Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Юльян Урсын Нямцэвіч

(1758-1841)


   Імя гэтага пісьменніка, гісторыка і грамадскага дзеяча было надзвычай папулярным у канцы XVIII першай палове XIX ст. ва ўсёй Рэчы Паспалітай і асабліва на яго радзіме Беларусі.
   Нарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч у вёсцы Скокі паблізу Брэста ў шляхецкай сям’і. У вясковым зацішшы, у самых цесных стасунках з беларускім сялянствам прайшло яго маленства. Сюды, на парог бацькоўскага дома, заўсёды цягнула яго з блізкіх і далёкіх дарог.
   Вучыўся Юльян спачатку ў Брэсцкай калегіі, а ў 1770 г. бацькі адправілі яго ў Варшаву, у «рыцарскую школу», як называлі Варшаўскі кадэцкі корпус, дзе ён выхоўваўся цэлых сем гадоў. Вядомы прыхільнік літаратуры і мецэнат Чартарыйскі, які ўзначальваў школу, адразу заўважыў выдатныя літаратурныя здольнасці Юльяна Нямцэвіча. Калі юнак закончыў вучобу, узяў яго да сябе ад’ютантам, усяляк заахвочваючы да літаратурнага занятку. Разам са сваім патронам Нямцэвіч шмат падарожнічаў па Еўропе, наведаў Францыю, Італію, Англію, Германію, Аўстрыю і іншыя краіны.
   У 1785 г. Ю. У. Нямцэвіча выбіраюць дэпутатам гістарычнага Чатырохгадовага сейма, дзе асабліва ярка праявіліся яго дэмакратычныя перакананні. На пасяджэннях сейма вельмі часта гучалі палкія прамовы дэпутата Нямцэвіча ў абарону запрыгоненага селяніна, супраць хцівасці, эгаізму і прадажнасці магнатаў, што дзеля ўласнай карысці і пыхлівасці гатовы былі аддаць чужынцам сваю краіну. Нямцэвіч быў адным з самых актыўных дзеячаў Патрыятычнай партыі, супрацоўнічаў з яе друкаваным органам — «Нацыянальнай газетай». Ён з’яўляўся суаўтарам найбольш дэмакратычнай на той час Канстытуцыі 3 мая 1791 г.
   Актыўна змагаўся Нямцэвіч супраць разбойніцкіх падзелаў Рэчы Паспалітай манархічнымі рэжымамі Аўстрыі, Прусіі і Расіі. У гэтым змаганні ён збліжаецца са сваім земляком, праслаўленым у вайне за незалежнасць ЗША брыгадным генералам Тадэвушам Касцюшкам, які якраз вярнуўся з-за акіяна на радзіму. Разам з Касцюшкам Нямцэвіч распрацоўвае планы паўстання за вызваленне радзімы, рыхтуе зварот да народа. Калі ў 1794 г. пачалося паўстанне, Юльян Урсын Нямцэвіч становіцца бліжэйшым памочнікам Тадэвуша Касцюшкі, яго ад’ютантам. 10 верасня 1794 г. адбылася рашаючая бітва паўстанцаў з расійскім войскам пад Мацеёвічамі, дзе Нямцэвіч і Касцюшка былі паранены і трапілі ў рускі палон. Кацярына II загадала даставіць іх у Пецярбург. Абодва яны былі кінуты ў змрочныя камеры Петрапаўлаўскай крэпасці і прабылі там да 1796 г. Пасля смерці царыцы на рускі трон сеў Павел I, які і адпусціў іх.
   Разам з Касцюшкам Нямцэвіч едзе ў ЗША. Там ён пражыў некалькі гадоў, ажаніўся з удавой Касцюшкавага сябра. У Амерыцы наш зямляк пазнаёміўся і шчыра пасябраваў з выдатнымі дзяржаўнымі дзеячамі ЗША Томасам Джэферсанам і Джорджам Вашынгтонам, якія імпанавалі яму сваімі перадавымі дэмакратычнымі поглядамі.
   Атрымаўшы вестку пра смерць бацькі, Нямцэвіч выехаў з Амерыкі дамоў, у Беларусь, дзе на яго імя былі перапісаны бацькоўскія маёнткі. Уладкаваўшы ўсе свае фінансавыя справы, у сакавіку 1804 г. ён вяртаецца ў Амерыку. Але праз тры гады Нямцэвіч назаўсёды пакідае чужы мацярык і вяртаецца на радзіму, дзе цалкам аддаецца літаратурнай творчасці. Не цураецца ён і грамадскай працы. У 1827 г. яго выбіраюць старшынёй Варшаўскага таварыства сяброў навук. У час паўстання 1830-1831 гг. Нямцэвіч уваходзіць у склад Часовага ўрада паўстанцаў. Пасля разгрому паўстання немалады ўжо пісьменнік мусіў пакінуць радзіму. Жыве ў Францыі, дзе сустракаецца з Адамам Міцкевічам і іншымі суайчыннікамі. Памёр Нямцэвіч 21 мая 1841 г. у Парыжы.
   У літаратуры Юльян Урсын Нямцэвіч праславіўся як аўтар палітычнай камедыі «Вяртанне пасла» (1790), дзе ён выказваўся за сацыяльныя рэформы, за вызваленне сялян ад прыгону, зборнікаў прозы «Літоўскія пісьмы» (1812), у якіх знайшло адлюстраванне жыццё Беларусі таго часу, «Гістарычных песень» (1816), дзе ў паэтычнай форме расказваецца пра славутых людзей Рэчы Паспалітай, раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825), паэтычных твораў. Сучаснае яму жыццё Беларусі, яе гісторыя, мінулае асобных гарадоў адбіліся ў дарожных нарысах і гістарычных эсэ Нямцэвіча «Успаміны маіх часоў» (1848), «Гістарычныя падарожжы на польскіх землях у 1811-1828 гадах» (1858). Пісьменнік выдаў таксама шасцітомны «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу». Свабодалюбівую творчасць Нямцэвіча, асабліва яго «Гістарычныя песні», высока цаніў дзекабрыст К. Рылееў, якраз пад іх уздзеяннем ствараў ён свае «Думы».
   Творчасць Юльяна Нямцэвіча мела немалое значэнне для развіцця рэгіянальнай літаратуры на землях былога Вялікага Княства Літоўскага і ў першую чаргу на Беларусі. Адлюстроўваючы ў асобных творах жыццё і гісторыю роднага краю, выказваючы «лакальныя» патрыятычныя пачуцці, пісьменнік вучыў наступныя пакаленні землякоў-літаратараў і перш за ўсё рамантыкаў на чале з Адамам Міцкевічам, па-сыноўняму шанаваць сваю зямлю, перададзеную ў спадчыну продкамі, любіць і паважаць свой народ.


Кастусь Цвірка