Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Язэп Пушча - Сады вятроў

   У паэме «Сады вятроў» (1930) Язэп Пушча спрабуе «раскрыць» сваю пазіцыю, глыбінна выказаць сваё канцэптуальнае разуменне жыцця і паэзіі вуснамі паэта-рамантыка Грыміцкага, які з'яўляецца вобразным увасабленнем фігуры самога аўтара. Яго літаратурныя перакананні — гэта і адказ «пільным» крытыкам паэта. Грыміцкі абвяшчае:

Творы — помнікі эпохі,
Не раз'есць іх часу горкасць.
Свету крыкам не спалохаць;
Найвялікшы бунт ёсць творчасць!


   Ён ставіць перад творчасцю глабальныя агульнажыццёвыя задачы, паэтычнае ажыццяўленне якіх павінна раскрыць сутнасць часу і існавання свету:

Люблю сады вятроў увосень:
Яны мне навяваюць спеў.
Шумець мне з імі давялося
Ў кожным вершы нараспеў.
У іхнім шуме вуха ловіць
Гарматны гул і зрух зямны;
У іхнім шуме звоняць словы
На радасць беднае сям'і;
У іхнім шуме — гнеў паўстання,
Імчанне ў полі цягніка,
Агні юнацкага кахання
I помсты чорная рука.


   Пушча стварыў вобраз антыпода Грыміцкага — празаіка Мярохі, які па-лакейску служыць афіцыйным патрабаванням чыноўнікаў. Мяроха ўгаворвае Грыміцкага змяніць пазіцыю:

Напішуць і партрэт алеем
У маладыя шчэ гады.

Грыміцкі пытаўся ў Мярохі:
Схаваў няйначай адчуванні
У свой пакоўны ты жывот?


   У сваю чаргу Мяроха адказвае пытаннем:

Няўжо вялікая прыемнасць,
Калі ўпікаюць кожны дзень?


   I аргументуе свой разрыў з Грыміцкім:

З табой мне сорамна, мой сокал,
Калі страчае часам хто
З асоб, пастаўленых высока,
Якія цэняць хараство...


   Галоўны герой паэмы паэт Грыміцкі ў першай частцы, якая пачынаецца з «Уверцюры» і пераходзіць у «З пралогу на плошчы», праходзіць чысцілішча думкай народнай, народным вечам, якое падтрымлівае паэта і ў якім удзельнічаюць Суддзя і Крытык. Паэт адказвае на запытанне прысутных пра мэты і задачы мастацтва, адстойвае свае эстэтычныя прынцыпы, сярод якіх галоўныя наватарства («Усіх правяду ў Сады Пуцінай нехаджалай»), адмаўленне старога («Каля старых баляс Хай моляцца паэты»), тварэнне новага («Нам новае тварыць Напісана ад роду»), бунтоўнасць і непакорлівасць, адчуванне сучаснасці («Я сабой — увесь сучаснасць»). Паэт выходзіць на народ з душой, адкрытай ветру грамадска-сацыяльных перамен, якія называе не толькі агульна, цьмяна-сімвалічна («Перад намі дзень шырокі Будзе ў сонечным світанні»; «Зор агні гараць над аркай»; «Ясны дзень мой мужна крочыць», «Перад сонечным парогам Рукі гневу не камечаць»), але і даволі выразна, канкрэтна. Ён верыць у шчаслівыя перамены і ідэалы сацыялізма: «На зарослых колісь сцежках Высім фабрыкі, палацы»; «I той час, пару такую Будуць зваць сацыялізмам».
   Другая частка паэмы таксама пачынаецца з «Уверцюры», пераходзіць у раздзел «Спатканне з Марохам» і больш шматгранна тлумачыць тэму мастацкай творчасці. Менавіта ў гэтай частцы і набывае сімвалічнае значэнне вобраз колішняга блокаўскага сада — знака сапраўднай паэзіі, натхнення, якое непадуладна нейкай прымусовай сіле, з'яўляецца гарантам сапраўднай творчасці. Калі ў першым раздзеле паэмы праблема мастацтва вырашаецца ў сацыяльным плане, дык у другім яна пераводзіцца ў агульна-філасофскі і маральны планы. Тут спрэчка пра сутнасць прыгожага, яго нараджэнне і функцыянальнасць вядзецца не паміж паэтам Грыміцкім і народам, які ўспрымае яго, лічыць сваім, далучае да сваёй апантанасці і веры ў перамогу новых ідэй, а паміж Грыміцкім і яго апанентам празаікам Мярохай — колішнім сябрам, чалавекам досыць меркантыльным, спрактыкаваным, не адчуваючым розніцы паміж патрэбным (утылітарным) і ўзнёслым, прыгожым:

 

Сказаў я так да слова толькі;
Я захапленнем не жыву.
Парваў яго гнілыя столкі
І выкінуў, бы лісцяў жмут.
Глядзець наўчыўся я цвяроза,
I прад вачмі прайшла карысць.
Не зблышыў мне мой светлы розум
Цяпер, як і раней калісць.
Карысць, карысць ва ўсім — мой лозунг...


   Грыміцкі ж — увесь у натхненні, змагаецца за права мастака быць летуценнікам, рамантыкам, стваральнікам свайго цудоўнага сада вятроў, сваёй перасатвараючай рэчаіснасць манеры пісьма. Для яго вузкі практыцызм і карыслівасць Мярохі непрыймальныя: «Схадзі ў сады вятроў, Мяроха, Там жоўтыя лісты лятуць. Схадзі, празаік мой не крохкі, I памаліся хараству»; «Ад захаплення смачна рохкай I падфабай у гной лісты. А я пуцінай нехаджалай Пайду з людзьмі ў сады вятроў». Менавіта ў гэтым раздзеле як бы запаўняецца ранейшая, выказаная ў першым раздзеле пазіцыя. Побач з сацыяльнай значнасцю ставіцца эстэтычная вартасць мастацтва.

Похожие статьи:

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - На возеры

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніца

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Сяўба

БиографииЯзэп Пушча