Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Страказа

   Надзвычай ясная, спакойная раніца выдалася ў гэты дзень. Возера лагодна пакалыхвала свае хвалі. Каб пачуць іх шум, трэба было ўважліва прыслухоўвацца да гаворкі дробных хваль, што, як срэбра, пераліваліся на сонцы. Толькі палоску танюсенькай белай пены пакідала возера ўздоўж свайго берага. Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам, любаваўся срэбрам яго хваль і ўслухоўваўся ў іх музыку, давялося пабачыць надзвычай цікавы малюнак. З пясчанага і неглыбокага дна возера выпаўзалі на бераг дзіўныя, зеленаватага колеру істоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукі некаторы час нерухома сядзелі на цёплым пясочку. I на вачах з імі адбывалася дзіўная змена: з жука выклёўвалася маладзенькая тоненькая стракозка з празрыстымі крыльцамі.
   Стракозка разгортвала крыльцы і жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэнне. Праз пару хвілін цэлы рой хуткіх стракозак закружыўся над возерам. Як радасна і весела пачыналася маладое жыццё! Здавалася, канца не будзе яго радасці. Стракозкі мітусіліся ў паветры, ганяліся адна за другою, лавілі камарыкаў. Нават не заўважылі, як сонца пачало схіляцца на захад, спускацца над зямлёю, а потым і зусім схавалася за лесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вільгаццю. Кропелькі яе сталі выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, і лятаць ім стала намнога цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны не ведалі жыцця. Гэта быў першы дзень іх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамі расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусціка, што стаяў над возерам, і прысела на яго лісцік. Яна вельмі перапалохалася і думала, што жыццё яе ўжо скончылася. А ноч была свежая, халодная. «Канец!» – думала стракозка. Але назаўтра змрок развеяўся, пасвятлела, і нарэшце ўзышло сонейка. Яно абсушыла вільготныя крыльцы стракозкі, што прытулілася на альховым кусціку, і яна аджыла. Да яе вярнулася жыццёвая сіла. Непаслухмянымі лапкамі яна стрэсла астаткі расы на крыльцах. Вядома, ёй вельмі памагло сонца. Стракозка зусім аджыла. Яна адчула сілу, і ёй захацелася пагуляць, пакружыцца ў паветры, дзе ўжо мітусіўся цэлы рой стракозак.
   Наступны вечар, змрок, вільгаць і холад ужо не палохалі яе, бо яна ведала, што надыдзе новы ясны дзень. I была ўпэўнена, што так будзе заўсёды. Але яна моцна памылілася. На свеце вечнага няма нічога. Жыццё ўвесь час мяняецца. Адна яго форма змяняе другую. Такі закон жыцця. Так здарылася і тут. Надвор’е змянілася. На неба наплылі хмары і зацягнулі яго. Падзьмуў халодны вецер, некалькі дзён лілі дажджы. Бедная стракозка зусім змерзла ад холаду. Праз колькі дзён гарачае сонца ўжо не магло ажывіць стракозку. I не давялося ёй ужо весяліцца ў празрыстым паветры. Вестка аб тым, што стракозка загінула, абляцела бераг шматвяковага возера.
   Магутны дуб, што стаяў над возерам, самотна зашумеў сваім верхам і сказаў:
   – Беднае ты стварэнне, стракозка! Чаму ты загінула без часу? А таму, што адным альховым кустом нельга абмяжоўваць сваё жыццё. На свеце ёсць шмат утульных куточкаў і сховішчаў, дзе можна перачакаць і схавацца ад розных нягод.
(452 словы)

Паводле Я. Коласа.

Похожие статьи:

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Страказа

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Страказа

Пераказы, дыктантыСтраказа

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства