Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ісці ў разведку

Варыянт 1 (240 слоў)

   Пайшлі раз Сярожка з Косцікам у лес па ландышы, дзеду на лекі ад сэрца.
   Усталі раненька, узялі па кавалку хлеба з маслам. На шашы прагаласавалі, і шафёр узяў іх у кабіну.
   Вось і лес. Пад нагамі шмат розных кветак, а ландышаў няма. Давялося хлопчыкам ісці ў глыб лесу.
   А там між зялёных лісткоў, што раслі з самай зямлі, на тоненькіх высокіх сцяблінках віселі, нібы завушніцы, белыя званочкі.
   Многа кветак хлопцы не рвалі, толькі каб хапіла дзеду на лекі. Паклалі ландышы ў мяшэчак і пачалі шукаць дарогу назад. Косцік, як заўсёды, спяшаўся. Зачапіўся за сук і – бразь! Паляцеў з усяго размаху. Падбег Сярожа, устаць дапамагае, а Косцік на нагу стаць не можа. Узяў Сярожа яго на плечы і панёс.
   Цяжка яму, ледзь дыхае, але ж не кінеш сябра ў лесе, не пабяжыш адзін дадому. А тым часам і цямнець пачало. Селі хлопчыкі на зямлю, думаюць, што ім рабіць. Сабраліся ўжо ў лесе начаваць, дасталі хлеб з маслам.
   І раптам выходзіць да іх ляснік. Расказалі яму хлопчыкі пра сваю бяду.
   Узяў ляснік Косціка на рукі і панёс. Але зусім не ў той бок, куды нёс яго Сярожа. Неўзабаве выбраліся на шашу. Спыніў ляснік машыну, папрасіў шафёра, каб завёз хлопчыкаў дадому.
   Назаўтра Сярожа пайшоў адведаць Косціка. А той сядзіць на ложку, нага ў гіпсе. Убачыў дзед Сярожу, усміхнуўся:
   – Дзякуй за ландышы. З табой можна хадзіць у разведку. Гэта на вайне так казалі. Пра чалавека, які сябра ў бядзе не пакіне.

 


 

Варыянт 2 (506 слоў)

   Прыйшоў аднойчы Косцік да Сярожкі і паклікаў яго схадзіць у лес па ландышы.
   Сярожка спачатку падумаў, а потым сказаў, што ландышы рваць нельга, бо іх у лесе і так мала засталося.
   Косцік адразу ж загарачыўся:
   – Гэта на букецікі рваць нельга, а мне на лекі для дзеда, яму ад сэрца настойка з ландышаў трэба.
   Сярожка на гэта зноў падумаў і сказаў, што калі ў аптэцы няма такой настойкі, то, вядома, трэба ехаць і збіраць ландышы ў лесе.
   Назаўтра хлопчыкі ўсталі раненька, узялі па кавалку хлеба з маслам, Сярожка запалкі ў кішэню паклаў. На шашы прагаласавалі, і шафёр узяў іх да сябе ў кабіну.
   I вось ён, майскі лес. Кожны лісточак быццам вымыты, такія яны чыстыя. Птушкі спяваюць, а пад нагамі кветак-кветак: і сінія, і жоўтыя, і белыя. Толькі ландышаў няма. Вырашылі тады хлопчыкі пайсці далей ад дарогі і там пашукаць кветак.
   Пайшлі яны ў глыб лесу. Вось ужо і гулу машын на шашы не чуваць, толькі птушкі званчэй спяваюць.
   I раптам Косцік як закрычыць: гэта ён ландышы ўбачыў.
   Між зялёных лісткоў, што раслі з самай зямлі, на тоненькіх высокіх сцяблінках віселі, нібы завушніцы, белыя званочкі.
   Многа хлопчыкі не рвалі, толькі б хапіла на лекі дзеду. Паклалі яны ландышы ў цэлафанавы мяшэчак ды падаліся шукаць дарогу назад. Косцік, як заўсёды, спяшаецца. Раптам зачапіўся за сук і – бразь! Паляцеў з усяго размаху. Падбег Сярожка, устаць памагае, а Косцік на нагу ступіць не можа. Узяў Сярожка яго на плечы, панёс. Ды цяжкі Косцік, а тут пад ногі трапляецца то грудок, то ямка. I лес вакол незнаёмы, не ведае Сярожка, ці правільна ён ідзе. То адпачываў хлопчык, то зноў нёс Косціка, а лес усё не заканчваўся.
   Стаміўся Сярожка, ледзь дыхае, але ж не кінеш сябра ў лесе, не пабяжыш дамоў адзін.
   А тым часам пачало ўжо і цямнець. Пачарнелі ствалы хвой і бяроз, страцілі колер кветкі, на неба месяц усплыў.
   Селі хлопчыкі пад елкаю, думаюць, што ж ім рабіць. Сярожка тады і параіў заначаваць у лесе, бо запалкі ў іх ёсць, а вогнішча яны хуценька распаляць.
   Так хлопчыкі і вырашылі начаваць у лесе. Цяпер жа вясна, а Косцікаў дзед, калі ў партызанах быў, то і зімой у лесе начаваў.
   Распаліў Сярожка вогнішча, дастаў хлеб з маслам.
   I раптам па лесе крокі – шах, шах... Ды такія цяжкія, што аж сучча пад нагамі трашчыць. Спалохаліся хлопчыкі, а тут выходзіць да іх ляснік і строга так пытаецца, што яны тут робяць ноччу ды навошта агонь распалілі ў лесе.
   Расказалі сябры лесніку пра сваю бяду і пра тое, як дзеду ландышы на лекі збіралі ды заблудзіліся.
   Узяў ляснік Косціка на рукі і панёс. Але зусім не ў той бок, куды нёс яго Сярожка. Неўзабаве выбраліся яны на шашу. Спыніў ляснік машыну, папрасіў шафёра, каб той завёз хлопчыкаў дадому.
   Назаўтра Сярожка прыйшоў адведаць Косціка. Той сядзіць на ложку, а нага яго ў гіпсе. Побач прымасціўся дзед. Убачыў дзед Сярожку, усміхнуўся, падзякаваў за ландышы і сказаў, што з ім можна хадзіць у разведку.
   – У якую разведку? – не зразумеў Сярожка.
   – Гэта на вайне так казалі, – растлумачыў дзед. – Пра чалавека, які сябра ў бядзе не пакіне.

Паводле Л. Арабей

 

Похожие статьи:

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Зернетка і вецер

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Маё і тваё

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Новы сшытак

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мікіткаў сон

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мама