Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Духоўная Віцебшчына

   Віцебскі край – сапраўднае азёрнае царства. Тут размешчана адзінаццаць з дзевятнаццаці найбуйнейшых азёраў Беларусі. Хараство тутэйшых мясцін вядома далёка за межамі краіны. Адной з самых каштоўных жамчужын Віцебшчыны з’яўляецца комплекс Браслаўскіх азёраў – пяцьдзясят вадаёмаў з рэдкімі раслінамі і жывёламі. Край мае вялізныя турыстычныя магчымасці.
   Як сведчаць археалагічныя раскопкі, на месцы Віцебска існавала паселішча ўжо ў IX стагоддзі. У XII стагоддзі горад стаў цэнтрам асобнага княства. Віцебскі князь Яраслаў аддаў горад у пасаг сваёй дачцэ, жонцы вялікага літоўскага князя Альгерда. На працягу XV–XVI стагоддзяў віцебскія землі былі аўтаномнымі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. З часам Віцебск вырас у буйны рамесніцкі і гандлёвы цэнтр. З XVIII стагоддзя Віцебшчына знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. У гэты час Віцебск цэнтр Віцебскай губерні. У Віцебску налічвалася шмат каменных і драўляных будынкаў, два тэатры, восем кнігарняў, чатыры бібліятэкі і каля васьмідзесяці прамысловых прадпрыемстваў.
   У дваццатыя гады XX стагоддзя ў Віцебску сфарміравалася творчая мастацкая школа, якая атрымала сусветнае прызнанне (Пэн, Шагал, Малевіч). Сёння Віцебск – абласны цэнтр, другая пасля Мінска культурная сталіца, месца правядзення папулярнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Віцебск радзіма многіх знакамітых людзей. Бадай, самым цікавым з іх з’яўляецца "геніяльны летуценнік" Марк Шагал. Ён называў Віцебск сваім другім Парыжам. Замалёўкі горада сустракаюцца амаль на ўсіх палотнах вялікага майстра жывапісу.
   Другі па велічыні горад Віцебшчыны – Орша. Гэты старажытны горад узнік на месцы зліцця дзвюх рэк – Дняпра і Оршыцы. Упершыню горад згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў". Горад знаходзіўся ў складзе Полацкага княства, потым – Вялікага Княства Літоўскага. Увесь час трапляў у цэнтр шматлікіх войнаў і канфліктаў. Орша неаднаразова гарэла, аднак зноў адраджалася з попелу. Здаўна горад быў не толькі адміністрацыйным, гандлёвым, рамесніцкім, але і культурным цэнтрам. У горадзе дзейнічала адзінаццаць манастыроў, рэшткі будынкаў якіх захаваліся да нашых часоў. Невыпадкова архітэктары называюць горад беларускім Суздалем. Асаблівае месца ў гісторыі праваслаўя і ўсходнеславянскай культуры займае мужчынскі Куцеінскі манастыр, заснаваны ў прадмесці Оршы. Пры ім дзейнічала друкарня, якую пэўны час узначальваў вядомы беларускі асветнік Спірыдон Собаль. Слаўныя традыцыі аршанскіх разьбяроў, іканапісцаў працягваюць жыццё ва ўзноўленым у нашы дні манастыры. Орша доўгі час заставалася правінцыяльным гарадком. Аднак пасля адмены прыгоннага права Орша пачала фарміравацца як прамысловы і транспартны цэнтр. Па прыросце насельніцтва ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя горад займаў першае месца ў Беларусі. У пачатку XX стагоддзя горад апынуўся на скрыжаванні некалькіх чыгуначных шляхоў, стаў найбуйнейшым транспартным вузлом краіны.
   Багатая на помнікі культуры і сучасная Орша. Аршанскі дом-музей драўлянай скульптуры славіцца сваімі талентамі.
   У музеі экспануецца каля двухсот скульптур народных майстроў на фальклорныя, літаратурныя, казачныя сюжэты. Пры музеі працуе майстэрня.
   Ёсць у Оршы і музей Уладзіміра Караткевіча, у экспазіцыі якога прадстаўлены рарытэтныя архіўныя матэрыялы, арыгінальныя рукапісы пісьменніка, фотаздымкі, лісты, сяброўскія шаржы, малюнкі, асабістыя рэчы. Экспазіцыя музея налічвае больш за тысячу адзінак. Аднак залатым фондам духоўнай Віцебшчыны з’яўляюцца людзі – працавітыя і сумленныя, прыгожыя і мужныя.
(455 слоў)

Паводле А. Ксяневіч.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВіцебская зямля

Пераказы, дыктантыСлавянскі базар у Віцебску

Пераказы, дыктантыГорад майстроў і воінаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Званы Віцебска

Пераказы, дыктантыСлынная Брэстчына