Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - У зімовым садку

   Улетку ехаў я на веласіпедзе і знайшоў снапок ільну на дарозе. Мусіць, перавозілі, дык згубіўся. Узяў яго ў рукі – важкі такі, з буйнымі неабмалочанымі галоўкамі, якія моцна шамацелі на тонкіх сцяблінках.
   Снапок быў мне не патрэбен. Але і пакінуць яго на дарозе было неяк шкада. Усё ж клапатлівыя рукі сеялі і расцілі лён.
   Прывязаў я снапок да багажніка і паехаў далей. Дома закінуў яго на гарышча, каб пад рукамі не замінаў.
   Неяк зімою палез на гарышча і натрапіў на гэты снапок. А давай, думаю, яго ў садку пастаўлю, мо спатрэбіцца каму.
   Назаўтра адхінаю раптам фіранку на акне, а на маім снапку тры сінічкі сядзяць і семем ласуюцца. А дзве другія па белых вішаньках скачуць. «Цвінь-цвінь-цвінь!» – тоненька звіняць у заснежаным садку.
   Неўзабаве жаўтагрудыя аўсянкі завіталі. «Ціт, ціт, ціт!» – загучалі ў садку і іх галасы. Праз нейкі час аднекуль з’явіліся прыгожыя зелянушкі. «Юррр! Юррр!» – новыя гукі ўліліся ў птушыны гоман.
   Услед за зелянушкамі прыляцелі чырванагрудыя снегіры. Паважныя такія, ганарлівыя. Праўда, снегіры – птушкі маўклівыя. Але ж затое якія прыгожыя! Пасядуць на снапок – увесь чырвоны зробіцца, быццам навагодняя ёлка лямпачкі запаліла.
   Потым з’явіліся чачоткі з вераб’ямі. «Чэ-чэ-чэ! Жыў-жыў-жыў!» – падалі і яны аб сабе вестку.
   А аднойчы нават дзяцел завітаў. Лясны доктар старанна агледзеў у садку дрэўцы, потым узяў з кармушкі гарбузовую семачку і паляцеў з ёю ў лес.
   Вось які вясёлы снапок аказаўся. Зіма, халадэча, усё навокал глыбокім снегам завалена. А мой садок увесь стракаціць рознымі птушкамі, гамоніць вясёлымі галасамі. Быццам сярод зімы ў яго вясна завітала.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")