Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Смелая варона

Варыянт 1 (330 слоў)

   У лесе, каля вёскі, жыў ястраб, дужы і хітры драпежнік. Прытоіцца між галінак і чакае, пакуль якая-небудзь птушка наблізіцца. Убачыць птушку ці малога звярка – падае каменем уніз. І няма ратунку бедалазе.
   Так разбойнічаў ястраб усё лета і восень. Але многія птушкі паляцелі ў вырай, менш іх стала ў лесе і на полі. Тады лясны драпежнік стаў паляваць каля вёскі, дзе каля свінарнікаў і кароўнікаў трымаліся галубы, галкі, вароны. Падкрадзецца, як злодзей, з-за будынкаў да чарады, шусне зверху нечакана – і нясе ў лес сваю здабычу. Магчыма, і разбойнічаў бы гэты ястраб каля вёскі, каб не адна варона, на якую напаў лясны драпежнік.
   Быў ясны марозны дзень. Раптам пачуўся прарэзлівы крык вароны, рэзкі лопат крылаў: ястраб набліжаўся да шэрабокай. Варона ўзвілася ўверх, трывожна закрычала, просячы сябровак аб дапамозе. Сама ж кінулася не ўцякаць, а... насустрач ястрабу. Яна выставіла сваю доўгую дзюбу, растапырыла кіпцюры. Драпежнік не чакаў такога адпору, таму рэзка затармазіў ды кінуўся ўбок.
   Варона з усёй сілы каркнула і зноў напала на ястраба. На дапамогу з усіх бакоў спяшаліся яе сяброўкі. Злоснао карканне, лопат дзясяткаў пар крылаў – гэта вароны набліжаліся да месца паядынку.
   Праз міг цэлая чарада варон кружылася вакол ястраба. То адна варона, то другая ўзмывала ўвысь і з рэзкім карканнем нападала на драпежніка, старалася дзеўбануць яго сваёй дзюбай, ударыць крылом ці кіпцюрамі.
   Ястраб страціў свой ваяўнічы запал, забыўся пра паляванне, стаў сам ратавацца ад раз’юшаных птушак, чорная хмара якіх кружылася над ім. Ён то падаў да самай зямлі, то рэзка кідаўся ўбок, каб ухіліцца ад удараў, то ныраў у галлё невысокіх кустоў.
   Неўзабаве ястраб знік у гушчары, зашыўся ў галлё густой елкі і прытаіўся там. Ён цяжка, перарывіста дыхаў, успамінаў няўдалае паляванне і не мог уцяміць, чаму слабейшая за яго птушка перамагла.
   А вароны пакружыліся над вяршалінамі дрэў і паляцелі на поле, расселіся адна пры адной на правадах электралініі, паціху пакарквалі – расказвалі, відаць, адна адной, як нападала кожная на разбойніка.
   Яны, напэўна, зразумелі, што чарадой лягчэй адбівацца ад ворага, што ў дружбе і згодзе – сіла.
 


 

Варыянт 2 (173 словы)

   Адна варона аблюбавала двор з вялікай чарадой курэй. Але карыта з кормам стаяла на парозе куратніка, чубаткі не адыходзілі ад яго. Побач тупаў грозны певень. Спынілася варона воддаль, глытае сліну, але баіцца наблізіцца да хлеўчыка.
   Гаспадыня вынесла з хаты цёплую ежу ў шырокай місе, паставіла каля дзвярэй хлеўчыка. Некалькі курэй пабегла да місы. Варона таксама паціху наблізілася да яе, дзеўбанула два разы і адскочыла. Злосна зіркае на пеўня, з зайздрасцю пазірае на курэй, якія клююць ежу бесперастанку. Не выцерпела, зноў стала падкрадацца да місы. Дзюбай схапіла яе за край і пацягнула далей ад карыта і ад пеўня.
   Куры разгублена пазіралі на варону. А яна амаль на метр адцягнула кармушку і не выпускае з дзюбы. Нарэшце спынілася, перавяла дух і ўзялася за снеданне. Зірне на пеўня, на курэй, дзеўбане некалькі разоў і падыме галаву ўверх. Каркае, кліча іншых варон, якія сядзяць на хляве, са страхам пазіраючы на пеўня. А ён здзіўлена глядзіць на нахабную варону.
   Вось каля місы ўжо тры вароны тупаюць, ядуць з апетытам. Хваляць сяброўку за смеласць, кемлівасць і гасціннасць.

Паводле В. Гурскага

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая