Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Яраслаў Пархута - Як рабілі вясёлку

   Пры азярыне між кветак і траў гулялі ў хованкі праменьчыкі. Іх было ажно сем – Фіялетавы, Сіні, Блакітны. Зялёны, Жоўты, Аранжавы і Чырвоны. Раптам праменьчык Фіялетавы сказаў:
   – Надакучыла тут. Хачу на другі бераг азярыны!
   Абапёрся адным канцом на купіну, выгнуўся дугою, другі канец апусціў на процілеглы бераг і засвяціўся ад радасці.
   Убачыў праменьчык Сіні, як брат ягоны раскашуе, і таксама сказаў:
   – На той бераг хачу!
   Пераскочыў азярыну, далучыўся да праменьчыка Фіялетавага, і ўжо на пару заззялі яны над зямлёю.
   Зайздросна стала праменьчыку Блакітнаму, і ён, доўга не думаючы, кінуўся да братоў.
   У небе цяпер тры стужачкі каляровыя гарэлі.
   Праменьчык Зялёны не вытрымаў, шугануў увысь і адтуль гукнуў:
   – Гэй, там, на зямлі! Да нас гайда! Тут прасторна! І відаць далёка!..
   Праменьчык Жоўты павагаўся, а тады ўзяў і таксама пераскочыў азярыну. І атрымаўся ладны паясок – пяцікаляровы.
   «А я хіба горшы?» – падумаў праменьчык Аранжавы і кінуўся следам.
   У небе ўжо гарэў шасцікаляровы паясок. Бачачы такое дзіва, праменьчык Чырвоны сказаў:
   – Браты, а мяне прымеце ў сваю кампанію?
   – Прымем! Прымем! – пачуліся галасы. – Не марудзь толькі...
   Праз хвіліну ў небе над азярынай павісла незвычайная стужка. У ёй былі ўсе сем колераў – чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні і фіялетавы. І радавалася ім усё жывое на зямлі. А паколькі тая стужка гарэла надзвычай весела, то людзі і назвалі яе проста і ясна – Вясёлка.

 

Похожие статьи:

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Апошні гусляр

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Бомжык

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Снегавічок

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Журавы