Пры азярыне між кветак і траў гулялі ў хованкі праменьчыкі. Іх было ажно сем – Фіялетавы, Сіні, Блакітны. Зялёны, Жоўты, Аранжавы і Чырвоны. Раптам праменьчык Фіялетавы сказаў:
– Надакучыла тут. Хачу на другі бераг азярыны!
Абапёрся адным канцом на купіну, выгнуўся дугою, другі канец апусціў на процілеглы бераг і засвяціўся ад радасці.
Убачыў праменьчык Сіні, як брат ягоны раскашуе, і таксама сказаў:
– На той бераг хачу!
Пераскочыў азярыну, далучыўся да праменьчыка Фіялетавага, і ўжо на пару заззялі яны над зямлёю.
Зайздросна стала праменьчыку Блакітнаму, і ён, доўга не думаючы, кінуўся да братоў.
У небе цяпер тры стужачкі каляровыя гарэлі.
Праменьчык Зялёны не вытрымаў, шугануў увысь і адтуль гукнуў:
– Гэй, там, на зямлі! Да нас гайда! Тут прасторна! І відаць далёка!..
Праменьчык Жоўты павагаўся, а тады ўзяў і таксама пераскочыў азярыну. І атрымаўся ладны паясок – пяцікаляровы.
«А я хіба горшы?» – падумаў праменьчык Аранжавы і кінуўся следам.
У небе ўжо гарэў шасцікаляровы паясок. Бачачы такое дзіва, праменьчык Чырвоны сказаў:
– Браты, а мяне прымеце ў сваю кампанію?
– Прымем! Прымем! – пачуліся галасы. – Не марудзь толькі...
Праз хвіліну ў небе над азярынай павісла незвычайная стужка. У ёй былі ўсе сем колераў – чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні і фіялетавы. І радавалася ім усё жывое на зямлі. А паколькі тая стужка гарэла надзвычай весела, то людзі і назвалі яе проста і ясна – Вясёлка.
Похожие статьи:
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Апошні гусляр
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Снегавічок
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Бомжык
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Журавы