Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ранняя птушка

   Блакітна-зялёнае неба на ўсходзе скрозь пакрэмзана аранжавымі рыскамі, якія к гарызонту паступова зліваюцца ў суцэльны чырвоны колер зары. Ствалы дрэў на фоне гэтага маляўнічага неба здаюцца чорнымі палоскамі паперы, што наклеены на каляровай фальзе.
   На макаўцы высокага заінелага дрэва шэрая варона сядзіць.
   Марозна. Пер’е на птушцы натапыранае. Таму яна здаецца нейкай пульхнай, прывабнай.
   Варона сядзіць нерухома, думаючы аб чымсьці сваім.
   Відаць, усхода сонца чакае. Але тут жа лаўлю сябе на думцы: чаму ж тады яна не на ўсход глядзіць, дзе ранішняя зара так вока лашчыць, а на поўнач? Цяпло ж і жаданая вясна таксама не з таго боку прыходзяць.
   Ах, вось яно што. I як гэта я адразу не ўцяміў? Ды гэта ж там у птушкі радзіма знаходзіцца, дзе яна нарадзілася і вырасла.
   Мілыя нашаму сэрцу лясы, палі і лугі для яе непрыветная чужына, яна тут часова халодную зіму бавіць. А там, на поўначы, магчыма, на той жа лясной ды балотнай Валагодчыне альбо Архангелынчыне, якія паўночнымі вятрамі абдзімаюцца, для птушкі ўсё такое знаёмае і роднае. Дзе кожны кусцік, ціхмяны раўчучок з хвоей-волатам над ім, марошкавае балотца альбо светлы ўзлесак цешыць вока. Вось яна яшчэ з прыцемкамі і ўзнялася на самае вышэйшае дрэва, каб хоць вокам кінуць у той бок, дзе знаходзіцца для яе гэта жаданая зямелька.
   З-за гарызонта выглянула сонца. Узнялося яно над белымі абшарамі заваленых снегам палёў і лясоў і ласкава заўсміхалася ўсяму жывому на зямлі.
   – Кар-ррр! Кар-ррр! – гучна пракрычала варона.
   I я зразумеў птушку па-свойму, па-чалавечаму: ну вось, яшчэ адна халодная ноч прайшла. На заечы скок стала бліжэй да жаданай вясны. А гэта значыць і да яе таго роднага куточка.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік