Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Будзе, будзе да скону мне Чарнобыль балець...

   Вясна заўсёды цешыць душу, нясе радасць, надзею. З кожнай вясной чалавек як бы нараджаецца зноў. Вясна ж 1986-га прынесла бяду. Гэты год, як калісьці ваенны 1941-ы, прайшоўся пякучым болем па лёсе амаль кожнага беларуса. Ён усклаў на плечы яшчэ адно выпрабаванне, прымусіў іншымі вачыма глянуць вакол сябе.
   І зусім інакш глядзім мы сёння на знаёмыя абрысы карты Беларусі. Цяпер ужо чорнымі плямамі афарбаваны яны. А ў іх Хойнікі, Брагін, Краснаполле, Чачэрск... І часцей ужо можна пачуць выразы "зона забруджання", "зона адсялення"... А чым вымераць гора людзей, якія вымушаны пакінуць магілы родных, хаты дзяцінства, вёскі, дзе кожны сусед быў братам? Багаты палескі край аказаўся безабаронным і сам пачаў несці пагрозу людзям. І ўжо пустымі аканіцамі сустракаюць гасцей пакінутыя вёскі. Пустазеллем пакрыліся палеткі. І галасы птаства ўжо не вабяць чалавечыя душы...
   У зоне адчужэння і адсялення засталіся родныя вёскі І. Мележа (Глінішча) і М. Мятліцкага (Бабчын). Мікола Мятліцкі аднойчы сказаў, што паэтам яго зрабіў Чарнобыль. Напэўна, гэта так. Паслячарнобыльскія кнігі паэта ("Шлях чалавечы", "Палескі смутак") – гэта памяць жывога жыцця на зямлі. Іх шчымлівыя вершы асабліва кранаюць і трывожаць, бо да драбніц уваскрашаюць страчанае, вяртаюць у родныя мясціны.
   Адным з першых адгукнуўся на чарнобыльскую трагедыю, якую часта называюць беларускай Хірасімай, Рыгор Барадулін. У "Зажураным трыпціху" ён перадае прадчуванне чалавекам таго, што родная зямля, яе песні могуць "у радыеактыўным пыле задыхнуцца". Пазней з’явіліся творы А. Вялюгіна ("Вясна трывогі нашай"), М. Танка ("Пасля аварыі"), В. Зуёнка ("Касмічная вестка", "Атамная малітва"), У. Някляева ("Зона"), С. Законнікава ("Чорная быль"), Я. Сіпакова ("Одзіум"), І. Пташнікава ("Львы"), А. Грачанікава ("Ах, Чарнобыль"), А. Зэкава ("Аварыя сумлення") і мн. інш.
   Раман І. Шамякіна "Злая зорка" – першы празаічны твор пра чарнобыльскую бяду ў беларускай літаратуры. Дзеянне ў рамане адбываецца ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці. Увесь цяжар чарнобыльскай аварыі абрушваецца на плечы старшыні райвыканкама Пыльчанкі, якому прыходзіцца высяляць людзей з атручанай зоны. Крытычна аўтар паказвае кіруючую сістэму рэспублікі, на сумленні работнікаў якой перакрэсленыя чалавечыя жыцці, пакалечаныя лёсы, страчаныя надзеі.
   С. Законнікаў у паэме "Чорная быль" спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, заклікае да барацьбы з безадказнасцю і беспрынцыповасцю, папярэджвае аб наступленні духоўнага Чарнобыля:

Калі ж і зараз ты не загукаеш,
А будзеш жыць пад страхам і прынукай,
Чарнобыль не такі яшчэ чакае
Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

   Аўтар паэмы паказвае трагічны лёс старых людзей, якія ўсё жыццё пражылі на гэтай зямлі, а зараз вымушаны ехаць на чужыну. Паэт нагадвае выпадак з бабуляй, якую затрымалі ў зоне забруджання. Ёй напомнілі, што навокал радыяцыя, а старая "выцірала слёзы чорнай ссохлай жменькай":

Дзеці не пускалі, уцякла, як злодзей.
Самі мае ножанькі прывялі дадому...

   Страшна глядзець на апусцелыя вёскі, пакінутыя хаты, непрыбраныя хлебныя палі, жывёл, якіх не можа выратаваць чалавек, на сонца, якое нібы "адарвалася ад неба, а зямля не прымае яго, і яно павісла. І гэтак будзе вісець. І не здолее ўзысці, страціўшы сілу". Драматычным напалам, пачуццём адказнасці за ўсё, што адбываецца на роднай зямлі, патрабаваннем праўды жыцця, няхай суровай і горкай, поўняцца радкі паэмы С. Законнікава:

Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе, што будзе пасля? –
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
Ёсць праўда адна – праўдай жыць,
Няхай і суровай, і горкай...
У небе над намі стаіць,
Як зніч, палыновая зорка.

   Чарнобыльская трагедыя – боль, смутак, крык чалавечай душы, плач, выміранне. А яшчэ гэта пакаранне за нашы недарэчныя ўчынкі, безгаспдарлівыя адносіны да ўсяго навакольнага. Там, дзе народ не гаспадар сваёй зямлі, дзе няма нацыянальнага ўсведамлення, лёгка адбыцца непапраўнай бядзе. У Бібліі ёсць такія словы: "Трэці Анёл пратрубіў, і ўпала з неба вялікая Зорка, якая гарэла падобна свяцільні, і ўпала на трэцюю частку рэк і на крыніцы вод. Імя той зоркі – палын (чарнобыль), і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкімі". Калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, людзі прыгадалі гэтае выказванне з Бібліі. Я. Сіпакоў, успрымаючы чарнобыльскую бяду як несправядлівую д’ябальскую кару, як экалагічную катастрофу, звяртаецца да Усявышняга з просьбай заступіцца за Беларусь і яе цярплівых пакутнікаў, быць літасцівым да іх. Паэта не пакідае надзея на непераможнасць і бясконцасць жыцця: "І ўсё ж падай, семя, на маю зняможаную зямлю! І прарастай. І спялі такую патрэбную нам зараз надзею. Бо калі ёсць бяда, трэба, каб была і надзея" (паэма "Одзіум").
   Сёння ўсе мы разам і кожны паасобку адказваем за тое, што адбываецца на Зямлі. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям выжыць пасля той трагедыі. Мы павінны захаваць цудоўны прыродны скарб для нашых нашчадкаў. Але і праз гады, у новым і шчаслівым жыцці, як папрок, як напамін, як папярэджанне, маленькім чырвоным сцягам будзе пульсаваць зорка Чарнобыля.

 

Похожие статьи:

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Аб самым смачным...

Сучасная літаратура БеларусіТэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі

Алесь ПісьмянкоўАлесь Пісьмянкоў - 1986

Артур ВольскіАртур Вольскі - Боль Чарнобыля