Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дубава сястра

   Мінулым летам Якуб прызвычаіўся хадзіць з бацькам у лес. У Патапа Хведаравіча там была работа штодзень.
   Хлопчык стараўся дапамагаць бацьку ва ўсёй гэтай рабоце. Патап Хведаравіч радаваўся сынавай падмозе, вучыў Якуба, як лячыць дрэвы: сосны, дубы, бярозы, яліны.
   – Хворым дрэвам, як і хворым людзям, трэба дапамагаць, – гаварыў бацька сыну.
   У маладой прыгажуні-сасонкі дзік падкапаў карэнні, і яны апынуліся на паверхні зямлі. Як толькі сонца абсушыць іх, дрэва загіне. Гэтага нельга дапусціць. Бацька паказаў, як трэба выратаваць жыццё сасонцы. Калі яны ўсё зрабілі, Якуб з бліскучымі ад радасці вачыма выгукнуў:
   – Што, татка, будзе жыць цяпер хвойка?
   – Будзе, сынок, будзе. Пройдзе многа год, вырасце, паспее, і чалавек, ссекшы яе, дабудзе з гэтай сасны многа каштоўных рэчаў. Лес, браце, – цудоўны клад.
   Бацька з сынам адпачывалі пад вялікім старым дубам. Ён стаяў на палянцы, і яго крона была такая шырокая, раскідзістая, што пад ёю, як пад дахам, нават у спякотны дзень трымалася прахалода. Бацька расказваў пра дубы, а Якуб слухаў і думаў пра нешта сваё. Раптам ён перапыніў бацьку і запытаў:
   – Татка, а ці ёсць у дуба сястра?
   – Сястра? – перапытаў Патап Хведаравіч, і ўсмешка кранула яго вусны. Але потым ён зноў загаварыў сур’ёзна: – Ёсць, сынок, у дуба сястра, але жыве яна вельмі далёка ад свайго брата. Клічуць яе сібірскай лістоўніцай. У газеце я чытаў, што яна можа добра расці і ў нашых лясах.
   Якуб нічога не сказаў бацьку, але сам сабе рашыў, чаго б там ні каштавала, здабыць насення лістоўніцы. Тайна ад бацькоў і сяброў хлопчык напісаў пісьмо, на якое зараз і чакаў з нецярплівасцю адказу.
   Аднойчы, калі Якуб ужо і не чакаў пісьма, маці радасна сустрэла яго на вуліцы:
   – Дзе гэта ты так забавіўся? А табе нештачка ёсць.
   – Пісьмо? – здагадаўся Якуб.
   – Можа, пісьмо, – усміхнулася маці і перадала яму тоўсты канверт, аблеплены з усіх бакоў маркамі.
   – Ад Громава, насенне! – усклікнуў ён і хуценька раскрыў канверт.
   Незнаёмы сябар прасіў выбачыць, што ён так доўга затрымаўся з адказам. Ён пісаў, што пасылае не пару дзесяткаў зярнят, а цэлую жменю, а калі спатрэбіцца, то і яшчэ можа выслаць і ў сваю чаргу просіць Якуба прыслаць яму ў Сібір насенне акацыі.
   – Правільна, мамачка, ён піша. Няхай паспрабуе, можа, і сапраўды вырасце!
   – Вядома, сынок, – азвалася маці. – Абавязкова пашлі яму насення акацыі. Я чула, што там і дуб не расце. Пашлі жалудоў.
   Спачатку Якуб намерыўся пасеяць лістоўніцу на гародзе. А пасля ўспомніў маленькую палянку сярод сасновага маладняку. Лепшага месца для пасеву лістоўніцы нельга было і прыдумаць.
   Вясной Якуб са сваімі сябрамі перасаджваў маленькія лістоўніцы з палянкі на вольнае месца.
(410 слоў)

Паводле У. Мяжэвіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВыпадак у лесе

Пераказы, дыктантыДуб