Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэма Беларусі ў лірыцы Я. Купалы першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя

   Тэма Беларусі з’яўляецца асноўнай у творчасці Я. Купалы першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя. Бацькоўская зямля, родны край, яго веліч і краса, жальба і смутак, яго мінулае, сучаснае і будучае заўсёды хвалявалі паэта.
   Першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе – складаны для паэта перыяд. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г., нямецкая і польская акупацыі, утварэнне БНР, БССР, Літоўска-Беларускай ССР і іншыя падзеі не маглі не паўплываць на творчасць Я. Купалы. Прымаючы рэвалюцыю з народных, дэмакратычных пазіцый, паэт не поўнасцю разумеў яе сутнасці, асуджаў яе разбуральную і знішчальную сілу, не ўсё ўхваляў у паслярэвалюцыйнай савецкай яве, лічыў Беларусь ахвярай нашэсця чужынцаў. У час, калі пад пагрозай аказалася не толькі духоўнае, але і фізічнае існаванне нацыі, адраджэнская тэма ў творчасці Я. Купалы паступова затухае, адыходзіць на другі план. Бальшавіцкія парадкі не спрыялі творчаму настрою: на працягу 1916 -1917 гг. да восені 1918 г. Я. Купала не напісаў ніводнага верша. Водгукам на падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны з’явіліся вершы, напісаныя толькі ў кастрычніку-снежні 1918 г. "Я зноў заснуўшую было жалейку бяру і пробую ў ёй галасоў", – напіша паэт у вершы "Для бацькаўшчыны".
   Многія вершы гэтага перыяду ("Паязджане", "Буслы", "На прызбе","Сон") народжаны канкрэтнымі рэальнымі абставінамі і пранізаны матывамі тугі, трывогі, безвыходнасці, трагізму і нявер’я ў чалавека. З мільёнаў людзей, што апынуліся ў бежанстве, у "злыбядусе", "бездарожжы, беспрыстанні", стварыў Я. Купала ўмоўна-абагульнены вобраз "паязджан". У вершы "Паязджане"аўтар выказвае трывожную думку аб будучым Беларусі, якое ўяўляецца то густым сасоннікам у начной цемры, населеным рознымі пачварамі-зводамі, то завірухай: змораныя, стомленыя людзі кудысьці імкнуцца, хочуць чагосьці дасягнуць, а чаго – не разумеюць і не ведаюць.
   Паэт, імкнучыся вытлумачыць многія пытанні далейшага жыцця народа, улоўліваючы эпахальны для Беларусі момант (вызваленне ад нямецкай акупацыі, абвяшчэнне БНР), вялікую надзею ўскладаў на сход (вершы "На сход","Час!"). Аўтар, праўда, не дае тлумачэнне, што гэта за сход. Але ён упэўнены, што на ім народ сам вырашыць, як яму ў далейшым жыць, "як заводзіць" новы лад жыцця. І таму заключныя радкі верша "Час!" уяўляюць сабой заклік:

Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

   Ідэяй незалежнасці Беларусі прасякнуты вершы "Паўстань...", "Перад будучыняй", "Акоў паломаных жандар...", "Каб...". У іх выявілася не толькі імкненне паэта да дзяржаўнай незалежнасці, але і гнеўная водпаведзь "ворагам Беларушчыны", слугам "ацечаства, цара". Верш "Паўстань..." акрэслівае і канкрэтныя ўмовы незалежнасці – вылучэнне з народа ўласнабеларускіх "прарокаў", песняроў, воінаў і дзяржаўных дзеячаў ("уладароў"), якія б змаглі аб’яднаць у адну сям’ю Беларусь і абараніць яе ад ворагаў.
   "Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ свіст меча, і настане светлы, радасны дзень змучанага і аграбленага нашага народа... Зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць", – скажа Я. Купала ў прамове, прысвечанай 15-годдзю творчай дзейнасці.
   Першы паслярэвалюцыйны зборнік Я. Купалы "Спадчына" адкрываецца вершам з аднайменнай назвай. У ім аўтар выказвае вялікую любоў да роднай старонкі – спадчыны, што засталася нам ад продкаў. Паэт называе яе самым вялікім скарбам, які беларусы павінны зберагчы і захаваць для нашчадкаў. Прыгадваючы родныя мясціны, Я. Купала з хваляваннем успамінае "вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены", "стары амшалы тын", "крык вароніных грамад" на могілках. Усё помніцца яму да дробязей, бо ён і ў думках, і ў снах непарыўна звязаны з бацькоўскай зямлёй.
   Творчая дзейнасць Я. Купалы на пачатку аднаўленчага перыяду была няпростай. У першай палове 20-х гг. паэт акрылены: усталяваўся мір, Беларусь набыла сваю дзяржаўнасць, у літаратуру ўлілося новае пакаленне, беларуская мова стала мовай справаводства, дзяржаўных і грамадскіх устаноў, пашырыліся межы рэспублікі... З’яўляюцца вершы аптымістычнага плана: "Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі" (аб вяртанні беларускіх сыноў да сваёй маці-Айчыны), "Арлянятам" (аб з’яўленні новай літаратурнай змены),"На смерць Сцяпана Булата", "Цішку Гартнаму", "Наш летапісец" (у іх услаўляюцца дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, вучоныя, журналісты). Радасцю, упэўненасцю ў светлым заўтрашнім дні Беларусі напоўнены многія радкі паэмы "Безназоўнае":

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, –
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела...

   У канцы ж 20-х гг. у творчасці Я. Купалы зноў з’яўляюцца ноткі песімізму і трывогі. Безумоўна, яны былі выкліканы абставінамі таго складанага часу (уступала ў сілу таталітарная сістэма). Падазронасць, недавер, цэнзурныя рэпрэсіі, допыты ў ДПУ давялі паэта да спробы скончыць жыццё самагубствам. На шчасце, Я. Купала выжыў, каб яшчэ многа чаго расказаць пра Бацькаўшчыну.
   Я. Купалу называюць паэтам трагічнага лёсу. Поўнасцю аддадзены беларускаму народу, ён разам з ім выпіў да дна наканаваную лёсам чашу выпрабаванняў і пакут. Яго не палохаў бурны і крывавы паслярэвалюцыйны час. Боль, трывога і клопат аб Беларусі адчуваюцца ва ўсіх творах вернага сына Бацькаўшчыны. Сваёй мужнасцю і сваёй творчасцю Я. Купала паказаў свету, што была, ёсць і будзе жыць Беларусь, што яна смела глядзіць у будучыню.

 

Похожие статьи:

СачыненніРэвалюцыйна-вызваленчыя матывы ў творчасці Цёткі

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы