Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У пушчы

   Раніцай, абуўшы гумавыя боты, мы рушылі ва ўрочышча Ласіныя Ямы.
   Надвор’е яснае і сонечнае. Паветра чыстае і празрыстае, але халоднае. Адчуваецца восень. Высокае неба зіхаціць яркай сінню. Бярозы красуюцца ў пазалоце, асіны аж зіхацяць чырванню.
   Мы ідзём мокрай сцежкай, пратаптанай дзікамі. Нарэшце выбіраемся на ўзвышша, якое густа зарасло лесам. Такія лясныя ўзвышшы сярод балот называюцца тут астравамі.
   Вясной на гэтых астравах з яловым і змешаным шыракаліставым лесам, у якім пераважаюць сярод іншых дрэў дуб, ясень і клён, заўсёды сустракаюцца дзікі. З надыходам восені яны перабіраюцца зноў у лясы, адкуль робяць часам начныя налёты на вясковыя палеткі.
   Мы ўваходзім у вільготны яловы бор, завалены бураломам. Перад намі лёжка дзіка. Недалёка ад яе мы натрапілі на адбіткі раздвоеных капытоў, якія па форме і памеры падобныя да слядоў каровы. Гэта лось.
   Мы ідзём па следзе, і ён прыводзіць нас да «забою». Так называюць у навакольных вёсках месца, дзе лось стаіць у час гону і, ярасна тупаючы пярэднімі нагамі, выклікае на бой праціўнікаў. Пярэднімі вострымі капытамі лось выбіў тут даволі глыбокую яміну.
   Гон у ласёў адбываецца з канца жніўня і да канца верасня. Ласі збіраюцца на «рэў» пасля заходу сонца, у гадзін дзевяць-дзесяць вечара. Заканчваецца «рэў» у дзесяць-адзінаццаць гадзін. Равуць ласі не больш за адну гадзіну. У гэты час каля месца «забою» збіраецца ад двух да чатырох ласёў. Паміж імі адбываюцца часам паядынкі. На «рэў» ласі ходзяць з году ў год заўсёды на адно і тое ж месца.
   Перад намі адна з такіх аблюбаваных ласямі мясцін.
   Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта ўзвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. Сярод высокіх ялін часта сустракаюцца дубы, ліпы, асіны, рабіны.
   Вясною лось трымаецца звычайна нізін з густым асіннікам і бярэзнікам. Ён скубе лісце асіны, бярозы, лазы, вольхі. Тоўстай верхняй губой лось зрывае вецце. Маладыя дрэўцы ён нагінае да зямлі, навальваючыся на іх грудзьмі, каб дабрацца да вершаліны. У маі – чэрвені ў ласіх нараджаюцца малыя.
   Летам ласі пераходзяць у поймы рэк, у забалочаныя альховыя лясы, у балоты, дзе многа травы і кустоў, а восенню перабіраюцца на астравы.
   Зімой яны кормяцца карой і галінкамі дрэў. Часта ласі абдзіраюць кару з асін, спілаваных бабрамі восенню. У студзені – лютым ласі скідваюць старыя рогі. Новыя, буйнейшыя, вырастаюць у іх да ліпеня.
   У маладога лася рогі пачынаюць расці пасля першага года жыцця. Яны маюць выгляд гладкай і вострай спіцы. У наступным годзе спіцы гэтыя скідваюцца, а замест іх вырастаюць новыя рогі, раздвоеныя на канцах. На трэцім і чацвёртым гадах жыцця рогі лася маюць тры адросткі. З кожным годам яны робяцца ўсё больш вялікімі і важкімі. Аснова адросткаў – паляўнічыя называюць яе «лапатай» – становіцца ўсё шырэйшай. Рогі растуць нармальна і развіваюцца як след ва ўмовах добрага харчавання, спакойнага і прывольнага жыцця. Калі лася часта непакояць і палохаюць, калі ён харчуецца недастаткова, рогі ў яго растуць слаба і замаруджана. Ласіха рагоў не мае.
   Ідучы па слядах лася, мы падыходзім да яго лёжкі. Прымятая трава захавала адбітак цела буйной жывёліны.
   Сляды лася вядуць нас далей. Справа трапляецца нара барсука, а затым ванна дзіка з чорнай граззю. Каля ванны засталіся сляды лісіцы. Відаць, што яна частавалася тут чарніцамі.
   З шумам сарваўся з высокай асіны глушэц і, лопаючы цяжкімі крыламі, праляцеў над нашымі галовамі.
(520 слоў)

Паводле В. Вольскага.

Похожие статьи:

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Сяўба

БиографииЯзэп Пушча

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - На возеры

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніца

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...