Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзе мы знаходзімся ў свеце

   Любая Радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная — усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш. I калі думаеш пра цябе, і калі часам забываешся — ты спрадвеку з намі!
   Твае палі — самыя хлебадайныя, твае лугі — самыя духмяныя, твае аблокі — самыя высокія, твае вятры — самыя ласкавыя, твае крыніцы — самыя чыстыя, твае лясы — самыя прыгожыя, твае людзі — самыя добрыя, а твая зямелька — як лекі нам: прыкладзі да раны — адразу ўсё зажывае...
   Вельмі прыгожая наша зямля. У нас шмат лясоў, рэк і рэчак, вялікіх і малых азёраў. З космасу, як сцвярджаюць нашы землякі-касманаўты Пятро Клімук і Уладзімір Кавалёнак, Беларусь выглядае зялёнаю-зялёнаю. З блакітнымі ўкрапінамі азёраў — нездарма нашу краіну называюць у свеце сінявокаю.
   У нас вельмі цудоўныя людзі — добрыя, ласкавыя, спагадлівыя, працалюбівыя, сціплыя, вясёлыя, але не бесклапотныя. Мы крыху задумлівыя — час і войны, якія, з рэдкім пастаянствам, праязджаліся па нашай зямлі, навучылі нас думаць пра многае.
   У нас не горача і не холадна. У нас не сыра і не суха. Праўда, часам бывае і холадна, і горача, і сыра, і суха. Але ў асноўным — памяркоўна. Бо клімат у нас такі — памяркоўна-кантынентальны!
   Твой народ, з якім ты заўсёды і які заўсёды з табою, нязводны. Цябе немагчыма разлучыць з ім, як і яго з табою. Як кару з дрэвам, як птушку з крыламі, як раку з рэчышчам, як траву з зямлёю... Так і кожнага з нас нельга разлучыць з Радзімаю, з роднай зямліцаю. Яе нельга адабраць у нас і прысвоіць нейкаму чужынцу — яна заўсёды адрыне таго, хто не палюбіць яе так, як любім яе мы самі.
   I не вер, дружа, калі нехта пачне ганіць і ганьбаваць твой народ. Нашы людзі, як і твае бацька і маці, як твае дзяды, прадзеды і прапрадзеды— шчырыя, сумленныя і мудрыя. I ніякія мы не зломкі, не затурканыя, як часам нас хочуць зняважыць незычліўцы. Мы — вялікі і старажытны народ — мудры і светлы, чысты і даверлівы, узычлівы і дабрадушны, памяркоўны і разважлівы. Падобны на іншыя народы свету. Сцвярджаюць, што мы блізкія старажытным арыям. Мы быццам бы памятаем Памір, і ён чамусьці таксама помніць пра нас. Мова наша індаеўрапейская — шмат сваіх слоў мы знаходзім у санскрыце. А старажытнаіндыйскае слова «веды» — адсюль і Рыгведа, Самаведа, Атхарваведа — азначае тое ж самае, што і наша беларускае слова «веды».
   Кажуць, што мы падобныя на грэкаў, фінаў, знаходзяць, што у нас шмат агульнага з балгарамі.
   Мы — як блізкія сваякі, родзічы з сербамі. Успамінаем часта пра Дунай — як пра сваю родную раку: «Пры Дунаёчку, пры беражочку, ды там дзяўчына кубачкі мыла»...
   Кожны з нас мае радасць ганарыцца, што належыць менавіта да такога народа і да такой зямлі.
   Наш славуты старажытны род і наша зычлівая зямля вечныя!
   Мы мяркуем напісаць партрэт Беларусі. Найперш — для саміх сябе. А таксама для тых, хто мала ведае пра нашу краіну і, магчыма, нават не ўяўляе, у якім месцы планеты мы знаходзімся, жывем, працуем.
   Мы хочам, каб кожны, хто пазнаёміцца з «Партрэтам Беларусі», нават не пабываўшы ў нас, мог усклікнуць: «Якая ж гэта прыгожая і жыццядайная зямля і якія цудоўныя людзі жывуць на ёй!»
   Дык дзе ж мы жывём, дзе знаходзімся ў свеце, на дарагой нашай планеце, якая мае такое прыгожае імя — Зямля і маленечкім касмічным караблём блукае ў неабсяжных прасторах космасу?
   Дзе шукаць цябе, Беларусь?
   Калі глобус у вас пад рукою, паволі пакруціце яго па гадзіннікавай стрэлцы, знайдзіце нулявы мерыдыян. Зусім побач, крыху лявей ад яго, паміж 22 і 34 градусамі ўсходняй даўгаты, паміж 50 і 60 градусамі паўночнай шыраты (гэта вышэй экватара) вы лёгка заўважыце зялёную, нават смарагдавую выяву, якая сваімі абрысамі-межамі нагадвае вытанчаны кляновы лісток...
   Гэта і ёсць Беларусь, наша старажытная зямля.
   Бачыце, вось там, зверху, навісае над намі падобны на мядзведзя Скандынаўскі паўвостраў, а ўнізе, пад намі, ніжэй Балгарыі і Турцыі, ніжэй Чорнага мора, праліва Дарданелы і Міжземнага мора — Афрыка.
   У дзіцячых кніжках пішуць, што калі ўсе мы, жыхары Беларусі, — а нас каля дзесяці мільёнаў — станем побач адзін да аднаго і возьмемся за рукі, то апошні ў гэтым жывым ланцужку ўжо будзе стаяць на афрыканскім кантыненце: ён зможа ўбачыць баабаб і нават сказаць «дзень добры» кракадзілу.
   А сама наша Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, у самым цэнтры яе. I амаль кожны наш раён прэтэндуе на гэты цэнтр. Вядомы беларускі вучоны ў галіне геатэктонікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук Радзім Гарэцкі сцвярджае, што калі ўзяць кантынентальную сухапутную Еўропу без уліку астравоў, то цэнтр яе будзе каля вёскі Чыжаха — непадалёк ад ракі Бярэзіна.
   А вучоныя з «Белаэракосмасгеадэзіі», якія водныя прасторы Балтыйскага і Белага мораў палічылі ўнутраннымі вадаёмамі Еўропы, вызначылі, што гэты цэнтр Еўрапейскага кантынента знаходзіцца зноў жа на тэрыторыі Беларусі на Віцебшчыне, у 50 кіламетрах ад Полацка, непадалёку ад возера Шо.
   Цэнтрам самой Беларусі, зноў жа па сцверджаннях навукоўцаў, з’яўляецца вёска Антонава ў Пухавіцкім раёне.
   Тэрыторыя нашай краіны невялікая, але і не малая. З ўсіх краін Еўропы дзве трэці дзяржаў мае тэрыторыю, меншую за Беларусь — Албанія, Венгрыя,Чэхія, Аўстрыя, Бельгія, Грэцыя, Данія, Ісландыя, Швейцарыя, Партугалія, Нідэрланды і інш.
   Калі ісці пехатою, скажам, з-за Оршы, з-пад Краснага да Брэста, то ўсю Беларусь чалавек зможа прайсці за два тыдні. Калі ехаць на машыне, на гэта хопіць і сямі гадзін. Самалёт жа пералятае ўсю Беларусь ад паўднёвай да паўночнай мяжы усяго за адну гадзіну.
Пятро Клімук, які бачыў усю нашу планету з космасу, пісаў:
   «Як мы памыляемся, калі гаворым: «Каб абысці зямлю, жыцця не хопіць». Няпраўда! Яна зусім невялікая — з усімі акіянамі і морамі, стэпамі і балотамі, з пушчамі і гаямі, — наша прыгожая планета Зямля. Касманаўты штодзень «абыходзяць» яе па шаснаццаць разоў».
   Значыць, каб абысці нашу планету адзін раз, ім трэба дзевяноста хвілін.
   Беларусь жа — усяго толькі зялёны лісток на планеце Зямля, і таму, каб «прайсці» яе, касманаўтам спатрэбяцца лічаныя хвіліны.
   У нас можна двойчы сустрэць вясну — на поўдні Беларусі яна пачынаецца на два тыдні раней, чым на поўначы. Так што палюбаваўшыся квітненнем садоў, да прыкладу, пад Брэстам, можна прыехаць на Віцебшчыну і там другі раз убачыць гэты цуд.
   I сонца да нас прыходзіць не адначасова: калі ў Хоцімску, на ўсходзе, яно ўжо даўно свеціць на ўсю моц, у заходніх Каменюках яшчэ зусім цёмна.
   Беларускі гісторык Адам Кіркор пісаў пра сваю зямлю:
   «Беларусь — край магіл, курганоў, гарадзішчаў, гарадкоў, урочышчаў, замкаў, замкавішчаў, — край, дзе ледзь не на кожным кроку вы сустрэнеце сляды мінулага ў помніках, паданнях, песнях».
   Нездарма ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА мы самі прапаноўваем уключыць аж 50 аб’ектаў беларускай архітэктуры. сярод якіх — Каложская (Барысаглебская) царква XII стагоддзя ў Гродне, Сынкавіцкая царква-крэпасць XV— XVI стагоддзяў у Зельвенскім раёне, Спаса Еўфрасіньеўская царква XII стагоддзя ў Полацку, руіны Наваградскага XIV — XVI стагоддзяў і Крэўскага XIV стагоддзя замкаў у Гродзенскай вобласці.
   А на карце бацькі картаграфіі Клаўдзія Пталамея (90— 168 гг.) Беларусь змешчана ў вялікую прастору паміж Чорным, Балтыйскім і Белым марамі, якая называецца Еўрапейскай Сарматыяй. На яго картах зямлю нашу займаюць у асноўным лясы і рэкі.
   Так, як мы ўжо казалі, у нас шмат лясоў, рэк і азёраў. Таму і на сённяшніх картах свету мы амаль заўсёды зялёныя. З блакітнымі ўкрапінамі — гэта нашы азёры. Іх у нас налічваецца каля 11 тысяч. Асабліва шмат азёраў на поўначы— іх пасля сябе пакінуў нам апошні ледавік, які раставаў якраз на нашай зямлі. Каля 10 працэнтаў нашай тэрыторыі займаюць азёры — блакітныя слёзы ледніка.
   А рэкі? Іх таксама шмат. Агульная даўжыня нашых рэк каля 50 тысяч кіламетраў. Значыць, імі мы маглі б аперазаць Зямлю па экватары. I яшчэ б засталося. Бо экватар мае крыху болей за 40 тысяч кіламетраў.
   Рэкі беларускія — розныя па даўжыні. Такія ж, як ва ўсім свеце. Да прыкладу, Свіслач мае даўжыню каля 300 кіламетраў— такую, як самыя доўгія рэкі Англіі. Свіслач, на якой размешчана сталіца Рэспублікі Беларусь Мінск, адпавядае даўжыні ракі Тэмзы, на якой размешчана сталіца Англіі Лондан. Рака Сена, на якой стаіць Парыж, праўда, на нейкую сотню кіламетраў даўжэйшая за нашу, Бярэзіну, але ж Барысаў, горад які жыве на ёй, хоць ён і не сталіца, добра ведаюць у Францыі.
   Дняпро цячэ з поўначы на поўдзень — ён чамусьці прытрымліваецца трыццатага мерыдыяна. А Прыпяць нясе свае воды з захаду на ўсход — і зноў жа, як прывязаная, далёка не адыходзіць ад 52-й паралелі. Дзвіна, якая пачынаецца ў Расіі (на картах там яе называюць Заходняй Дзвіною), упрыгожвае нашу Віцебшчыну, а Нёман, які крынічкаю прабіваецца на Стаўбцоўскай раўніне і ўпадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора, радуе не толькі нашу з вамі зямлю. З вялікіх нашых рэк толькі ён бярэ пачатак на радзіме, а таму падарожжа па Нёмане — гэта заўсёды падарожжа па Беларусі.
   Сож, Бярэзіна, Пціч, Ясельда, Друць, Гарынь, Бася, Вілія — рэкі меншыя, і таму, можа, даражэйшыя, цяплейшыя для душы. Яны ж зусім родныя, свае. Як і сама малая радзіма. Яны цякуць, здаецца, ля самага нашага сэрца. Ёсць і зусім крынічкі-ручайкі, толькі адно ўпамінанне пра якія змушае ўсхвалявана біцца нашы сэрцы.
   Нашы суседзі: на ўсходзе — Расія, на поўдні — Украіна, на поўначы — Літва і Латвія. на захадзе — Польшча.
   А там і Францыя непадалёку — ад Мінска да Парыжа ўсяго нейкія два сантыметры. На карце свету. З маштабам 1:130 000 000.
   Вось такая наша Беларусь. Вось такое шчаслівае, раскошнае месца на планеце, дзе жывуць беларусы. Такая зялёная плямка на карце свету, што выглядае то кляновым лістком, то магутным зубрам, якога, ужо паміраючага, чалавек збярог якраз у нашай Белавежскай пушчы.
   «Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? — задумваўся наш руплівы Мацей Бурачок, мудры абуджальнік свайго народа Францішак Багушэвіч. — Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...»
   А выдатная польская пісьменніца Марыя Канапніцкая, якая шчыра любіла беларускую зямлю і беларусаў, была ўпэўнена:
   «Тое, што там народзіцца калісьці паміж народам, — не будзе гэта Польшча, ні Літва — а Беларусь».
   I Янка Купала, нібы прадаўжаючы яе думкі, пісаў:
   «Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя, — мы беларусы, а Бацькаўшчына наша — Беларусь. Не мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю».
   Адна са шматлікіх нашых замежных турыстак неяк сказала пра нашу зямлю:
   «Беларусь з’яўляецца адзінай з вядомых мне краінаў, дзе неба займае найбольшую частку дасяжнага воку кругагляду».
   А доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Васіль Бернік, які разам са сваім вучнем Віктарам Берасневічам упершыню ў сусветнай практыцы стварыў тэорыю, якая прымяняецца пры рашэнні цэлага класа задач тэорыі лічбаў, прызнаўся: «Мне запомніўся плакат, што стаяў ля дарогі ў Аўстраліі: «Ганаруся тым, што я аўстраліец». Хачу, каб выраз «Ганаруся тым, што я беларус» таксама стаў дэвізам маіх суайчыннікаў».

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты