Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вясёлка ў акварыуме

   Акварыум стаяў у дзіцячым пакоі на акне. У ім жыла залатая рыбка.
   У акварыуме чатыры шкляныя сценкі і пясчанае дно, шаснаццаць літраў вады і некалькі тысяч каменьчыкаў. Бацька прывёз іх з Крыма, дзе свеціць раскошнае сонца і растуць стройныя вечназялёныя кіпарысы, дзе цёплае мора шуміць дзень і ноч, нястомна палошча бераг, выкочвае з глыбіняў каменьчыкі. Яны рознакаляровыя, бліскучыя, празрыстыя. У іх прыгожыя, дзівосныя імёны – халцэдон, сердалік, нефрыт.
   Дно акварыума ўсцілаюць яшчэ і ракавінкі – акамянелыя кіпцюры калісьці грозных крабавых клюшняў, адшліфаваныя чарнаморскімі хвалямі.
   Разам з крымскімі ёсць тут каменьчыкі і ракавіны з гарыстай сонечнай Югаславіі, дзе працавітыя людзі і ў казцы, і ў песні мора сваё называюць пяшчотным і звонкім імем – Ядран.
   Залатая рыбка махнула сваім празрыстым, шыкоўным, як шлейф каралевы, хвастом – і стаўся цуд: упершыню пасля доўгай зімы з акна ў акварыум заглянула сонца. Заглянула адным краёчкам вока, а ўсё ж у вадзе за шклом зайграла вясёлка.
(147 слоў)

Паводле Я. Брыля