У кожнай назве паселішча сваё паняцце. Проста так назва не з’явілася. Яна нясе пэўны сэнс, мае сваё тлумачэнне. Пра назвы населеных пунктаў Слонімшчыны можна пісаць і аповесці, і апавяданні, і казкі.
Ёсць зразумелыя назвы. Вёска Залессе некалі ўзнікла за лесам, Загор’е – за гарой, Задвор’е – за дваром, маёнткам. Вёска Кавалі, відаць, уславіла сваіх даўнейшых майстроў-кавалёў. А вось Азарычы вядомы з XVІ стагоддзя. Назва паходзіць ад імя чалавека Азар, Азарыя, або Елеазар. Са стараяўрэйскай мовы яно перакладаецца як «Бог памог».
Такія ж загадкі без разгадак у вёскі Акунінава (ад імя Акуня, Акула, Акушка, Акіла), у вёскі Ганькі (ад імя Ганька, Ганько, Ананія), у вёскі Грынкі (ад імя Грынко, Грын), у вёсак Ермалоўшчына, Мікалаеўшчына, Паўлава, Савічы, Сянькоўшчына.
А вось адкуль, ад чаго слонімскія Ваўчкі? З падобнай назвай звыш сямідзесяці беларускіх вёсак. Вучоныя тлумачаць, што імя Воўк старажытныя людзі давалі дзецям – як сімвал магічнай сілы. Яно, лічылі, магло абараніць ад злых духаў. Імя-мянушка перайшло ў назву вёскі, дзе жыў радавод Ваўкоў, Ваўчкоў.
Вёска Гуменікі можа быць удзячна прозвішчу яе заснавальніка Гуменіка або наглядчыку пры гумне – гуменіку. Ён ахоўваў ураджай вяскоўцаў, быў як бы галоўным над імі.
Задумайцеся, сябры, над назвай свайго паселішча. Пашукайце адгадку, раскрыйце таямніцу. І вы, веру, яшчэ больш палюбіце сваю малую радзіму.
(202 словы)
(У. Ліпскі)
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Вёска
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Вясковая ідылія