Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Белавежская пушча

   ...З даўніх, вельмі даўніх часоў Пушча была аплотам нашых продкаў, надзейным прытулкам у цяжкія гады. Яна карміла і паіла, гартавала мужнасць і сілу людзей.
   А зубр – слава і галоўная прыкмета Пушчы – можа вываліць рагамі частакол з бярвенняў, дагнаць на лясной дарозе матацыкл. Толькі ён рэдка гэта робіць. Зубр, як кожны, хто мае праўдзівую сілу, рахманы і добры звер. Праўда, ёсць адно правіла. Не чапай яго.
   «Раз ў Пушчы гаспадар, то няма чаго вам да мяне лезці. Вы – толькі людзі. А я памятаю яшчэ бойкі з мамантамі. Я люблю пахучую траву зуброўку, у мяне прыгожыя плюшавыя цяляты. І даражэй за ўсё мне чыстая вада, чыстае паветра і свабода. У любові да яе я ваш брат...»
   А вось людзі часам павінны былі крыўдзіць зуброў. Не па сваёй віне. Калі ў 1410 годзе смяротная небяспека навісла над славянскім светам – прыйшлі крыжаносцы, – толькі Пушча забяспечыла сто шэсцьдзесят тры тысячы славянскіх воінаў мясам.
   Але Пушча заўсёды была крэпасцю на мяжы. Вось чырвоная вежа непадалёк ад яе. А раней была белая, з акораных бярвенняў. Адсюль і назва.
   На шчасце, часы мяняюцца. Мы пачынаем разумець несправядлівасць і тую крыўду, якую стагоддзямі наносілі Пушчы.
   Усё тут было. Каралеўскія і царскія паляванні, браканьеры, масавыя высечкі лесу іншаземнымі фірмамі, грабежніцтва акупантаў. Цяпер тут запаведна-паляўнічая гаспадарка. Высякаюць толькі нязначную частку таго лесу, што нарастае за год. Рэдкіх звяроў берагуць. Стрэл у Пушчы – падзея. Непрыемная для таго, хто страляе.
   І вось чалавек сее канюшыну і авёс, садзіць бульбу, каб узімку – калі такія халодныя дні і ночы, калі зубрам, аленям, дзікам, усім жыхарам Пушчы хоць з голаду памры – сюды пацягнуліся сцежкамі сані з кормам. Дзікі ідуць за імі і на хаду чамкаюць, падбіраюць бульбу. Зубры і алені прыходзяць да кармушак і жуюць сена, што пахне летам. А побач вялікія кавалкі солі, што так смачна лізаць. І гэта азначае – выжыць. Усім. Аж да лета.
   А там можна зноў грэцца на тым сонечным дзіве, што завецца Палянай, дзе столькі кветак, дзе, як жывыя кветкі, лётаюць матылі. Можна нязлосна дужацца з братамі, хадзіць усім нямеранымі сцежкамі Пушчы. Піць на світанні з вадаёмаў і чуйна слухаць, як падаюць з пысы ружовыя ад сонца кроплі.
   «Вось некалькі нашых партрэтаў. Скажыце, хіба мы не цудоўны, не добры народ?»
   «А мы, галінастыя алені, у гэтым ранішнім туманным лесе? У пары, якая плыве наўскос па сонечных праменнях? Хто скажа, што мы не самыя гожыя? І ўлічыце, за нас заступіцца не толькі Чалавек, але і наш высакародны брат Зубр».
   «А мы, ласі, трымаемся на поўначы Пушчы. Сярод рыжых дубоў, белых бярэзнікаў, мокрых паплавоў. Мы таксама не абы-хто. Мы таксама гаспадары Пушчы побач з зубрамі».
   «А мы, дзяўчаткі і хлопчыкі, не хто-небудзь, а дзікі. Вось там, здалёк, маці. Тут, бліжэй, бацька. А побач чацвёра зусім яшчэ неразумных паласацікаў. Дзеці. Нічога, хутка палосы ў іх знікнуць, вырасце бурая шчэць і іклы. Зробяцца яны магутнымі звярамі. Будуць рабіць набегі на бульбяныя гароды. А страляць у нас нельга. Можна толькі развешаць бляшанкі, каб палохалі звонам. Вось».
   Ох, як звініць Белавежа спевамі! Вучоныя абмеркавалі і вырашылі, што белавежскія салаўі самыя галасістыя і багатыя на спевы ў цэлым свеце. Самыя-самыя! А тут яшчэ больш за дзвесце відаў птушак. Уяўляеце, што такое веснавы белавежскі канцэрт?!
   Не ва ўсіх, праўда, ёсць голас. Гівал заліваецца ў свісток з вадой, а цецярук балбоча. Шпак можа пераймаць галасы іншых птушак, а можа і паказаць, як пільшчыкі пілуюць тупой пілой дровы. Вялізная сава-няясыць вухкае, аж мароз па скуры, а чорны бусел, ледзь не самая таямнічая птушка свету, увогуле маўчыць, зашыўшыся ў самыя глухія нетры. Але ж гэтак і сярод людзей бывае.
   І таму, дзеці, мы і любім так усё жывое ў Пушчы.
   Як людзей. Як саміх сябе.

Похожие статьи:

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Сяўба

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - На возеры

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніца

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...

БиографииЯзэп Пушча