Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Малінаўка

   У маладым хвойнічку, які густой шчоткай тапырыцца пад старымі разлапістымі хвоямі, пахне адталай зямлёю і леташнімі шышкамі.
   На адкрытым месцы – на полі ці на лузе – ужо світае. А тут, у лясным гушчары, цемень-цеменню, хоць вока выкалі.
   Між тым веснавы лес паволі абуджаецца. Вось дзесьці побач нешта варухнулася. Гэта, відаць, шэры дрозд прачнуўся. Спрасонку пацягнуўся і гайдануў галінку. Шчоўкнуў сухі ліст, якім мышка-нарушка на дзень сваю адтуліну-схованку закрыла. Ціха рыпнула соннае дрэва, таксама прачнулася.
   Нечакана над галавой уверсе пачуўся першы гук. Такі светлы, празрысты. Здавалася, быццам крышталінка сарвалася з вершаліны хвоі.
   Гэта заспявала лясная малінаўка. Непадалёку – азвалася другая такая ж пяюха, трэцяя. Неўзабаве спяваў увесь хвойнік.
   У прасвеце густой хвоі заружавелі кавалачкі неба. Мяккай пазалотай засвяціўся ўверсе ствол векавой хвоі.
   Узышло веснавое сонейка.
   Птушкі сустрэлі ў верхавінах дрэў усход сонца і зараз жа спусціліся ўніз, каб ужо тут, у густым зарасніку падлеска, даспяваць свае хвалюючыя песні.
   А вось і мая пяюха. Птушачка зусім блізка і бязгучна пачынае кружыцца вакол мяне. Вочы ў яе чорныя, вялікія. Спінка і крыльцы пясчана-шэрыя, грудка цагляна-чырвонага колеру. Быццам на ёй яркая ранішняя зара адбілася. Нездарма ж мой стары знаёмы ляснік Зміцер інакш малінавак не заве як зоркамі.
   Шмат вясною малінавак спявае ў нашых беларускіх лясах. Усюды – у старым і маладым лесе, на ўзлессі, у балоце, нават у зарасніку альхі з вербалозам – можна пачуць іх мілую сэрцу песню. Песню празрыстую, як крынічны ручаёк, маляўнічую, як ранішнія веснавыя заранкі.
   Калі вы пажадаеце пабачыць гэту цудоўную веснавую пяюху і пачуць яе чароўны спеў, то прыходзьце ў лес на досвітку альбо на захадзе сонца. Днём жа, нават у самыя пагодлівыя ціхія дні, калі ўсё жывое наўкол весяліцца і гамоніць на розныя галасы, яе не пачуеце.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік