк». І Антон Даніловіч ужо пад псеўданімам Янка Золак друкуе на яе старонках свае новыя вершы (пазней яны ўвайшлі ў калектыўны зборнік «Песняры Случчыны», 1943).
   Вершы Золака друкаваліся не толькі ў мясцовых выданнях, але і ва ўсёй беларускай перыёдыцы, якая выходзіла на акупаванай тэрыторыі з дазволу немцаў: «Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Беларус на варце» (Мінск), «Баранавіцкая газета» (перайменаваная пазней у «Пагоню»), «Слонімская газета», «Новая дарога» (Беласток), «Новы шлях» (Рыга). Вось гэтая праца ў школе, актыўная пісьменніцкая дзейнасць Янкі Золака пад час нямецкай акупацыі лічылася паводле савецкіх законаў здрадніцтвам. супрацоўніцтвам з ворагам, гэтыя фармулёўкі па сённяшні дзень уводзяцца ў афіцыйныя публікацыі пра пісьменнікаў беларускага замежжа. Але калі прааналізаваць яго вершы ваеннага перыяду, учытацца ў іх змест, то можна адчуць, што дзейнасць гэтая была скіраваная на тое, каб абудзіць нацыянальную свядомасць суайчыннікаў.
   Як і іншыя беларускія пісьменнікі, Янка Золак панёс у выгнанне «сцежкай пакут чалавечых» цяжкі свой крыж болю, смутку і надзей. На гэтых сцежках Еўропы, Германіі яму давялося зазнаць амерыканскі палон як афіцэру Беларускай краёвай абароны, «смак» паднявольнай працы ў баўэраў, сустракаць спакутаваных дзяўчат-суайчынніц. Не аднойчы з горыччу прызнаваўся паэт: «прада мной ня жыццё, а бадзянне // без дарог, без пуцін, наўгад...» Але яму было ўсяго толькі 33 гады і не згасаў у сэрцы агонь беларускасці, спадзяванняў, што Бацькаўшчына паўстане з пекла ваенных разбурэнняў, абудзіцца ад духоўнага небыцця. Ён верыў, што сцвердзіцца нацыянальная ідэя, згуртуе вакол сябе беларусаў у змаганні за волю. І паэт шукаў магчымасці служыць гэтай ідэі і за межамі Беларусі. Даведаўшыся, што ў Рэгенсбургу заснаваўся першы беларускі лагер перамешчаных асобаў, Янка Золак перабіраецца да землякоў і актыўна далучаецца да беларускай справы. З 1945 і да 1951 года ён працуе ў пачатковых беларускіх школках (Рэгенсбург, Віндышбергердорф), а потым у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе і Бакнангу. Акрамя гэтай педагагічнай дзейнасці ён сталы ўдзельнік літаратурнага эмігранцкага жыцця. Адразу пасля заснавання літаратурнага аб’яднання «Шыпшына» Золак становіцца яго актыўным сябрам, друкуе свае вершы ў часопісе «Шыпшына». Разумеючы, якое вялікае значэнне для згуртавання пісьменніцкіх сіл і наогул усёй беларускай эміграцыі мае друкаванае слова, ён наладжвае ў Міхельсдорфе выданне рататарным спосабам часопісаў «Вызваленне», «Дзіда».
   Пераезд у Злучаныя Штаты Амерыкі (1951) не спыніў актыўнай дзейнасці паэта на беларускай ніве. Дзеля хлеба надзённага ён мусіў працаваць, як і іншыя творцы, на розных фізічных работах (спачатку ўладкаваўся на чыгунку, потым да самай пенсіі рабіў на фабрыцы, за станком), дзеля душы, увесь час па-за працай, хоць іншым разам і з вялікімі перапынкамі, пісаў вершы. Самастойна вывучыў друкарскую справу, перакупіў у а. Яна Пятроўскага друкарню і заснаваў выдавецтва «Адгук». Пачаў выдаваць газету «Беларускі патрыёт» з літаратурным дадаткам («Сялянскі кліч»), часопісы «Палессе» і «Прыйсце», друкаваў брашуры («Асновы маралі» Я. Кіпеля). Калі набыў адпаведны досвед у друкарскай справе, пачаў выдаваць кнігі (паэтычныя зборнікі У. Клішэвіча «Далячынь», Н. Чарнушэвіча «Дзіва», сабраў і перавыдаў вершы сваіх землякоў «Зьнічкі Случчыны»). Выдаваў, вядома, і зборнікі сваіх уласных вершаў. У 1979 годзе пабачыў свет першы том твораў Золака, куды ўвайшлі тры зборнікі паэта, якія асобна не выдаваліся («Агонь душы», «Неба роднага скрылёчкі», «Крылатае сэрца»), а праз два гады – другі том, выйшлі зборнік гумарэсак «За чужы грэх», кніга лінгвістычных нататкаў «Падкашнічак», «Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў».
   Каб не ўласна заснаванае выдавецтва, невядома, ці змог бы Золак выдаць у Амерыцы зборнікі сваіх вершаў, кнігі іншых беларускіх творцаў, бо шукаць фундатараў, прасіць у некага грошы паэт, як чалавек незалежны, з пачуццём асабістай годнасці і гонару, не мог сабе дазволіць. Усё гэта яскрава сведчыць, якіх поспехаў змог дабіцца нязломны, працавіты беларус у імкненні дасягнуць пастаўленых мэтаў, калі яму дадзена самому быць гаспадаром свайго лёсу, жыць у вольнай, дэмакратычнай краіне. Так выбудоўваў беларускі паэт свой побыт на чужыне, прысвяціўшы творчыя і жыццёвыя сілы служэнню беларускай справе.
   Акрамя пісьменніцкай, выдавецкай дзейнасці Янка Золак з 1960 года становіцца адным з арганізатараў і галоўным рэдактарам грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Беларуская думка». Часопіс паставіў мэту: «Служыць беларускаму народу, беларускай нацыянальна-вызвольнай ідэі і справе дэмакратыі». Многія гады Золак быў галоўным рэдактарам «Беларускай думкі» (пазней гэтую пасаду пераняў Міхась Кавыль). Нездарма Янку Золака – паэта, рэдактара, выдаўца, першадрукара эміграцыі, амерыканскія беларусы называюць саўтрыверскім Скарынам. Многія ягоныя вершы друкаваліся ў беларускіх эмігранцкіх выданнях пад самымі рознымі псеўданімамі: Н. Авадзень, З. Ажына, К. Аса, В. Асьцюк, Язэп Дольны, М. Залескі, А. Здрок, П. Міранюк, П. Мурашка, Парыцкі, Я. Цікаўны.
   У 1992 годзе, праз паўвека, Янка Золак прыехаў на Радзіму, дзе адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Другі раз паэт прыязджаў у Беларусь у 1994 годзе, быў удзельнікам Першага з’езду беларусаў свету, зноў пабываў у Лучніках, сустрэўся з роднымі, з Лявонам Случаніным.
   Зямны шлях Янкі Золака скончыўся 30 снежня 2000 года ў далёкай Амерыцы. Пахаваны ён на беларускіх могілках Саўт-Рывера (штат Нью-Джэрсі).

 

Крыніца: Савік Л. С. Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа. Мінск: Тэхналогія. 2001. 479 с.

Похожие статьи:

Янка ЗолакЯнка Золак - Газэла

Янка ЗолакЯнка Золак - Божа Ўсяўладны

Янка ЗолакЯнка Золак - Прыйсце

Янка ЗолакЯнка Золак - Мой дух

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака