Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Баршчэўскі - Яснасць на небе

   Нечакана зыркае святло ўдарыла ў вакно і асвяціла пакой. Усе змоўклі, перапалоханыя гэтым раптоўным дзівам, пасля выскачылі з хаты, думаючы, што недзе ў суседзяў пажар. Убачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы. Доўга моўчкі стаялі і паглядалі мы на гэты дзіўны і страшны малюнак неба; нарэшце яснасць вогненнае ракі пачала цьмець і нікнуць у паветры; патухлі хмары, і сутонне зноў ахінула неба і зямлю.
   – Дай Божа, – сказаў дзядзька, вярнуўшыся ў хату, – каб гэты знак нам спрыяў. За сваё жыццё трэці раз бачу падобнае дзіва, і заўсёды ў той год, калі бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі.
   – Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, – сказаў пан Латышэвіч, – і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
   – Беднасць у нашым краі – не навіна, – сказаў Сівоха. – Прыйдзе вясна, і рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас заўсёды – знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.
   Сляпы Францішак уздыхнуў:
   – Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам – пілігрымка, а неба – напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго воля. Наша будучыня – у Яго руках.
   – Я чуў некалі такое апавяданне, – сказаў Сівоха. – Летам пасля захаду сонца перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы – німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё тыя людзі не ведалі нэндзы.
   – Чуў і я гэтую гісторыю,– сказаў Завальня. – На маю думку, праўдзівую і шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
   Агледзеліся ўсе – але Базыля ўжо ў пакоі не было.
   – Пэўна, заваліўся спаць, – абазваўся Сівоха, – бо я даўно заўважыў, што ён ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.
   – Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.
   Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.
   Патушаны агонь. Усе моцна спяць.

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Неба і зямля

Пераказы, дыктантыЯкое бывае неба?

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом