Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксандр Грот-Спасоўскі

(1808-1847)

   Аляксандр Грот-Спасоўскі актыўна ўдзельнічаў у літаратурным працэсе 30-х гадоў XIX ст. У 1840 г. у Вільні выдаў два тамы «Вершаваных твораў». Паходзіў ён з Магілёўшчыны, фальклор якой плённа выкарыстоўваў. Дыскусію ў «Tygodniku Petersburskim» выклікала публікацыя ў № 46 і 47 за 1839 г. штотыднёвіка яго балады «Апошнія ловы». Па некалькі разоў на працягу 1839-1840 гг. бралі ў ёй слова М. Грабоўскі, Юзаф Iгнацы Крашэўскі, ананім F., святар з Магілёва Эразм Ізапольскі, сам А. Грот-Спасоўскі. Спрэчка мела на мэце вырашыць праблему, якім чынам народныя паданні, легенды, песні могуць трансфармавадца ў польскую літаратуру. Крытыкі звярталі ўвагу, што будова твора ўскладняецца іншымі, мажліва і непатрэбнымі, элементамі ды лірычнымі адступленнямі, часам даволі прыгожымі.
   Папракаючы аўтара, што яго творы «не былі вольныя ад змешвання разнародных гатункаў», М. Грабоўскі мае на ўвазе тое, што Аляксандр Грот-Спасоўскі выкарыстоўвае як простанародныя паданні, так і шляхецкі фальклор — показкі ды родавыя гісторыі. На нашу думку, гэта і выклікала пярэчанне аўтарытэтнага крытыка. Ва ўступе да балады «Апошнія ловы (З беларускіх паданняў)» А. Грот-Спасоўскі шмат увагі надае беларускім прымхам пра русалак. Ён, разважаючы пра паходжанне гэтых таямнічых істот, прыходзіць да высновы, што «русалкі — гэта душы дзяцей, якія без хрышчэння пакінулі гэты свет або былі загубленыя выродлівымі маткамі». I толькі пасля гэтага доўгага (184 радкі) фрагмента пра русалак паэт пераходзіць да асноўнай фабулы твора: стары лёкай пана Стольніка апавядае пра злачынства пана, які спакусіў вясковую дзяўчыну, а пасля пакінуў яе з малым дзіцем і ажаніўся з багатай паненкай. Падманутая каханка з’яўляецца на вяселле і выказвае сваю крыўду перад гасцямі і маладою. Разгневаны Стольнік загадвае разарваць яе коньмі, што і было ўчынена. Аднак, калі праз нейкі час пан паехаў на ловы і, не зважаючы на перасцярогі, накіраваўся да месца, дзе пахавалі каханку, дык болей яго ніхто не бачыў. Мы не знойдзем у беларускіх фальклорных зборніках падання, блізкага да балады Аляксандра Грот-Спасоўскага, хоць матыў спакушэння панам дзяўчыны і наступнае цудоўнае пакаранне пана сустракаецца даволі часта. Магчыма, паэт выкарыстаў паданне з родных мясцін, але, відавочна, не абышлося тут і без уплыву «Рыбкі» Адама Міцкевіча. Той жа самы матыў, што і ў «Апошніх ловах», Аляксандр Грот-Спасоўскі выкарыстаў і ў баладзе «Латнік», пачатак якой нагадвае першыя радкі «Гражыны». Асноўная частка твора апавядае пра тое, як за рыцарам, што едзе бліз царквы ў месячную ноч, гоніцца здань забітай ім кабеты з дзіцем, якую ён колісь кахаў.
   I гэты твор паэта мае прыпіску «Балада з беларускіх паданняў», хоць у першую чаргу варта казаць пра літаратурныя, а не народныя ўплывы.
 


Мікола Хаўстовіч