Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - Бабіна лета

   Другі тыдзень запар ідзе дождж. Цярушыць і цярушыць, быццам праз сіта. А то часам і ветрам пацягне, ды такім халодным, што пальцы пачынаюць дубець. Здаецца, яшчэ тыдзень-другі – і на змену дажджу пасыплецца снег, ляжа на зямлю мяккім пухам.
   Але зусім нечакана дождж перастаў ісці. Выбліснула сонейка. І ўсё навокал ажыло і павесялела...
   Дні стаяць ціхія, сонечныя, поўныя мяккай задуменнасці і хараства. У паветры плавае павуцінне. Тонкія серабрыстыя валаконцы асядаюць на зямлю, чапляюцца за хмызы, платы, быльнёг. Зямля набывае матава-белы колер, а валаконцы ўсё ткуцца. Паглядзіш у бязмежнае блакітнае асенняе неба і раптам падасца, быццам вось-вось з яго зараз сыпануцца на зямлю чароўныя песні палявых жаваранкаў.
   «Бабіна лета настала», – з замілаваннем кажуць у народзе аб гэтай пары восені.
   Адчуўшы цяпло, ажываюць шматлікія заснуўшыя было на зіму насякомыя. Зноў з’яўляюцца стракатыя матылькі, мітусяцца ля чыстых люстраных лужын на лясных дарогах хуткакрылыя стракозы, вылазяць з хадоў-лабірынтаў пагрэцца на сонейку лясныя мурашкі. А часам нават прагудзе над адзінокай кветкай калматы чмель, забалбоча на ўзлессі цецярук-касач.
   Нішто жывое не траціць цяпер дарэмна гэтых апошніх залатых дзянькоў. Хто прадбачліва назапашвае на зіму кармы, хто спяшаецца цёплае жыллё ўладкаваць, хто проста жыруе, набіраецца сілы.
   Большасць птушак ужо адляцела. Ранкамі ў асеннім небе можна пачуць толькі трубныя галасы апошніх журавоў. Гэтае журботнае курлыканне крылатых вандроўнікаў нельга слухаць без хвалявання. І наўрад ці знойдзецца чалавек, які, пачуўшы гэтыя развітальныя крыкі ў небе, не падыме галавы, не праводзіць журавоў доўгім позіркам.
   Але кароткія яны, гэтыя залатыя дзянькі бабінага лета. Глядзіш – зноў схавалася за хмары сонца, падзьмулі вятры, зачасцілі дажджы. І зноў пахаваліся кудысьці падманутыя цяплом усялякія кузуркі, стракозы, мурашкі. У лесе стала ціха і няўтульна.
   Бывай, залатая восень!

 

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Лета

Пераказы, дыктантыШчаслівая ўсмешка лета

Якуб КоласЯкуб Колас - Лета

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...

Пераказы, дыктантыЛетам у бары