Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Што ў назвах?

   У кожнай назве паселішча сваё паняцце. Проста так назва не з’явілася. Яна нясе пэўны сэнс, мае сваё тлумачэнне. Пра назвы населеных пунктаў Слонімшчыны можна пісаць і аповесці, і апавяданні, і казкі.
   Ёсць зразумелыя назвы. Вёска Залессе некалі ўзнікла за лесам, Загор’е – за гарой, Задвор’е – за дваром, маёнткам. Вёска Кавалі, відаць, уславіла сваіх даўнейшых майстроў-кавалёў. А вось Азарычы вядомы з XVІ стагоддзя. Назва паходзіць ад імя чалавека Азар, Азарыя, або Елеазар. Са стараяўрэйскай мовы яно перакладаецца як «Бог памог».
   Такія ж загадкі без разгадак у вёскі Акунінава (ад імя Акуня, Акула, Акушка, Акіла), у вёскі Ганькі (ад імя Ганька, Ганько, Ананія), у вёскі Грынкі (ад імя Грынко, Грын), у вёсак Ермалоўшчына, Мікалаеўшчына, Паўлава, Савічы, Сянькоўшчына.
   А вось адкуль, ад чаго слонімскія Ваўчкі? З падобнай назвай звыш сямідзесяці беларускіх вёсак. Вучоныя тлумачаць, што імя Воўк старажытныя людзі давалі дзецям – як сімвал магічнай сілы. Яно, лічылі, магло абараніць ад злых духаў. Імя-мянушка перайшло ў назву вёскі, дзе жыў радавод Ваўкоў, Ваўчкоў.
   Вёска Гуменікі можа быць удзячна прозвішчу яе заснавальніка Гуменіка або наглядчыку пры гумне – гуменіку. Ён ахоўваў ураджай вяскоўцаў, быў як бы галоўным над імі.
   Задумайцеся, сябры, над назвай свайго паселішча. Пашукайце адгадку, раскрыйце таямніцу. І вы, веру, яшчэ больш палюбіце сваю малую радзіму.
(202 словы)

(У. Ліпскі)

 

Похожие статьи:

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Вясковы дом

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Вясковая ідылія

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Вёска