Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Баршчэўскі - Жабер-трава

   – Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.
   Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:
   – Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?
   Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:
   – Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.
   – Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.
   – Прыкладзі да скроні жабер-траву. У такія маладыя гады спадзе з вачэй сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.
   – Хачу мець гэтую траву.
   – Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? – спытаўся Шылка.
   – Скажы, дзе расце – дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.
   – Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад вады, нібы шчогла, рыбакі зрабілі гэты знак на возеры, каб ніхто блізка гэтага месца не лавіў рыбу, бо заўсёды пасля нерат парэзаны, нібыта нажом.
   Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх – ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.
   Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.
   Заўтра, калі воблакі не схаваюць сонца і возера будзе спакойнае, як шыба, у самую спякоту (дапільнуй гэтую хвіліну) зайдзі ў возера і ідзі пад вадою да самага Фаронавага прытулку: ён будзе спаць, абапёршыся на камень, а адкрытая жабер-трава – свяціцца на сонцы. Сарві лісцік, але не вяртайся назад, бо трэба перайсці ўсё возера. На другім баку, прыклаўшы жабер-траву да скроні, хутка ўбачыш дзівы і даведаешся сваю прышласць.
   – Ці ж я рыба, – сказаў Адольф, – каб здолеў перайсці пад вадою ўсё возера?
   – Трымай вось гэта ў роце, і нічога благога з табою не будзе.
   Кажучы так, Шылка даў яму кавалачак нейкае кары.
   Паўдня. Адольф усе глыбей заходзіў у ваду, нарэшце схаваўся зусім. Праходзячы там, дзе жывуць нямыя і халодныя стварэнні, ён страчаў дзіўных стогаловых і станогіх празрыстых істотаў, якія прачыналіся ад здранцвення, узнімалі плечы і зноў засыналі на дне. Калі падышоў да месца, убачыў жабер-траву. Як крышталь на сонцы, адбівалі яе лісцікі яркае святло, а дух Фарон, схаваўшыся ў зеляніне і абапёршыся на камень, адпачываў, нагадваючы вялізны куст багавіння. Над ім і над жабер-травою мітусіліся тысячы вадзяных істотаў. Адольф сарваў лісцік і, не будзячы духа, пакінуў гэтае месца і пайшоў далей.
   Выбраўшыся з вады, дыхнуў на поўныя грудзі, выйшаў на другі бераг возера, адпачыў на зялёнай лугавіне і, прылажыўшы да скроні халодны лісцік жабер-травы, умомант адчуў у сабе перамены: перад яго вачыма з’явіліся зусім іншыя краявіды.
   Там, на пагорку, сярод бярэзін стаяў мураваны касцёлік, – а цяпер ад дрэў тых толькі пянькі тырчаць з зямлі, касцёл у руінах, без дзвярэй і даху. Дзе была вёска – цяпер пустка, дзве толькі засталіся старыя грушы, якія нядаўна ён бачыў у садзе. Тут жа, ля яго, некалі каласілася буйное жыта – цяпер тая ніва пакрыта дзікаю травою, быццам некалькі гадоў не бачыла ратая.
   Трывога агарнула яго сэрца; адышоўся ад возера і пайшоў далей аглядаць тую ваколіцу, якую колькі дзён таму перамераў нагамі са стрэльбаю за плячыма, і ўсюды бачыў вялікія перамены.
   Зайшоў далёка, забыўся, якой дарогаю вяртацца, а сонца ўжо нізка. Ідучы хуткай ступою, пазіраў, ці не сустрэнецца дзе чалавечае жытло, каб адпачыць, пераначаваць ды распытаць, у які край заблукаў.
   Калі дзень ужо патух і густы змрок лёг на лагі, Адольф падышоў да зусім незнаёмае вёскі. Каля аднаго дома грала музыка, скрыпач і дудар выціналі вясёлы танец, а некалькі маладзёнаў скакалі на вольным паветры.
   Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:
   – Ці не сорам ім скакаць? – сказаў першы. – Цяпер такія цяжкія часіны! Усюды нястача.
   – Думаеш, яны маюць душу? – кажа другі. – Кажуць часам добра, а робяць зусім інакш, не разумеюць, што гэта кара Божая.
   Сустрэча гэтая так уразіла Адольфа, што ён не мог ім і слова сказаць. Хутчэй пакінуў гэтую мясціну, абмінуў усе хаты і заначаваў у карчме пры вёсцы.
   На ўзыходзе сонца ён падрыхтаваўся да падарожжа, паведаміў гаспадару, дзе жыве, і запытаўся ў яго, якою дарогаю трэба яму вяртацца дадому.
   – Першы раз чую пра гэты край, – адказаў той, – відаць, пан жыве дзесьці далёка ад нас.
   Здзіўлены Адольф пачаў распытваць вяскоўцаў і ад усіх чуў тое самае, што ўжо паведаміў яму карчмар. Тады падрыхтаваўся да далёкага падарожжа: купіў на некалькі дзён ежы і з кульбакаю за плячыма пайшоў далей, кіруючыся на поўдзень.
   Тым часам надвор’е перамянілася. Загрымела ў небе, і Адольф убачыў чорныя хмары, падзьмуў вецер; не бачачы блізка ля дарогі чалавечага жытла, ён паспяшаўся ў лясны гушчар, каб хоць пад шатамі ялін схавацца ад залевы.
   Бачыць там нейкага старога. Сядзеў ён на спарахнелым пні, угары шумелі хвоі, а на галаве яго вецер кудлаціў белыя валасы. Падышоў бліжэй і, угледзеўшыся добра, пазнаў цыгана Шылку. Стары падняўся і, кланяючыся, сказаў:
   – Дзень добры, пане Адольф!
   – Ах! Гэта ты, Шылка! Ледзь пазнаў цябе. Чаму ты так хутка пастарэў?
   Колькі дзён таму назад бачыў цябе, дык не меў ты яшчэ сівізны на галаве, а цяпер – валасы як малако.
   – Не, пане Адольф, не колькі дзён таму. Ужо мінула больш за дзесяць гадоў, як ты мяне бачыў. Скажы, паніч, куды ідзеш?
   – Не ведаю, дзе мой дом, дзе я цяпер, куды выведзе гэтая дарога, і неба хаваецца за хмары, і навальніца над галавою.
   – Не хутка будзе такое добрае надвор’е, якое было тады, як я апавядаў табе пра жабер-траву і пра духа Фарона. Панскі дом далёка, знаёмыя і прыяцелі ўжо рэдка ўспамінаюць тваё імя, мяркуюць, што даўно развітаўся ты з гэтым светам.
   – Скажы ж мне, Шылка, якою дарогаю ісці мне дахаты?
   – Ідучы праз гэты дзікі лес, убачыш тры дарогі. Злева і справа – шырокія шляхі, а між імі – вузкая і ўтравелая сцежка, што ідзе праз камяністае поле і цёмныя пушчы. Не бойся ісці далей па гэтай вузкай сцежцы, не глядзі на шырокія дарогі злева і справа. Раскажу, што сустракаюць людзі, якія едуць і ідуць туды, каб падарожнічаць з выгодамі.
   Леваруч цудоўныя малюнкі чаруюць вока. Зелянеюць пагоркі, на дрэвах даспявае салодкая садавіна, лугі раскашуюць духмянымі краскамі, азёры спакойныя і ясныя, як люстэркі, у вадзе люструюцца воблакі і дрэвы, што растуць на беразе, звіняць крыніцы, чыстыя, як крышталь, і гамоніць ад подыху лагоднага ветрыку лістота ў пекных гаях.
   Але там на лугах і ў гаях гуляюць русалкі, на галовах у іх пекныя вянкі з валошак, вусны іх каралавыя, вочы ясныя, доўгія валасы падаюць на плечы, яны ветліва страчаюць вандроўнікаў. Адны з іх – легкадумныя, заўсёды вясёлыя, скачуць і спяваюць, вабяць да сябе, смешаць жартоўнаю гаворкаю, завабліваюць у цёмныя лясы; заблукаўшы там, няшчасны падарожны ніколі не выйдзе на дарогу. Іншыя – маркотныя, у вачах меланхолія, словы іхнія хвалююць, пяшчотныя песні раняць сэрца, як страла, акунаюць думкі ў смутак і, давёўшы гэтымі чарамі да роспачы, уцякаюць прэч.
   Праваруч – высокія горы, а на іх – велічныя замкі, там шмат золата і срэбра, гаспадары гэтых гмахаў пагарджаюць беднасцю і пакутамі, але і самі пакутуюць, бо апоўначы ў іх салонах скачуць шкілеты, мучачы лютым страхам і гасячы ўвесь бляск велічы.
   Дык бывай, пане, не магу я ісці з табою, бо кіруюся ў супрацьлеглы бок.
   Сказаўшы гэта, Шылка закінуў за плечы кульбаку і пайшоў павольнаю ступою.
   Адольф заходзіць у лес. Дзень быў хмурны, вецер шумеў у густых галінах; юнак задумліва ўспамінаў мінулае, якое здавалася яму ўчарашнім днём. Выняў лісцік жабер-травы, які нёс з сабою загорнуты ў паперу, падзівіўся з незразумелае яго сілы, пашкадаваў, што адважыўся ісці ў падводную краіну да духа Фарона, убачыў, да чаго давяло яго жаданне ведаць будучыню, схаваў зноў свой лісцік, уздыхнуў і пайшоў далей.
   Прыйшоў на тое месца, пра якое апавядаў Шылка, і, не глянуўшы на дзве шырокія дарогі справа і злева, пайшоў вузкаю сцежкаю праз камяністыя палі і цёмныя пушчы.
   Ішоў самотны, не меў каму і слова сказаць. Рэдкі чалавек насмеліцца ісці праз гэтае месца; бачыць толькі, як перапалоханы дзікі звер хаваецца ў гушчары, чуе толькі стук дзятлаў на сухіх хваінах і крыкі соек.
   Прыйшоў вечар. Змардаваны дзённым падарожжам, Адольф прылёг на пагорку і, паклаўшы галаву на камень, заснуў. Спаў моцна, але нядоўга; ледзь заранка ўзышла на небе, заспяшаўся, каб дзе-небудзь напаткаць чалавечую хаціну і пераначаваць пад страхою.
   Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета – высокага росту, у белай сукні, твар заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі.

……………………………………………………………………………………………………

   Заспяваў певень.
   – Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, – сказаў дзядзька. – Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас пацешыць?
   Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.
   Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:
   – Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!
   – Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой. Такое рабіць няварта, – сказаў Базыль. – Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я – цыган, маю адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.
   Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і гумору.
   – Базыль, як я заўважыў, – сказаў Сівоха, – чалавек чуллівы, яго кранае кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
   – Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.
   Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:
   – Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле нам ураджай і шчаслівыя дні.

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Рада

Пераказы, дыктантыТрава

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях