Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вавёркі

   Вавёрка ўжо на працы. Здалёк заўважыў, як яна бегае па зямлі, паміж рэдкімі стваламі ліп, і не спяшаецца ўцякаць.
   Зноў успамінаю адну з вавёрак, што была маёй госцяй некалькі дзён. На акне перад пісьмовым сталом для яе была заўсёды насыпана гурбачка сланечнікавых семечак, ляжаў драбок цукру і цвёрды, знарок засушаны пернік. Ужо на трэці дзень нашага знаёмства яна садзілася на акне, брала ў лапкі чорную семечку, лушчыла яе, брала другую, трэцюю, спынялася, аціхала, мы глядзелі адно на аднаго, і мне здавалася, што вось яна, са складзенымі лапкамі, спытаецца: «А што вы, дзядзька, пішаце?» Цукру яна не чапала, а пернікі знікалі з акна, калі я гэтага не бачыў. Часам яна грымела імі за кніжнай шафай. Потым адзін з гэтых пернікаў я знайшоў паміж кніг. Ён быў пагрызены ўпрыкуску з польска-беларускім слоўнікам, відаць, яна іх толькі пакаштавала, бо і пернік, і слоўнік былі недаедзены. Аднак сяброўства нашага гэта не разладзіла. Калі яна аднойчы шуснула з гардзіны ў фортачку і адтуль па карнізе на дах, я бедаваў па ёй не менш за свайго хлапчука…
   Тут іх, вавёрак, многа. Яны падпускаюць людзей так блізка, што здаецца: будзь мы яшчэ трохі лепшымі, яны прыйшлі б на нашы працягнутыя далоні, пацерліся б рыжаю мордачкаю аб нашы шчокі.
   Іду па асфальце вузкай алеі. А вакол па серабрыстай траве, па насціле нядаўна пагаслага золата гулліва шархаціць ужо цэлае мноства вавёрак.
(223 словы)

(Паводле Я. Брыля)

 

Похожие статьи:

Артур ВольскіАртур Вольскі - Вавёрка

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Вавёрка

Пераказы, дыктантыВыпадак у лесе

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Вавёрчына гора

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Лясная гаспадыня